«Усе гэтыя IT-курсы – не больш як выкачка грошаў». Пачытайце гісторыю 52-гадовага мінчука, які хацеў стаць праграмістам

«Усе гэтыя IT-курсы – не больш як выкачка грошаў». Пачытайце гісторыю 52-гадовага мінчука, які хацеў ста...
Аляксею (імя зменена па просьбе героя) 52 гады. Жадаючы патрапіць у IT, ён скончыў двое курсаў і нават украінскі універсітэт. Але знайсці працу не атрымоўваецца – і мужчына лічыць, што гэта менавіта з-за ўзросту. А яшчэ кажа, што ўсе сучасныя IT-курсы – не больш як выкачка грошаў. Пачытайце яго гісторыю.

Аляксею (імя зменена па просьбе героя) 52 гады. Жадаючы патрапіць у IT, ён скончыў двое курсаў і нават украінскі універсітэт. Але знайсці працу не атрымоўваецца – і мужчына лічыць, што гэта менавіта з-за ўзросту. А яшчэ кажа, што ўсе сучасныя IT-курсы – не больш як выкачка грошаў. Пачытайце яго гісторыю.

Перадгісторыя

На Аляксея мы звярнулі ўвагу пасля таго, як ён напісаў пост у LinkedIn, ў якім прызнаўся, што стаміўся шукаць працу ў IT, і перадаваў прывітанне «усім 20-гадовым HR-кам».

«Стаміўся. Вучобе аддадзены апошнія 7 гадоў. Другая вышэйшая, курсы, праекты. Кейс афіцыйна завершаны – знайсці працу праграмістам у Беларусі ў 50+ немагчыма. Больш працу ў ІТ не шукаю. Усім, хто шукае маладых і перспектыўных, жадаю паспрабаваць памяняць сваё жыццё пасьля 50. 20-гадовым HR-ам асаблівае прывітанне. Сям’я хоча есці».

Мы вырашылі паразмаўляць з Аляксеем і даведацца падрабязней, што не так з беларускім IT і чаму так скаладана трапіць у гэтую сферу.

Адукацыя: праграмаваннем захапляўся, але тады яшчэ ніякіх курсаў не было

– Паводле адукацыі я інжынер-механік. У 1993 годзе скончыў БНТУ (у тыя часы гэта была Беларуская дзяржаўная палітэхнічная акадэмія). І захапляўся праграмаваннем яшчэ тады, калі гэта не было мэйнстрымам, то бок напрыканцы 1980-х гадоў, – расказвае Аляксей. – Але ў той час, на жаль, не было такіх магчымасцяў, як зараз – ні табе курсаў, ні якога-небудзь іншага навучання.

Яшчэ падчас вучобы я самастойна навучыўся праграмаваць на калькулятары (ён ў мяне і дагэтуль ёсць), што вельмі мне дапамагала, калі трэба было вялікія масівы інфармацыі праганяць праз пэўныя формулы і рабіць візуалізацыю дадзеных. І пакуль мае аднагрупнікі рабілі гэта ўручную, я хутка спраўляўся дзякуючы праграме ў калькулятары.

Той самы калькулятар, на якім Аляксей вучыўся праграмаваць у канцы 1980-х гадоў.

Праца: дапрацаваўся да галоўнага інжынера, але не маглі атэставаць

Пасля ўніверсітэта я пяць гадоў працаваў у пажарнай службе. У сферы маёй адказнасці была спраўнасць тэхнікі мінскага гарнізона – то бок усе пажарныя машыны. І сваім дасягненнем лічу тое, што падчас маёй працы не было спісана ніводнай адзінкі тэхнікі.

Потым Аляксей працаваў яшчэ ў іншай фірме па абслугоўванні аўтамабіляў, але зараз прызнаецца, што гэта было яму не вельмі цікава. Таму праз нейкі час мужчына сышоў у грамадскую дзейнасць.

– Але пазней у мяне з’явілася сям’я, а разам з ёй і неабходнасць зарабляць грошы. І тады я пачаў з нуля працаваць мантажнікам пажарных сігналізацый і відэаназірання. За 10 гадоў дапрацаваўся да галоўнага інжынера праекта. Хаця, здавалася б, гэта сфера зусім не па маёй спецыяльнасці – але ж вывучыўся, прычым адразу на практыцы.

Але паколькі ў Аляксея адукацыя не адпаведная, а ўмовы атэстацыі памяняліся, то яго проста не маглі атэставаць на высокую пасаду. Таму з гэтага месца працы прыйшлося сысці.

Курсы: працаваць пасля іх немагчыма

Недзе ў 2015 годзе (ці нават раней) Аляксей вырашыў, што наканец варта заняцца тым, што сапраўды цікавіць. І проста сам для сябе скончыў курсы пры Акадэміі Belhard па мове Сі: «Але нашыя курсы не скіраваны на тое, каб навучыць чалавека будаваць канечны прадукт».

– То бок працаваць пасля такіх курсаў немагчыма. Выпускнікі не запатрабаваныя як спецыялісты. На мой погляд, усё гэтае навучанне накіравана на тое, каб на гэтай вось хвалі папулярнасці IT проста зарабіць паболей грошаў, – дадае Аляксей. – Я дапускаю, што для маладых людзей яны можа і даюць якія магчымасці, але няма пэўнага алгарытму, як атрыманую інфармацыю ператварыць у магчымасць рабіць прадукт.

Вышэйшая адукацыя: дзяржкантроль разграміў праграму навучання ў замежным універсітэце

– Калі памятаеце, у 2016 годзе была справа пра беларускіх праграмістаў, калі быў разгромлены Інстытут матэматыкі і кібернэтыкі. Гэта якраз тая праграма, на якой я вучыўся, – успамінае Аляксей. – Ідэя там была такая, што людзі атрымліваюць вышэйшую адукацыю на базе замежнага (у нашым выпадку ўкраінскага) універсітэта, пры гэтым навучанне адбываецца ў Беларусі і па-беларуску, а іспыты здаюць ва ўніверсітэце.

Так Аляксей паспеў правучыцца 1,5 гады. Пасля таго, як Камітэт дзяржкантролю западозрыў арганізатараў у злачынстве (прысваенні грошаў), праграму прыйшлося закрыць. Праўда, потым і справу закрылі, бо не знайшлі якіх-небудзь доказаў, але навучанне пасля гэтага ўжо не аднавілася.

Праўда, скончыць навучанне ўсё ж давялося. Адміністрацыя ўніверсітэта прапанавала завочна-дыстанцыйны варыянт вучобы ў самім універсітэце – з сесіямі ва ўкраінскім Роўне. Каштавала гэта на той момант 600$ у год.

– На мой погляд, нашыя спецыялісты навучалі нас лепш. Менавіта яны закалалі той грунтоўны падмурак для мяне як распрацоўшчыка, – дадае Аляксей. – Украінскія выкладчыкі нейкіх грунтоўных ведаў не давалі.

І нават пасля атрымання дыпломаў бакалаўра інфарматыкі (у 2019 годзе) ніхто з нас, студэнтаў, не быў гатовы выдаваць гатовы прадукт у якасці праграміста.

Курсы пры ПВТ: знайсці працу сабе ніхто не змог

– Я шукаў працу ў IT у тым ліку і праз знаёмых, і аднойчы мне прапанавалі фірму, якакя працавала з платформай .net. На той момант я не быў з гэтым знаёмы, таму вырашыў пайсці на яшчэ адны курсы – цяпер ужо пры ПВТ. Але і пасля іх я не мог выдаваць гатовы прадукт. І наколькі я ведаю, ніхто з тых, хто вучыўся на гэтых курсах, не змог знайсці працу, калі да гэтага ў IT не працаваў.

Але ж столькі часу страчана, грошаў, цікавасць да IT-сферы не прапала – і я папрасіў таго знаёмага даць мне тэставае заданне. Шчыра кажучы, напачатку я нават не ведаў, як да гэтага задання падступіцца. На шчасце, у мяне ёсць амерыканскі сябра-праграміст, які пагадзіўся быць маім ментарам. Менавіта пад яго кіраўніцтвам я гэтае тэставае і выканаў. І нарэшце штосьці пачаў разумець.

Нажаль, гэта ўсе адбывалася якраз у той момант, калі нашыя беларускія IT-фірмы масава рэлацыраваліся за мяжу. Тая кампанія, што гатова была мяне ўзяць, таксама з’ехала ў Польшчу. І праз змену сваей палітыкі ні з кім з Беларусі больш не працуе.

Пошук працы: пасля лічбы 52 рэзюмэ далей не чытаюць

Пасля гэтага Аляксей шукаў працу ўжо праз публічныя крыніцы: Rabota.by, Dev.by і іншыя. Кажа, што адсылаў свае рэзюмэ не менш за 100 (!) разоў, але атрымаў толькі адзін водгук.

– Разам з водгукам прыйшло тэставае заданне. Для яго выканання мне трэба было за пяць дзён засвоіць новы для мяне кірунак. Я гэта зрабіў. Тым не менш мне адмовілі – і нават не патлумачылі, у чым праблема.

У выніку гэтах пошукаў я зрабіў выснову, што справа ва ўзросце. Падаецца, што рэкруцёры, калі бачаць лічбу 52, далей нават не чытаюць. І гэта крыўдна! Бо людзі майго ўзросту даволі амбітныя, энергічныя і матываваныя. Менавіта ў мяне апроч цікавасці да гэтай сферы яшчэ чатыры матыватары дома (у Аляксея чацвёра дзяцей – ад 10 да 19 гадоў. – Рэд.).

Між іншым, Захад пайшоў шляхам перавучвання інжынераў на праграмістаў. І я лічу, што гэта добры досвед. Бо інжынер – універсальная адукацыя, ён можа засвоіць, што заўгодна. Больш таго, на Захадзе практыкуюць такі падыход, што ў рэзюмэ не пішуць узрост і не дадаюць фота, каб фірму не маглі абвінаваціць у пратэкцыянізме.

Наш жа рынак працы не цывілізаваны, таму і маем такую сітуацыю. Людзі майго ўзросту фактычна не маюць магчымасці ўвайсці ў IT. Правяць баль падыходы, скіраваныя на атрыманьне хвіліннай выгоды, і амаль адсутнічае стратэгічнае мысленне.

Парог уваходжання ў IT зараз даволі высокі. Без досведу не бяруць, а набрацца досведу немагчыма. Можа, калі ты студэнт і можаш некалькі месяцаў працаваць бясплатна – то можа быць. Для людзей майго веку такі шлях ужо закрыты.

А як ставіцца сям’я? Жонка і дзеці падтрымліваюць

Пад час курсаў і навучання ва ўніверсітэце Аляксей тым не менш працягваў працаваць. Выкладаў матэматыку ў школе, у ліцэі, вельмі інтэнсіўна працаваў замершчыкам на мэблевай фірме. Але і тут унутраны рэсурс падышоў да канца. Яшчэ і на IT патрачана столькі сіл і грошаў, што не хацелася б, каб гэта было змарнавана.

– Я магу працаваць на любой пасадзе, нават вартаўніком на стаянцы – але ці будзе гэта прагрэсам? Для меня важна разівацца і не застойвацца на адным месцы.

З жонкай мы разглядалі маю вучобу як перазагрузку ад выгарання і інвестыцыю ў будучы дабрабыт у згодзе з маімі унутранымі патрэбамі і прыхільнасцямі. На жаль, крэдыт часу і сродкаў заканчваецца, таму сёння я ўжо гатовы разглядаць любыя прапановы працы. Хаця, мне падаецца, праца ў іншай сфэры будзе прызнаннем марнавання часу і грошай, а таксама немагчымасці рэалізаваць здольнасці з прычынаў, якія ад мяне не залежаць. Гэта крыўдна, бо праца была зроблена грунтоўная.

Наконт дзяцей ёсць іншая прблема: калі я не знаходжу прымянення сваім высілкам, то гэта кепскі для іх прыклад. Мне хацелася захапіць іх айцішнай сферай, і напачатку гэта атрымлівалася. Але зараз яны бачаць, што нават з усім сваім досведам і адукацыяй я не магу рэалізаваць магчымасці. Таму і дзеці пачынаюць вагацца і выбіраюць для сябе штосьці іншае.

 

Фота: архіў героя.

#Беларусь
поделиться