«Спала з нажом пад падушкай». Дзяўчына добра зарабляла ў IT, але звольнілася і на 6 месяцаў з’ехала прыбіраць канюшні ў Эквадоры

«Спала з нажом пад падушкай». Дзяўчына добра зарабляла ў IT, але звольнілася і на 6 месяцаў з’ехала прыб...
Лізавета родам з Мінска. Яна доўгі час працавала ў IT, а праз нейкі час выгарала настолькі, што нават высокая зарплата больш не радавала. Тады на тэрапіі дзяўчыне параілі знайсці справу па душы. Нядоўга думаючы, Лізавета звольнілася, знайшла валанцёрскую праграму на стайні (то бок на канюшні) і з’ехала на шэсць месяцаў у Эквадор.

Лізавета родам з Мінска. Яна доўгі час працавала ў IT, а праз нейкі час выгарала настолькі, што нават высокая зарплата больш не радавала. Тады на тэрапіі дзяўчыне параілі знайсці справу па душы. Нядоўга думаючы, Лізавета звольнілася, знайшла валанцёрскую праграму на стайні (то бок на канюшні) і з’ехала на шэсць месяцаў у Эквадор.

З чаго пачалося: ёй было так кепска, што не магла адкрыць укладкі браўзера

Лізавета жыла ў Мінску, пасля з’ехала ў Грузію, дзе працавала ў стартапе на пазіцыі бэкэнд-распрацоўшчыцы. Фіксаванага графіка не было – трэба было штодзень сядзець за кампом «пакуль задачы не скончацца». Выгарала дзяўчына паступова, пакуль у нейкі момант не зразумела: ёй так кепска, што яна фізічна не можа адкрыць нават некалькі ўкладак у браўзеры.

Тэрапія не дапамагала: Ліза не змагла да канца зразумець прычыны свайго выгарання. Магчыма, справа была ў частых пераeздах. За апошнія два гады дзяўчына тройчы пераязджала з-за працы: спачатку ва Украіну, потым у Турцыю, а затым у Грузію.

Вяртацца ў Беларусь Лізавета не хацела – там не было такіх прыбытковых праектаў, як у іншых краінах.

Чаму ёй захацелася да коней

Любоў да коней у Лізаветы з’явілася ў Тбілісі: побач з яе домам была невялікая стайня, куды дзяўчына часам прыходзіла проста так, каб адпачыць. Каля жывёл было добра і спакойна. Гэта былі тыя адчуванні, якіх так не хапала на стрэсавай працы.

– Я ўвесь час прасіла гаспадара канюшні дапамагчы яму. Але дзядзька быў кансерватыўных поглядаў: маўляў, дзяўчыне не варта давяраць сур’ёзную працу. Казаў, што я занадта слабая, каб справіцца з жывёламі, – расказвае Лізавета.

Спрабуючы выбрацца з цяжкага стану, дзяўчына наведвала псіхатэрапію, дзе ёй параілі засяродзіцца на тых рэчах, якія прыносяць задавальненне. Лізавета зразумела, што зносіны з конямі – адзінае, што прыносіць ёй радасць. Тады айцішніца вырашыла звольніцца і змяніць сферу дзейнасці на працу ў стайні.

Зберажэнняў Лізаветы хапала, каб ехаць валанцёрыць усур’ёз і надоўга. Патрэбную праграму шукала сама на сайце Workaway. Адтуль і даведалася пра варыянт з Эквадорам. Каб прыехаць у краіну, беларусам не патрэбна віза, ды і прыляцець туды з Грузіі было дастаткова проста. Акрамя таго, дзяўчыну прыцягнула прырода – стайня, якую выбрала гераіня, знаходзілася роўна пасярод гор Андаў.

 

Жыла дзяўчына на ферме Casa de Campo. Гэта месца знаходзіцца ў маляўнічай мясцовасці недалёка ад Кіта, сталіцы Эквадора. На ферме ёсць стайня, гасцявы дом і некалькі дадатковых будынкаў для наведвальнікаў і супрацоўнікаў Casa de Campo. З пакоя Лізаветы адкрываўся від на вулкан Каямбэ.

На ферме дзяўчына павінна была дапамагаць практычна ва ўсіх частках стайні: даглядаць коней і прыбіраць за імі, выязджаць з імі на прагулкі, сачыць за парадкам. Усяму гэтаму Лізавета вучылася на месцы – да прыезду ў Эквадор у яе не было абсалютна ніякага вопыту падобнай працы. Яе настаўнікамі сталі Франклін і Сталін (гэта ён стаіць на фота): так звалі бацьку і яго сына, якія жылі і дапамагалі на ферме.

У тым месцы жыве каля 10 коней, якіх кожную раніцу Лізавета павінна была выпускаць на прагулку ў палі. Дзяўчына хутка навучылася, як правільна карміць і чысціць коней, на што зважаць, калі запускаеш іх назад у стайню, як сядлаць жывёл і які рыштунак для гэтага неабходны. Мабыць, таму ўжо пасля некалькіх месяцаў валанцёрства на яе пакідалі ўсю ферму, дзе Лізавета была «за галоўную».

На ферме была цяжарная кабыла, яе роды прыпалі якраз на адзін з дзён, калі нікога, акрамя Лізаветы, не было. Па словах дзяўчыны, ад яе асабліва нічога не патрабавалася: у яе абавязкі ўваходзіла перыядычна прачынацца ноччу і глядзець, ці не з’явілася жарабя. Ліза была ў экстазе, калі побач з кабылай убачыла нованароджанае жарабя: «Калі я засынала, кабыла была падобная да шара. Было дзіўна ўбачыць яе потым такой худзенькай пасля родаў».

Падчас валанцёрства былі і непрыемныя моманты. Аднойчы Лізавета адправілася на конны шпацыр на наравістым двухгадовым жарабцы Інці. Яго на той момант не паспелі добра аб’ездзіць, таму слухаўся ён праз раз і нават сядзець на ім было не надта бяспечна. «Мы адправіліся вялікай кампаніяй у горы. Інці ішоў ззаду, каб глядзець на дарослых жывёлін».

Прагулка ў гарах скончылася для дзяўчыны пераломам рукі. Інці ў нейкі момант перайшоў у галоп і перакуліў Лізавету. Яе спадарожнікі адразу выклікалі «хуткую», якая ніяк не магла дабрацца да іх: «Калі мы нарэшце прыехалі ў шпіталь, там абсалютна не было ніякіх медыцынскіх прэпаратаў. Мне далі нейкія лёгкія болесуцішальныя, і ў цэлым на гэтым усе лекі скончыліся». Лізавеце пашанцавала, што ў Джыні, гаспадыні фермы, былі сувязі ў сферы медыцыны. Дзяўчыну перавезлі ў іншую бальніцу і зрабілі аперацыю. Прагулка абышлася ёй у 4 тысячы долараў – менавіта столькі каштавала працэдура па аднаўленні зламаных костак. Гэтыя грошы заставаліся ў Лізаветы ячшэ з перыяду працы ў айці.

Сёлета ў Эквадоры пачаліся масавыя пратэсты, звязаныя з вайной ва Украіне. Расія была адным з галоўных пакупнікоў мясцовай садавіны: экспарт складаў прыкладна 700 млн долараў. З пачаткам антырасійскіх санкцый узніклі цяжкасці з пастаўкамі прадукцыі. З-за масавага беспрацоўя эквадорцы пачалі блакіраваць дзяржпрадпрыемствы і важныя грамадскія аб’екты. Знаходзіцца на вуліцах гарадоў стала небяспечна – там увесь час перакрывалі дарогі і нападалі на іншых людзей, каб тыя далучаліся да забастоўкі.

«Так атрымалася, што гаспадыня і іншыя супрацоўнікі фермы з’ехалі напачатку ўсёй гэтай заварушкі. Я заставалася на стайні адна. Начамі клала пад падушку нож, бо баялася, што нехта можа прабрацца ў дом».

Вяртанне дадому, у Грузію

Праз некаторы час дзяўчына змагла пакінуць Эквадор. Усяго яна правяла там каля шасці месяцаў. Каб застацца там на даўжэйшы тэрмін, трэба было сур’ёзна заняцца папяровымі пытаннямі. Жадання і грошай на гэта не знайшлося.

Пасля Эквадора Лізавета вярнулася ў Грузію. Тут, у Тбілісі, яна падзарабляе рэпетытаркай па англійскай мове. Аднак доўга займацца такой падпрацоўкай не плануе: «Я зноў планую пайсці ў IT. Час на ферме дапамог мне перазагрузіцца і вярнуцца ў працоўны рытм. Хочацца сабраць дастаткова грошай, а потым, у будучыні, адкрыць сваю стайню дзе-небудзь у Еўропе».

 

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: прыватны архіў гераіні.

поделиться