«Паляпшае аргазм». Гінеколаг – пра тое, для чаго патрэбна інтымная гімнастыка і якія памылкі ў ёй можна дапусціць

«Паляпшае аргазм». Гінеколаг – пра тое, для чаго патрэбна інтымная гімнастыка і якія памылкі ў ёй можна ...
Сёння многія сексолагі прапануюць праграмы па інтымнай гімнастыцы: кажуць, яны паляпшаюць якасць сексу, узмацняюць адчуванні і аргазм. CityDog.io вырашыў разабрацца, ці так гэта насамрэч, ці можна «перакачаць» інтымныя мышцы і каму такія практыкаванні не варта рабіць.

Сёння многія сексолагі прапануюць праграмы па інтымнай гімнастыцы: кажуць, яны паляпшаюць якасць сексу, узмацняюць адчуванні і аргазм. CityDog.io вырашыў разабрацца, ці так гэта насамрэч, ці можна «перакачаць» інтымныя мышцы і каму такія практыкаванні не варта рабіць.

Інтымная гімнастыка – што гэта і навошта яна патрэбна?

АНАСТАСІЯ АКІМАВА

– Патрэбна інтымная гімнастыка для лячэння і прафілактыкі гіпатонусу (слабога тонусу) мышцаў тазавага дна. Ён можа праяўляцца ў выглядзе нетрымання мачы пры стрэсе (напрыклад, падчас чыхання, кашлю, фізічных нагрузак), адчування, быццам нешта цягне паміж ног (з-за апушчэння ўнутраных органаў), болю ўнізе жывата, пляскаючых гукаў у похве падчас фізічных практыкаванняў ці сексу.

Таксама партнёр жанчыны можа адзначаць, што пасля родаў перастаў адчуваць похву падчас палавога акта, быццам там з’явілася больш месца.

Калі мы гаворым пра правільныя практыкаванні інтымнай гімнастыкі, то яны задзейнічаюць не толькі мышцы тазавай дыяфрагмы, але і так званыя мышцы кора (мышцы і звязкі, якія размяшчаюцца ў вобласці жывата, спіны) і дыхальную дыяфрагму. Трэніроўка, якая ўключае ўвесь гэты комплекс мышц, будзе больш эфектыўнай і правільнай для жаночага здароўя: яна павысіць тонус мышцаў тазавай вобласці і палепшыць прыток крыві да іх.

Кажуць, інтымная гімнастыка добра дапамагае ў пасляродавым перыядзе, пры балючых месячных

– Калі казаць пра пасляродавае аднаўленне, асабліва пра роды праз натуральныя родавыя шляхі, пра траўмы ў родах, то, вядома, інтымная гімнастыка можа быць. Але тут трэба ацаніць для пачатку, у якім стане цяпер знаходзяцца мышцы тазавага дна: ці няма падвышанага тонусу мышц, ці няма хранічнага болевага сіндрому.

Важна таксама пачынаць аднаўленне не з цяжкіх трэніровак, а з мінімальных практыкаванняў без трэнажораў (вагінальных шарыкаў, конусаў), калі няма ран або швоў.

Як доктарка я некалькі разоў сутыкалася з сітуацыямі, калі ў родах у жанчыны надрываліся звязкі і матка з прамежнасці апускалася вельмі моцна. У гэтым выпадку без дадатковага аператыўнага ўмяшання, калі будзе адноўлена правільная анатомія, мы не зможам дабіцца ідэальнага выніку адной толькі інтымнай гімнастыкай.

Яшчэ ў некаторых жанчын ёсць праблема з мышцамі тазавага дна, якое выяўляецца гіпертонусам. Гэта значыць, яны знаходзяцца ў спазмаваным стане, што выклікае хранічныя тазавыя болі. І вельмі часта жанчыны, калі сутыкаюцца з гэтай праблемай, не могуць вызначыць, што менавіта ў іх баліць: ці то яечнікі, ці то мачавы пузыр, ці то кішэчнік… І пры такім захворванні трэба выконваць не класічныя практыкаванні на скарачэнне, а на паслабленне і расцягванне мышцаў прамежнасці.

І гэты момант не ўсё разумеюць, і не ўсё пра яго ведаюць. Напрыклад, трэнеры па інтымнай гімнастыцы, якія, скажам так, далёкія ад медыцыны, могуць такую праблему не ўлічваць і рэкамендаваць усім адны і тыя ж практыкаванні. А гэта няправільна. Лічу, што самі па сабе комплексы практыкаванняў могуць быць эфектыўнымі, але важна ўваходзіць у іх праз агляд гінеколага з аналізам сітуацыі, з акцэнтам на тое, што для жанчыны больш важна ў гэтай трэніроўцы.

Наконт таго, што інтымная гімнастыка дапамагае спраўляцца з балючымі месячнымі, – даволі спрэчнае пытанне. Бо ёсць вельмі шмат прычын, чаму з’яўляецца боль падчас менструацыі: напрыклад, арганічная паталогія (эндаметрыёз, адэнаміёз), гіпертонус мышц. І калі адным гімнастыка ў гэтым выпадку дапамагае, то іншым – наогул не.

Але калі жанчына не нараджала, у яе няма сімптомаў гіпатонусу мышц, інтымная гімнастыка можа дапамагчы пазбегнуць такіх праблем. Можна навучацца такім практыкаванням для прафілактыкі. Тут галоўнае не перастарацца, каб не загнаць мышцы ў гіпертонус, не «перакачаць» іх. Наогул такія трэніроўкі карысна ўмець рабіць да цяжарнасці: прамежнасць становіцца больш пластычнай, ёй прасцей кіраваць, што змяншае рызыку траўмы падчас родаў.

Ці праўда, што інтымная гімнастыка паляпшае якасць сексу?

– Гэта праўда. Зноў жа, калі мы не будзем браць крайні выпадак – жанчыну з гіпертонусам мышцаў тазавага дна, у якой, наадварот, усё гэта выклікае толькі боль.

Калі можна выкарыстоўваць трэнажоры ў інтымнай гімнастыцы?

– Шарыкі, конусы не падыдуць для пачатковай трэніроўкі. Асабліва калі мы кажам пра жанчыну, якая нараджала: у гэтым выпадку, як правіла, першым этапам з’яўляецца навучанне інтымных мышцаў практыкаванням без трэнажораў, уласнай вагой. Пакуль яшчэ мышца не ўмее сама скарачацца, а мы ёй ужо даем нагрузку, перарасцягваем і пагаршаем яе стан.

Наогул у ідэале праводзіць трэніроўкі без трэнажораў – яны могуць толькі дапаўняць практыкаванні, калі вы добра валодаеце методыкай, калі няма супрацьпаказанняў і вы хочаце больш інтэнсіўна пракачаць мышцу хутчэй з пазіцыі паляпшэння якасці сексуальнага жыцця, чым для здароўя.

Але зноў жа лепш за ўсё гэта рабіць паступова, з трэнажорамі вагой не больш за 70 грамаў і ў форме конуса без зрушанага цэнтра цяжару.

Як часта трэба рабіць практыкаванні і з якіх лепей пачынаць?

– Калі гэта не трэніроўкі з грузам, іх можна рабіць штодзень; калі з грузамі – пажадана не часцей за два разы на тыдзень.

На сваім прыёме я звычайна паказваю два практыкаванні: гіпапрэсіўнае практыкаванне (яно задзейнічае мышцы брушнога прэса, дыхальную і тазавую дыяфрагмы) і класічнае скарачэнне мышцаў тазавага дна. Самае галоўнае тут – гэта не разнавіднасць практыкаванняў, а правільная тэхніка іх выканання: толькі ў гэтым выпадку інтымная гімнастыка будзе эфектыўнай.

Якія могуць быць супрацьпаказанні да інтымнай гімнастыкі?

– Лічыцца, што супрацьпаказаннямі могуць быць анкалагічныя працэсы органаў малога таза, міёмы і кісты вялікіх памераў. Гэта ўсё ж такі каляаперацыйныя праблемы, якія пажадана вырашаць у першую чаргу – і затым ужо пераходзіць да трэніровак.

Справа ў тым, што любыя трэніроўкі мышцаў тазавага дна паляпшаюць кровазабеспячэнне. А калі ў жанчыны ёсць нейкія працэсы, якія сілкуюцца крывацёкам, яны могуць павялічвацца.

Ці можна неяк нашкодзіць сабе інтымнай гімнастыкай?

– Першы і самы распаўсюджаны момант – гэта гіпертонус, які можа выклікаць нечаканы болевы сіндром у тазе або запаленне, сверб ва ўрэтры. Такое звычайна здараецца пры вельмі інтэнсіўных трэніроўках.

Другі момант – гэта выкарыстанне грузавых трэнажораў, якія могуць прывесці да яшчэ больш выяўленага апушчэння органаў малога таза, калі гэта робіцца без кантролю і не ўлічваецца першапачатковы стан мышцаў тазавага дна і ў прынцыпе размяшчэнне ўнутраных органаў.

    Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

    Фота: Pexels.com, Unsplash.com.

    #Беларусь
    поделиться