У мінулы панядзелак у CityDog.io з’явіўся артыкул пра Аксану, якая з 15 гадоў сама выхоўвае дачку і не здаецца. Артыкул быў падрыхтаваны арганізацыяй «ІншыЯ» на аснове падкаста-інтэрв’ю, які запісала тая ж арганізацыя з Аксанай. Мы павінны праясніць некаторыя моманты з’яўлення гэтага матэрыялу на старонках CityDog.io.
Але перш за ўсё хочам выбачыцца перад Аксанай
Пасля з’яўлення артыкула ў перапісцы з рэдакцыяй Аксана напісала, што мы зрабілі з яе «маргіналку», а наш артыкул набраў «прагляды, рэпосты абразлівыя каментарыі».
Нам вельмі прыкра, што першапачатковы загаловак і часткі артыкула ў нашай рэдакцыі выклікалі ў гераіні негатыўныя эмоцыі, абразілі яе і прымусілі лішні раз перажываць траўмы, якія яна пераадольвае. Мы выбачаемся і падкрэсліваем: нам вельмі горка, што зрабілі Аксане балюча.
Нам таксама прыкра, што, нягледзячы на каштоўнасці, якія рэдакцыя стараецца адстойваць шмат гадоў, мы дапусцілі, каб з’явіўся загаловак і часткі артыкула, якія інтэрпрэтуюцца як схаваныя абвінавачванні ў бок гераіні і яе смелых прызнанняў. Відавочна, што гэта наша грубая памылка, за якую мы перад Аксанай выбачаемся.
Мы хацелі б праясніць некаторыя эпізоды з’яўлення артыкула
На жаль, нам не ўдалося паразмаўляць па тэлефоне з Аксанай і патлумачыць ёй некаторыя моманты гісторыі. Нам здаецца, мы разумеем, чаму дзяўчына адмаўляецца ад вочнай размовы з намі. Але наша мэта – не абвергнуць ці паставіць пад сумнеў гнеў і горыч гераіні. Мы хочам патлумачыць нашу пазіцыю і такім чынам, магчыма, зняць хаця б частку прэтэнзій.
Як з’явіўся артыкул. Паводле дамоўленасцей з ГА «ІншыЯ»: сябры арганізацыі шукаюць герояў, якія расказваюць свае няпростыя гісторыі і запісваюць з імі падкасты.
Па нашай дамоўленасці, «ІншыЯ» павінны былі падрыхтаваць невялікі артыкул на аснове доўгага падкаста. Па той жа дамоўленасці яны мусілі папярэджваць герояў, што іх аўдыяразмова будзе пераведзена ў фармат журналісцкага друкаванага артыкула і будзе апублікавана на старонках CityDog.io. Гэта не абавязак журналіста (фактычна любое інтэрв’ю, якое трапіла ў інтэрнэт-прастору, можа стаць асновай артыкула, і дазвол героя на гэта не патрабуецца), але, паколькі мы маем справу з вельмі інтымнымі гісторыямі, лепей папярэдзіць.
Як высветлілася пазней, журналісты «Іншых» Аксану пра гэта папярэдзіць забылі. Артыкул, які быў адрэдагаваны і дапоўнены фактурай з таго ж падкаста нашымі рэдактарамі, выйшаў на сайце CityDog.io разам з фота Аксаны і яе дачкі (здымкі гераіня прадставіла «Іншым»).
На жаль, мы не папярэдзілі «Іншых» пра дату выхаду артыкула, таму яны прачыталі матэрыял ужо на сайце. І праз нейкі час папрасілі нас змяніць першапачатковы загаловак, які «не спрыяе мэтам падкаста». Хоць загаловак і змяшчаў прамую цытату з падкаста, мы пагадзіліся з аргументам і адразу змянілі загаловак на нейтральны.
Тады адрэдагаваць ці зняць артыкул пра Аксану «ІншыЯ» нас не прасілі.
Чаму мы ўсё ж такі знялі артыкул на сайце і ў сацсетках. Калі праз два дні пасля публікацыі мы сталі атрымліваць ад Аксаны паведамленні ў сацсетках з патрабаваннем зняць артыкул, то звярнуліся да «Іншых» (якія ўвесь час былі ў кантакце з гераіняй; якія зрабілі і падкаст, і першапачатковую версію артыкула) з просьбай скантактавацца з дзяўчынай, паразмаўляць, супакоіць і папрасіць прабачэння ад імя нас і «Іншых».
Увесь дзень мы не атрымлівалі ад партнёраў ніякай інфармацыі – і ўвечары Аксана зноў звярнулася наўпрост да нас. Мы зразумелі, што не варта марнаваць час на партнёрскую этыку, і пачалі самі вырашаць праблему: спісаліся з Аксанай, выдалілі матэрыял з нашых платформ, папрасілі ў яе прабачэння.
Што адбываецца цяпер
Некалькі дзён і праз «Іншых», і самастойна мы спрабавалі выйсці на кантакт з дзяўчынай, каб пагутарыць і данесці сваё бачанне канфлікту. Пры пасрэдніцтве журналісцкіх арганізацый мы спрабуем прыцягнуць медыятара, які б дапамог нам у зносінах.
Тым не менш мы лічым, што мусім выбачыцца перад дзяўчынай публічна.