Горад герояў Мінск

Горад герояў Мінск
У адказ на стандартныя закіды «сталіцы не стае сваіх герояў» мы склалі невялікі рэестр персон, з якімі хоць раз сутыкаўся амаль кожны мінчук. Персанальна з імі ці са справамі іхных рук.

У адказ на стандартныя закіды «сталіцы не стае сваіх герояў» мы склалі невялікі рэестр персон, з якімі хоць раз сутыкаўся амаль кожны мінчук. Персанальна з імі ці са справамі іхных рук.

1

Дзева Марыя

Хто гэта: маці Ісуса, якая апошнія 500 гадоў апякуецца Мінскам.

 

Біяграфія: 13 жніўня 1500 года Дзева Марыя – дакладней, ікона Узнясення Багародзіцы – прыплыла па Свіслачы з Кіева. Паводле легенды, на месцы, дзе вылавілі святыню, мінчукі заснавалі царкву. Герб «Узнясенне Дзевы Марыі» быў падораны Мінску ў 1591 годзе. Цягам стагоддзяў відазмяняўся. У 2001 годзе Мінгарсавет пасля доўгіх спрэчак прыняў новую і канчатковую версію.

Цікава, што неафіцыйны герб Мінска (выкарыстоўваўся з 1991 да 2001 года) дагэтуль можна ўбачыць на фасадзе Чырвонага касцёла.

2

Нiна Кiрдун

Алег Пупенка

Хто гэта: своеасаблівыя стылісты сталіцы.

 

Біяграфія: Ніна і Алег наўрад ці знаёмыя ў жыцці. Тым не менш, іх аб’ядноўваюць дзве рэчы: 1) яны пераможцы конкурсу «Мінскі майстар»; 2) яны падтрымліваюць турыстычны міф пра «самы чысты горад Еўропы».

Алег Пупенка – кіроўца смеццявоза па вывазе цвёрдых камунальных адкідаў УП «Спецкамунаўтатранс», а Ніна Кірдун – супрацоўніца па комплекснай прыборцы і ўтрыманні дваравых тэрыторый ЖЭУ № 4 Ленінскага раёна Мінска.

Мінчукі, вядома, смецяць зусім не менш за жыхароў іншых гарадоў. Проста нашыя дворнікі самыя працавітыя.

Цікава, што ў 2002 годзе фірма «Строймир» ладзіла ў Мінску конкурс «Найлепшы дворнік». Пераможца атрымаў паездку ў Парыж.

3

Валянцiна

Хто гэта: жанчына, якая пяе.

 

Біяграфія: Валянціна – прыхаджанка евангельскай царквы «Галгофа», 20 гадоў спявае песні-пропаведзі ля Камароўкі, ГУМа, на вакзале. Яе можна называць ненармальнай. Але не варта: за гады сваіх спеваў яна нагледзелася на нас і нашае жыццё-быццё, таму не кідайце камень у свой жа гарод.

Цікава, што Валянціна расказвае пра сябе і пра нас: «Працую ў дзіцячым садку № 7 выхавальніцаю. На працы мяне не лаюць – за што? Гэта я іх павінна лаяць, бо там такі разлад. Маю загадчыцу звольнілі за хабар. Яна такая царыца ўся была, дзетак за грошы прымала і яшчэ мёртвых душ нарабіла шмат. Вось ваша мудрасць свету – усё ў цемры, усё ў граху. Ведаеце што? Сатана пануе на зямлі. А маё царства не адсюль. І Ісуса царства таксама не тут, калі б было наадварот, яго б не ўкрыжавалі. Калі б свет спазнаў мудрасць Ісуса і быў яго царствам, нічога б не было дрэннага».

4

Захар Карнееў

Хто гэта: чалавек, які паклапаціўся пра тое, каб у мінчукоў быў «цэнтр».

 

Біяграфія: адзін з першых губернатараў Мінска, па прыездзе ў горад Карнееў распачаў працу па рэструктурызацыі горада. У выніку аформіўся галоўны праспект Мінска. Перапраектаваную магістральную вуліцу ўлады (чытай, сам Карнееў) назвалі ў гонар губернатара – Захар’еўская.

Назва гэтая доўга не магла прыжыцца – вуліцу часта называлі «на вале» ці «за валам». Тым не менш, Захар’еўская праіснавала больш за сто гадоў – з 1801 да 1919-га. Гэта рэкорд: за наступнае стагоддзе назва цэнтральнай вуліцы Мінска змянялася восем разоў. Гаўптштрасэ (кайзераўцы, 1918–1919), Адама Міцкевіча (палякі, 1919–1920), Гаўптштрасэ (фашысты, 1941–1944). Толькі пры саветах і ў часы незалежнай Беларусі праспект пераназывалі пяць разоў: Савецкая (1920–1941 і 1944–1952), Пушкінская (частка праспекта, 1944–1952), Сталіна (1952–1961), Ленінскі праспект (1961–1991), Францыска Скарыны (1991–2005).

Цікава, што з іменем Карнеева звязанае з’яўленне іншых культавых кропак сучаснага Мінска: парка Горкага і Аляксандраўскага сквера.

5

Вiктар Крамарэнка

Хто гэта: чалавек, які прыдумляе і праектуе самыя папулярныя сімвалы сталіцы.

 

Біяграфія: акрамя новага будынка чыгуначнага вакзала і «алмаза» бібліятэкі Крамарэнка спраектаваў кінатэатр «Масква», архітэктурна-скульптурны комплекс «Мінск – горад-герой», навучальна-лабараторны корпус Інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі на праспекце Незалежнасці, сквер Тараса Шаўчэнкі і помнік яму, а таксама тэлевізійную вежу.

Цікава, што легендарны ромбакубаактаэдр нацыяналкі Крамарэнка… прысніў: «Праўда, яна [новая бібліятэка] была на беразе Свіслачы, недалёка ад сквера Янкі Купалы, прычым у крышталічнай форме. Гэта быў такі яркі сон, што раніцай я сеў маляваць».

6

Нiкiфар Наталевiч

Хто гэта: чалавек, які распісаўся ў перайменаванні сталіцы.

 

Біяграфія: 9 ліпеня 1939 года пастановай ІІ сесіі Вярхоўнага Савета БССР, старшынём якога быў Нікіфар Наталевіч, сталіцу Савецкай Беларусі Менск перайменавалі ў Мінск.

Раней наш горад на любой мове свету зваўся Менскам. Варыянт «Мінск» пачаў сустракацца ў XVI–XVII стагоддзях у польскамоўных дакументах. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай напісанне назвы «Минскъ» замацавалася і ў рускай мове.

Але па-беларуску назва «Менск» выкарыстоўвалася літаральна да падпісання пастановы Наталевічам.

Цікава, што ў 1991 годзе Мінскі гарадскі Савет народных дэпутатаў звярнуўся ў Вярхоўны Савет з просьбай вярнуць гораду гістарычную назву. І атрымаў адмову: з неабходных 173 за «Менск» прагаласавалі 142 дэпутаты.

 

Працяг матэрыялу чытайце тут

поделиться