З Сашай мы пазнаёміліся роўна паўгода таму: нам прапанавалі зняць яе для «Касметычкі», мы пагадзіліся – а сёння Саша з усмешкай называе CityDog «хроснымі бацькамі» ўпрыгажэнняў Belaruskicry. Пра брэнд і пра яго «матулю», як называе сябе дзяўчына, і пагаворым.
Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.
З Сашай мы пазнаёміліся роўна паўгода таму: нам прапанавалі зняць яе для «Касметычкі», мы пагадзіліся – а сёння Саша з усмешкай называе CityDog «хроснымі бацькамі» ўпрыгажэнняў Belaruskicry. Пра брэнд і пра яго «матулю», як называе сябе дзяўчына, і пагаворым.
Другі раз мы сустракаемся з Сашай далёка і ад яе роднага Навагрудка (на адным з пальцаў дзяўчына носіць пярсцёнак з выбітымі каардынатамі горада), і ад Мінска, дзе мы бачыліся ўпершыню. Гэтым разам мы ў Тбілісі: тут Саша ўжо больш за год.
– Улетку 2020-га на адным з беларускіх парталаў з’явіўся ролік са мной, які разышоўся па ўсім Байнэце: відэа набрала дзясяткі тысяч праглядаў, мне пісалі ў інтэрнэце, пра яго казалі ў Навагрудку.
Яшчэ да таго ў мяне быў зацяжны перыяд бяздзейнасці, мне было цяжка чымсьці займацца. А пасля я і зусім перастала бачыць зразумелую будучыню, у якой магла б рабіць нешта карыснае і дапамагаць людзям.
Прыкладна ў той жа час я пазнаёмілася з хлопцам з Амерыкі, мы вырашылі з’ехацца і пажыць разам. Пачалі шукаць краіны з адкрытымі межамі – і ў нейкі момант аказаліся перад выбарам паміж Мексікай, Венесуэлай, Турцыяй і Грузіяй. Так у лютым 2021 года я апынулася ў Грузіі – яна прыцягвала мяне больш за ўсё.
«На любові і тузе па Беларусі можна пабудаваць нешта новае»
Менавіта ў Грузіі Саша захапілася ювелірнай справай – раней яна пра гэта і не думала. Але, як нядаўна даведалася дзяўчына, гэта ў яе ў крыві: аказалася, яе дзядуля быў ювелірам і ствараў вырабы са слановай косці.
– Я ўбачыла тут мора магчымасцей, – расказвае Саша. – У Грузіі шмат рамеснікаў, якія працуюць з каштоўнымі металамі і камянямі, а ў Беларусі гэта складана: гэта ліцэнзаваная дзейнасць, з якой шмат праблем.
Спярша мне было проста цікава: ваў, можна ўзяць лыжку, пераплавіць яе і зрабіць пярсцёнак! Першы час я гэтым і займалася: знайшла настаўніцу, атрымлівала базавыя веды і рабіла вельмі простыя ўпрыгажэнні.
Але чым даўжэй я жыла ў Грузіі, тым вальней і лепш я сябе адчувала. Я стала задумвацца над тым, што я наогул за чалавек, што мяне цікавіць, што цягне. Толькі тут я зразумела, што я вельмі творчы і дзейны чалавек.
Грузіны наогул не прывязаны да сваёй дзяржавы, яны жывуць нібы паралельна адзін аднаму: самі выбудоўваюць сваю ідэнтычнасць, самі ствараюць сваю культуру і самі яе захоўваюць.
І вось калі я зразумела, што гатова рабіць нешта большае, чым проста пярсцёнкі, я пераплавіла чарговую лыжку – і зрабіла з яе Беларусь. Я зразумела, што любоў да яе і туга па ёй нікуды не падзенуцца, яны заўсёды будуць ва мне, – і на гэтай любові і тузе можна зрабіць нешта новае. Так і нарадзіўся Belaruskicry.
«Мае кулоны носяць сапраўдныя беларусы»
– Пакупнік Belaruskicry – гэта такі зборны вобраз беларуса. Не важна, дзе ён знаходзіцца, у Беларусі ці не, але ён ужо адчуў сябе менавіта беларусам ці беларускай.
Ён любіць Беларусь, ён ганарыцца сваёй беларускасцю, ён хоча пазнаваць Беларусь сам і знаёміць з ёй іншых – паказваць яе, гаварыць пра яе, дзяліцца ёю. Мае кулоны носяць сапраўдныя беларусы.
За першы месяц пасля інтэрв’ю вам я адправіла 30 кулонаў па ўсім свеце: у Амерыку, Ізраіль, Англію, Францыю. Спярша я нават здзівілася, што заказаў з-за мяжы было больш, чым з Беларусі, а потым зразумела, што ўсе гэтыя людзі, як і я, тужаць па Беларусі, чытаюць яе СМІ, імкнуцца заставацца ў яе рэчаіснасці.
Нейкі час усё працавала па сарафанным радыё, а я займалася ўсім сама: сама рабіла кулоны і сама адпраўляла іх. Праз тры месяцы мы разам з маёй сяброўкай Насцяй зрабілі кампейн са спявачкай Palina, запусцілі Instagram, надрукавалі паштоўкі – Belaruskicry пачаў расці.
Як вайна ва Украіне паўплывала на Belaruskicry – і што чакае брэнд у будучыні
Заказаў, расказвае Саша, станавілася ўсё больш, дзяўчына не заўсёды паспявала сачыць за дырэктам і адпраўляць пасылкі – а потым пачалася вайна. Вайна, разам з якой Belaruskicry стаў нават большым.
– Так склалася, што ад пачатку вайны ў Грузію пераехала шмат маіх мінскіх сябровак, і многія ўзяліся мне дапамагаць – цяпер у камандзе Belaruskicry каля 15 чалавек. Кожная ўзяла на сябе сваю зону адказнасці, цяпер я нават не пра ўсе працэсы ведаю – але ведаю, напрыклад, што нядаўна мой кулон паляцеў у Кенію, – расказвае Саша.
За апошнія некалькі месяцаў пашырылася не толькі каманда Belaruskicry, але і асартымент. Прама зараз акрамя тых самых кулонаў «Беларусь» можна заказаць яшчэ і ўпрыгажэнні ў форме літары «Ў», але і гэта не ўсё.
– Нядаўна хлопец заказваў сабе кулон «Беларусь» і спытаў, ці можам мы зрабіць яшчэ і ўпрыгажэнне ў форме Украіны – для яго жонкі-ўкраінкі. Яшчэ мы рабілі трызуб для Жэні Мількоўскага з групы «Нервы»: калі мы пазнаёміліся, ён расказаў, што пакінуў у Кіеве кулон у форме герба Украіны і ніяк не мог знайсці такі ў Тбілісі, – і папрасіў нас зрабіць такі.
На днях я наняла дызайнерку і планую і далей павялічваць асартымент брэнда. Іра, дарэчы, з Расіі. Першапачаткова я хацела, каб над Belaruskicry працавалі толькі беларусы, таму што іншым людзям складана растлумачыць, чаго хочуць беларусы, якім балюча і сумна. Але ў нейкім сэнсе гэта якраз пра ідэю Belaruskicry: я ж хачу праз свой брэнд расказваць пра Беларусь, знаёміць людзей з Беларуссю, з яе культурай, яе мовай, яе болем – дык чаму б не пачаць з дызайнеркі?
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: архив героини, unsplash.com.