У Кракаве ужо пяты год запар праводзіцца пікнік Letucień, які прыдумалі і стварылі беларусы. Усё пачыналася з невялікай пляцоўкі для сяброў і знаёмых, але за гады існавання івэнт вырас да сапраўднага фестывалю. CityDog.io паразмаўляў з адным з арганізатараў Letucień і даведаўся, як імпрэза аб’яднала беларусаў з розных кропак свету.
Ад сяброўскай сустрэчы да канцэрту на 5 тыс. чалавек: як развіваўся пікнік?
Першы Letucień адбыўся ў 2020 годзе – тады яго арганізавала група ініцыятыўных беларусаў. Глеб далучыўся да фестывалю праз некалькі гадоў, але ўжо паспеў стаць часткай каманды і адказвае за дызайн і камунікацыю з аўдыторыяй.
– У 2020 годзе гэта быў яшчэ не фэст, а сяброўскае спатканне ў парку з гітаркай на пледзіку – сабраліся чалавек 30-40. Праз год з’явілася ідэя зрабіць нешта больш заўважнае і цікавае – месцам правядзення абралі курган Крака [лічыцца мясцовай славутасцю, таксама на кургане ладзяцца розныя івэнты – рэд.]. Атрымаўся міні-фестываль на сотню чалавек: была сцэна і пляцовачкі для выступленняў беларускіх музыкаў.
Пераломным у гісторыі Letucień стаў 2022 год. Тады мы пераехалі ў мясцовы парк і зладзілі дзіцячую і адукацыйную пляцоўкі, а таксама кірмаш і фудкорт. Тады і я прыйшоў на фэст упершыню як госць – памятаю, як там выступалі Dlina Volny і Shuma.


– У 2024 годзе цягам дня мы сабралі калі 5 тысяч чалавек. Людзі прыязджалі нават з іншых краін. Дакладна ведаю, што ехалі з Нідэрландаў, Чэхіі, Германіі і Літвы. Таксама ведаем як мінімум некалькі беларусаў, якія некалькі гадоў запар едуць з іншых польскіх гарадоў у Кракаў на наш фестываль. Яны адмыслова не плануюць нічога на гэтыя даты, каб трапіць на Letucień – вельмі прыемна.
Для мяне адзін з самых любімых момантаў фестывалю, калі ўвечары выступаюць апошнія хэдлайнеры. Стаю з боку сцэны і гляджу, як сотні людзей танчаць і кайфуюць пад музыку. У такія моманты адчуваеш, што вы з камандай зрабілі класную рэч.
Летась каардынуючы дызайн-каманду, асабіста мне было вельмі прыемна атрымаць фідбэк аб тым, што людзям спадабаўся стыль пікніка.

«Кошт летніх фестываляў дасягае сотняў тысяч еўра, у нас – сотня тысяч злотых»
– Адным з галоўных імпульсаў для стварэння фэсту было тое, каб беларусы пазнаёміліся паміж сабой, патусілі і ўсталявалі кантакты. Але таксама пікнік стаў спосабам пазнаёміцца з палякамі і паказаць ім, што мы ёсць, маем культуру і хочам быць разам – далучацца, інтэгравацца і спаткацца.
Над фэстам працуе каля 30 арганізатараў і 70 валанцёраў. Падтрыхтоўка да фестывалю складваецца з некалькіх паралельных працэсаў. У каардынатараў пляцовак розныя таймлайны – хтосьці плануе ўсё ў красавіку-траўні, іншыя вырашаюць пытанні ў апошні месяц. Першыя крокі ўсёй камандай мы пачынаем рабіць у лютым або сакавіку.
Мы робім вельмі танны фестываль. За тыя грошы, якія выдаткоўваем на яго арганізацыю і правядзенне, гэта сапраўдны цуд, які мы робім ужо які год запар. Кошт летніх фестываляў дасягае сотняў тысяч еўра, у нас – сотня тысяч злотых.
Гэта важна і тычыцца вас!
Плануецца, што Letucień адбудзецца 26 ліпеня ў кракаўскім парку Ёрдана. Але арганізатарам дужа патрэбная ваша дапамога.
Летась камандзе спатрэбілася каля 100 тыс. злотых ($26,5 тыс.) на арганізацыю фестывалю – 40% сродкаў склалі данаты. У 2025 годзе арганізатарам патрэбна сабраць 105 тыс. злотых ($28 тыс.). Грошы пойдуць на тры музычныя сцэны, вялікую дзіцячую пляцоўку, фудкорт, кірмаш, а таксама на адукацыйныю і псіхалагічную пляцоўкі. Таксама запланавана адукацыйная праграма з інтэрактыўнымі выступамі.
Акрамя таго, арганізатарам патрабуюцца сродкі, каб упрыгожыць парк і падрыхтаваць інфраструктуру для правядзення івэнта, надрукаваць афішы і лістоўкі, а таксама арандаваць абсталяванне і прывезці выступоўцаў. Частка фінансаў пойдзе на падзяку артыстам і ежу для валанцёраў.
Каб фестываль адбыўся, да 1 чэрвеня трэба сабраць як мінімум 70% ад сумы. Арганізатары просяць беларусаў далучыцца і дапамагчы закрыць збор. Заданаціць грошы можна па гэтай спасылцы.
– Мы бы хацелі захаваць канцэпцыю бясплатнага фестывалю, на які можа прыйсці кожны жадаючы, – кажа Глеб. – Беларусаў, якім фінансавае становішча гэта дазваляе, просім набыць сімвалічны квіток, па кошце, які яны лічаць прыстойным. І такім чынам дапамагчы імпрэзе адбыцца.

Нэтворкінг і знаёмствы: навошта беларусам патрэбны фестывалі ў замежжы?
– Фестывалі – гэта месцы, дзе могуць сустрэцца беларусы з розных гарадоў і краін. І такіх пляцовак зусім мала. Таксама гэта вельмі важнае месца для музыкаў, рамеснікаў, артыстаў і тых, хто займаецца фуд-бізнэсам. Таму што гэта выхад на вялікую аўдыторыю, перад якой ты можаш прадэманстраваць свой прадукт або паказаць сябе.
Таму, калі такіх пляцовак не будзе, мы страцім не толькі шмат магчымасцяў для знаёмстваў і нэтворкінгу, але і ў эмацыйным плане таксама. Бо фестывалі натхняюць, даюць сілы і сэнс працаваць. Дзякуючы ім разумееш, дзеля чаго займаешся развіццём дыяспары і адчуваеш, што жывеш на гэтай зямлі не проста так.
Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Фото: Letucień.