Пра жыццё ў Заходняй Беларусі расказваюць легенды. Падручнікі ж пішуць пра ўціск і бяспраўе беларусаў у міжваеннай Польшчы. Разбіраемся, што да чаго.
Падзел беларусаў на «ўсходнікаў» і «заходнікаў» невідавочны. Цяпер Беларусь дзеліцца на Мінск і ўсё астатняе. У мястэчках і райцэнтрах на захадзе краіны мала хто памятае, што значыць назва вуліцы «17 Верасня».
Тэма Заходняй Беларусі ўзнікае ў размовах на этапе расказвання сямейных легенд. Хоць яшчэ, бывае, пачуеш, што на захадзе краіны «больш парадку», «жывуць багацей» або што там «палякі» (?!). Дадатковай рамантыкі падкінуў у 1990-я расцягнуты на цытаты музычны праект «Народны альбом». Падручнікі тым часам пішуць пра ўціск і бяспраўе беларусаў у міжваеннай Польшчы. Разбіраемся, што да чаго.
У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.
ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.
Пра што вы прачытаеце ў гэтым артыкуле
- Ленін быў гатовы аддаць Польшчы ўсю Беларусь
- Чым насамрэч займаўся дваюрадны дзед Макса Каржа?
- У Заходняй Беларусі не верылі, што ў БССР рэпрэсіі
- Тарашкевіч спадабаўся будучай жонцы на турніках
- Палітычнаму лідару прадказала арышт варажбітка
- «Уваходжу з лямпай, як каралева…» – як скарыць сэрца адукаванай беларускі
- Вязень польскай турмы мог стылёва апранацца
- Ксяндзоў з Друі выслалі ў Кітай за тое, што маліліся па-беларуску
- Чаму Сталін баяўся камуністаў з Заходняй Беларусі
- Пасля «ўз’яднання» беларусаў усё адно не пускалі з Усходняй у Заходнюю
- Беларусаў, якія байкатавалі выбары, не пускалі вучыцца за мяжу
Ленін быў гатовы аддаць Польшчы ўсю Беларусь
Заходняя Беларусь – так, паводле адной з версій, мусіла называцца буферная дзяржава, якую кіраўнік Польшчы Пілсудскі хацеў стварыць у процівагу савецкай Беларусі. Але пасля вырашылі проста далучыць заходнія беларускія землі да Польшчы, а беларусаў перарабляць у палякаў. Гэта была фатальная памылка.
У 1920 годзе бальшавікі бяздарна прайгралі вайну. Польскае войска гнала Чырвоную армію ад Варшавы аж за Мінск. Ленін быў гатовы мірыцца на любых умовах – савецкая Расія не мела сіл, аточаная «белымі» арміямі і інтэрвентамі.
Але забіраць сабе усю Беларусь палякі не наважыліся, бо тады зрабіліся б меншасцю ва ўласнай дзяржаве. У выніку мяжа на два дзесяцігоддзі аддзяліла Маладзечна ад Мінска, Баранавічы ад Слуцка, Пінск ад Турава.
Чым насамрэч займаўся дваюрадны дзед Макса Каржа?
Нібыта і падпісалі Брэсцкі мір, але асадачак застаўся. І ўся першая палова 1920-х прайшла ў абстаноўцы ўзаемных дыверсій. Савецкая дзяржава і Польшча вялі гібрыдную вайну на тэрыторыі Беларусі. Савецкія дыверсійныя групы «забівалі землеўласнікаў, чыноўнікаў, ксяндзоў, праваслаўных святароў… здзяйснялі налёты на турмы і банкі. Асаблівую жорсткасць праяўлялі камандзіры Кірыл Арлоўскі, Васіль Корж (дарэчы, сваяк спевака Макса Каржа), Аляксандр Рабцэвіч і Станіслаў Ваўпшасаў», – піша гісторык Тадэвуш Гавін («Польшча ў палітыцы Савецкай Расіі і Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у 1919–1939 гадах», Беларускі гістарычны зборнік, Беласток, 2015). Са снежня 1924 г. па жнівень 1925 г. савецкія дыверсанты і тэрарысты правялі ў Заходняй Беларусі 199 баявых аперацый.
Ноччу з 3 на 4 жніўня 1924-га каля ста чалавек на чале з савецкім афіцэрам Барышкевічам напала на Стоўбцы (памежны горад у той час). У верасні іншае фарміраванне спыніла і абабрала цягнік Брэст – Лунінец.
Польшча ж падтрымлівала антысавецкіх партызанаў ва Усходняй Беларусі. Той напад на цягнік быў адказам на дзёрзкую акцыю атамана Юркі Моніча, які ў 1923-м пад Крупкамі спыніў і абабраў савецкі цягнік Берлін – Масква. У ім ехалі маскоўскія чыноўнікі і замежныя дыпламаты. Партызаны забралі вялікую суму грошай. Ёсць версія, што абрабаванне было інсцэніроўкай – такім спосабам польскі Генеральны штаб перадаў партызанам фінансаванне.
Моніча здолелі ліквідаваць толькі праз год, як піша «Кароткі нарыс гісторыі міліцыі Беларусі, 1917–1927». Але антысавецкі рух існаваў бы і без польскіх грошай: мужыкі-беларусы вярнуліся з франтоў Першай сусветнай вайны і хацелі спакойнага жыцця без харчразвёрсткі і калектывізацыі. Яны ўмелі і не баяліся ваяваць. Савецкая міліцыя да сярэдзіны 1920-х выязджала з Мінска ў рэгіёны толькі вялікімі атрадамі.
Партызаны нават здабылі план абароны савецкага Мінска. Гэта зрабіла Ганна Доўгерд, агентка арганізацыі «Зялёны дуб», штаб якой месціўся ў Маладзечне. Ганна была нявестай мінчука Вячаслава Адамовіча – атамана Дзергача, кіраўніка «Зялёнага дуба». Супрацоўнікі ЧК, якія за ёй сачылі, называлі яе Прыгажуня.
«Дзяржмяжу ў Савецкую Беларусію пераходзіць у 10-ы раз… Пасведчанне асобы носіць завязаным у вузельчык у канцы насоўкі, у другім канцы ў такім самым вузельчыку маецца цыяністы калій, які яна, напэўна, збіраецца прыняць пры арышце. Хусцінку трымае з правага боку за карсажам… Не адмаўляецца ад спіртных напояў, але маральна не сапсаваная…» – цытуе агентурную запіску ЧК гісторык Ніна Стужынская.
Ад буйнога савецкага чыноўніка Ганна здабыла (за вялікія грошы) план абароны Мінска. Яна не ведала, што чыноўнік быў падсадным. Агентку схапілі і пасля нядоўгага следства расстралялі.
З Вячаславам Адамовічам Ганна была знаёмая з тых часоў, як яны разам спявалі ў капэле мінскага кампазітара Уладзіміра Тэраўскага, аўтара «Купалінкі». З Тэраўскім яна сустракалася падчас апошняга візіту – перадала ліст ад брата з Заходняй Беларусі. Кампазітара таксама прысудзілі да расстрэлу, але ў той раз за яго заступіўся кіраўнік БССР Аляксандр Чарвякоў.
Пасля смерці Ганны атаман ажаніўся з яе сяброўкай.
З польскай выведкай партызаны супрацоўнічалі спецыфічна, было часам незразумела, хто каго выкарыстоўвае. Напрыклад, высветлілася, што «замест 3 тысяч чалавек, на якіх Дзяргач атрымоўваў харчаванне ад польскай інтэндантуры, фактычна колькасць атрадаў “Зялёнага дуба" складала не больш за 450 жаўнераў, а рэшткі польскай дапамогі папросту збываюцца на рынку».
І партызанка, і дыверсіі скончыліся, калі стасункі Польшчы і СССР унармаваліся.
У Заходняй Беларусі не верылі, што ў БССР рэпрэсіі
«Пасеклі Край наш папалам,
Каб панскай вытаргаваць ласкі.
Вось гэта – вам, а гэта – нам,
Няма сумлення ў душах рабскіх», – пісаў у 1928 годзе паэт з савецкай Беларусі Алесь Дудар. Гэта быў час «беларусізацыі», а вось як ён бачыў «свабоднае жыццё» ў БССР:
«Не смеем нават гаварыць
І думаць без крамлёўскай візы,
Без нас ўсё робяць махляры
Ды міжнародныя падлізы.
Распаўся б камень ад жальбы
Калі б ён знаў, як торг над намі
Вядуць маскоўскія рабы
З велікапольскімі панамі…»
У 1937 годзе Дудара расстралялі. Але інфармацыя пра масавыя рэпрэсіі ў СССР амаль не даходзіла да заходніх беларусаў. А калі і даходзіла – ёй не верылі, думалі, палякі выдумляюць.
«Паліцыя распаўсюджвала ўспаміны Ф. Аляхновіча аб Салаўках. Хлопцы смяюцца, што аўтар змясціў у гэтай кнізе дзве фатаграфіі – адна салавецкая, другая віленская – і што на першай ён куды лепш выглядае», – пісаў Максім Танк у сваім дзённіку.
Беларусы нават уцякалі з Польшчы ў БССР. Некаторым шанцавала, як Танку: патрымаўшы на Валадарцы, яго пусцілі дамоў. Пра лёс многіх іншых дагэтуль нічога невядома.
Драматурга Францішка Аляхновіча ў 1926-м сагітавалі пераязджаць у БССР, а пасля асудзілі як «польскага шпіёна» і адправілі ў Салавецкі лагер. У 1933-м яго абмянялі на польскага палітвязня Браніслава Тарашкевіча – таго самага, аўтара «Беларускай граматыкі для школ». У сярэдзіне 1920-х гэта быў адзін з самых уплывовых палітыкаў дзяржавы.
Тарашкевіч спадабаўся будучай жонцы на турніках
У параўнанні з таталітарнай савецкай дзяржавай Польшча выглядала досыць дэмакратычна.
«Уваходжу і бачу жандармаў, мужыкоў, шляхту, габрэяў, якія п’юць гарэлку, сварацца між сабой, крычаць: адзін кажа, што Пілсудскі прахадзімец, другі – што ён дасканалы чалавек, і гэта было адчуванне наноў здабытай свабоды. Я выдыхнуў! Я вярнуўся з Краіны маўчання. Петраград, яго вуліцы, гарадкі і станцыі – усё маўчала», – так апісваў карчму каля савецкай мяжы мінчанін Юзаф Чапскі (успаміны Марыі Чапскай «Зменены час»).
Каб выдаваць у міжваеннай Польшчы газету, дастаткова было фармальнай заявы. А першыя парламенцкія выбары 1922 года былі з рэальным падлікам галасоў. І, паводле іх вынікаў, у сейм абралі 87 дэпутатаў-непалякаў.
У сейме дэпутаты стварылі асобную фракцыю – Беларускі пасольскі клюб, пасля – палітычную партыю, Беларускую сялянска-работніцкую грамаду з Тарашкевічам на чале. Адчуўшы, што ўзнікла нацыянальная сіла, якая бароніць іх інтарэсы, у Грамаду запісалася сто дваццаць тысяч чалавек. Ствараліся адукацыйныя гурткі, выдаваліся газеты.
«Разумны, рухавы, спрытны, высокі, гжэчны, рашуча напорысты», – такім пабачыла Тарашкевіча яго будучая жонка, мінчанка Вера Снітка. Яна была пляменніцай Аляксандра Уласава – рэдактара легендарнай «Нашай Нівы», а за польскім часам – таксама палітыка. Тарашкевіч пазнаёміўся з Верай у маёнтку Уласава пад Маладзечнам.
«У Мігаўцы на сядзібе дзядзькі Уласава была невялічкая спартовая пляцоўка з рознымі там турнікамі, бумамі, брусамі для раўнавагі. Дзядзька Уласаў культаваў фізкультуру і спорт, цікавіўся ўсім гэтым і сам патроху займаўся гімнастыкай, лічыў, што спорт – гэта здароўе. Ён і Броніка далучыў. От на адным такім брусе з кольцамі я і прыспела Броніка…»
Палітычнаму лідару прадказала арышт варажбітка
У 1926 годзе лідараў Грамады пазбавілі дэпутацкай недатыкальнасці, арыштавалі і асудзілі на вялікія тэрміны. Партыю забаранілі. Яе газеты пазачынялі, следам – беларускія школы і гімназіі. Усяго па справе Грамады судзілі 4 000 чалавек.
Адзін з лідараў Грамады Сымон Рак-Міхайлоўскі успамінаў, што арышт яму прадказала варажбітка. «Выяжджаў я тады ўвечары ў Маладэчна (і адтуль ужо не вярнуўся дамоў, а папаў у Лукішкі). У сталовым пакоі былі апрача мяне і жонкі мама мая, наша слуга і яе братава Зося, якая служыла на другім этажы і забеглася да нас. Мела з сабой карты. Вот жа жонка, жартуючы, запрапанавала Зосі паваражыць, як будзе паводзіцца мне ў дарозе. Тая, параскідаўшы неяк карты, раптам ахнула, а за ёю, пабялеўшы і спужаўшыся, пачала глядзець на мяне жонка:"На сэрцы чорная і абапал чорныя!..." - сказала жонка ўзварушаным голасам і"хоць ня веру я картам", кажа, "але нешта нядобрае мае быць!»…
Тое, што ў дэпутата-сацыяліста былі слугі, не мусіць дзівіць, такія былі заходнебеларускія рэаліі. Нават не надта заможныя сяляне наймалі сабе работнікаў і служак, калі была патрэба.
“Уваходжу з лямпай як каралева…” – як скарыць сэрца адукаванай беларускі
Цанілася і выхаванасць. Скарыць сэрца беларускі можна было джэнтльменствам, успамінае Ларыса Геніюш. Яе жаніх, прыехаўшы ў сваты, «гутарыў пераважна з мамаю, якую ачараваў, а мне абяцаў разам, да канца нашых дзён, змагацца за Беларусь... Дамоў ужо не паехаў, толькі па паперы - каб ажаніцца. Відно было, што чалавек моцна пастанавіў нешта, ня мог спакойна прайсьці ля мяне й лапаў усё, ня толькі за рукі, аж я зазлавалася. Вечарам запаліла лямпу й думаю: панясу яму - а быў ён у маім пакоі,- калі будзе няветлівы, дык я яму такога нагавару! Уваходжу з лямпай, як каралева, падняўшы высака голаў. Мой будучы друг ветліва за яе дзякуе, цалуе мяне ў руку, і абое спакойна жадаем сабе добрае ночы... Такое джэнтэльмэнства мяне канчаткова паканала… Неўзабаве згулялі вясельле».
Вязень польскай турмы мог стылёва апранацца
Польская турма таксама была больш цывілізаваная за савецкую. Рак-Міхайлоўскі ўспамінаў, як пасля этапу да яго зайшоў пазнаёміцца начальнік і параіў класціся адпачываць з дарогі. Або як ён даплачваў за электрычнасць, каб класціся на дзве гадзіны пазней за вызначаны рэжымам час.
Аляхновіч успамінаў момант сустрэчы з Тарашкевічам на станцыі Коласава, калі іх абменьвалі: «Я адчуў ня толькi духовы, але й фiзычны кантраст памiж намi. Вязень"капiталiстычнага гаспадарства" меў на сабе прызваiты фiльцовы капялюш, добра скроенае восеньскае палiто, беззаганна вычышчаныя боты... Савецкi вязень iшоў у старэцкiм падзёртым кажуху на салавецкiм бушлаце…»
Тарашкевічу не дазволілі застацца ў Мінску, забралі на працу ў Маскву. Яго жонка і сын паасцерагліся ехаць за ім у СССР, і праз год Тарашкевіч ажаніўся другі раз. Яго былая жонка таксама выйшла замуж у Радашкавічах. Тарашкевіча расстралялі ў 1937-м як «польскага шпіёна».
Ксяндзоў з Друі выслалі ў Кітай за тое, што маліліся па-беларуску
Пасля разгону Грамады ў атачэнні Пілсудскага задумаліся, як зрабіць беларусаў патрыётамі Польскай дзяржавы. Планавалі афіцыйна спрыяць беларусізацыі – як у БССР: адчыніць некалькі дзясяткаў беларускіх школ, весці беларускую мову ў праграмы польскіх школ Заходняй Беларусі, беларусізаваць царкву. Але пасля нацыянальную палітыку аддалі на водкуп мясцовай адміністрацыі. А тая з большай ахвотай вышуквала сярод беларусаў «камуністаў» і карала іх.
А замест беларусізацыі царквы зрабілі адваротнае: каталіцкіх святароў-марыянаў з Друі, якія служылі па-беларуску, выслалі аж у Харбін (Кітай).
У працяг палітыкі «санацыі» («аздараўлення») у Бярозе Картузскай пад Брэстам стварылі канцлагер для палітычных вязняў. Там ужо і білі, і аблівалі вадой з брандсбойта, і ставілі на «расцяжку».
Чым бліжэй ішло да вайны, тым больш было жорсткасці.
«Недзе зноў раскрылі камуністычныя ячэйкі, – успамінала Ларыса Геніюш. – Днём бралі дарослых, а ранічкай вялі пастушкоў непаслушных, пакуль людзі яшчэ не паўставалі. Кажуць, што ўсіх моцна білі. Калі аднаго з іх выклікалі на чарговы допыт, Ён папрасіў ножыка, каб крыху пад’есьці з перадачы, якую яму прынесьлі. Ён схапіў ножык і на вачох сябе ім зарэзаў, устраміўшы яго ў горла. Казалі, што абураліся нават палякі пад час ускрыцьця, бо ўсё цела ў гэтага хлапца было паадбіванае ад касьцей».
Чаму Сталін баяўся камуністаў з Заходняй Беларусі
Сімпатыі беларусаў да нелегальнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі сапраўды былі высокія. Гэтаму спрыяла ўмелая савецкая агітацыя (сяляне бесперашкодна слухалі савецкае радыё) і няпростае становішча на вёсцы – насельніцтва расло, зямлі было мала, прамысловасці ў гарадах, якая патрабавала б рабочых рук, фактычна не існавала. Сялян абурала тое, што каля 40 працэнтаў зямлі было ў руках паноў-абшарнікаў. Апроч таго, дзяржава раздавала па 15–25 гектараў асаднікам – былым салдатам і афіцэрам з Польшчы. Асаднікі былі «пятай калонай», апорай паланізацыі. Яны мусілі дапамагаць войску і паліцыі душыць «масавыя беспарадкі».
Не маючы працы ні на зямлі, ні ў гарадах, беларусы эмігравалі – за 1925–1938 г. на Захад выехала з Заходняй Беларусі 78 тысяч чалавек.
КПЗБ існавала на савецкія грошы і вяла агітацыю за сацыялізм і ўз’яднанне з БССР. Але яе дзеячы шчыра верылі, што БССР – беларуская дзяржава. Для такіх, як паэт Максім Танк, камуністычная дзейнасць адначасова была і змаганнем за беларускую незалежнасць і нацыянальныя правы. Яны не былі гатовыя прыняць савецкую русіфікацыю і ператварацца ў паслухмяных «вінцікаў» сталінскай сістэмы.
У 1938-м КПЗБ расфарміравалі рашэннем з Масквы. СССР рыхтаваўся далучаць заходнебеларускія землі, і малакіраваныя беларускія патрыёты на кіроўных пасадах у новай частцы краіны Маскве былі не трэба.
Пасля «ўз’яднання» беларусаў усё адно не пускалі з Усходняй у Заходнюю
Польска-савецкая мяжа была настолькі шчыльная, што сваякі дзесяцігоддзямі не мелі кантактаў – як сённяшнія паўночныя карэйцы з паўднёвымі.
Пісьменнік Васіль Быкаў успамінаў: «Мама паходзіла з таго боку мяжы і ўсе тыя гады ня мела ніякай сувязі з братам. Нават ня ведала, ці жывы ён. У трыццаць дзявятым годзе пасьля ўзьяднаньня паявілася нейкая надзея хоць бы атрымаць вестку. Новую мяжу адсунулі за Беласток, але старую не ліквідоўвалі. Ахоўвалі па-ранейшаму пільна, каб ніхто – ні адтуль, ні туды. Мы чакалі. Але неяк галоднай парой маці наважылася і пайшла – цераз лес, балота, каля возера, ужо дарогу яна памятала зь дзяцінства. I прайшла. I вярнулася. I прынесла галодным гасьцінцы – у мяшэчку трохі мукі і бараньнюю лытку. Аказалася, што брат пад панскім прыгнётам усё ж жыве лепей, чым сястра-калгасьніца, у якой на стале даўно няма хлеба».
Беларусаў, якія байкатавалі выбары, не пускалі вучыцца за мяжу
Беларусы ў Польшчы цярпелі ад тупасці чыноўнікаў-шавіністаў. Ларыса Геніюш успамінала, як яе мужу не давалі пашпарт на выезд у Прагу, дзе ён мусіў абараніць дыплом у медуніверсітэце.
«Бліжыліся польскія выбары, гдзе кандыдатаў назначалі згары. Яшчэ рана вясною памёр Пілсудскі, палякі стараліся мацней трымаць свае меншасьці. Ужо не гаварылася – Беларусь, а «ўсходнія крэсы», а народнасьць проста пісалі: тутэйшая. Беларусы байкатавалі выбары, не пайшлі на іх і мы.
Збліжаўся час ехаць мужу ў Прагу. Але якое было нашае зьдзіўленьне, калі мужу не дазволілі выехаць з Польшчы, тут нам прыпомнілі й тое, што не пайшлі мы на выбары... беларусу неабавязкова быць лекарам, ёсьць у бацькі шэсць гектараў і трэба араць іх».
Праца на зямлі для большасці сапраўды была адзіным магчымым выбарам. «Зямля была для нас усім: калыскай, хлебам, песьняй, любоўю, магілай. Чым больш зямлі, тым болей надзейнае заўтра, ніякае надзеі больш на ратунак».
З далучэннем да СССР беларусы страцілі гэту апору і за паўстагоддзя вымушаныя былі стаць гарадской нацыяй.
І ўсё ж з адлегласці часу заходнебеларускі перыяд успрымаўся іначай, чым з сярэдзіны. Часта пачуеш такія ацэнкі, як у кнізе “Сцебуракаў лёс”: «Для нашай сям’і васямнаццаць гадоў жыцця за Польшчай былі спакойным часам, які сёння ўспрымаецца з пэўнай настальгіяй і сімпатыяй. Праўда, якім добрым быў той час, асабліва выразна мы ўсвядомілі пазней, калі на нас абрынуліся вайна, рэпрэсіі, раскулачванне і высылка».