Штогод 21 лютага ў свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Мерапрыемстваў у Мінску, скажам шчыра, будзе няшмат, але нешта выбраць можна.
Набыць кнігу на роднай мове са скідкай
Дзе: усе кнігарні сеткі «Белкніга».
Скідка: 10%.
«Белкніга» віншуе ўсіх са святам і па сёння праводзіць акцыю – ва ўсіх кнігарнях сеткі дзейнічае скідка 10% на ўсе кнігі на роднай мове. Можна набыць творы Купалы, Коласа, Караткевіча і іншых – і папоўніць сваю дамашнюю бібліятэку творамі, якія заўжды будуць актуальнымі.
Бясплатна адправіць паштоўку
Калі і дзе: 16:00–18:00, галоўпаштампт (ля плошчы Незалежнасці).
РУП «Белпошта» праводзіць акцыю «Міжнародны дзень роднай мовы», у рамках якой вы можаце купіць паштовую картку, напісаць на ёй цёплыя словы ў адрас сяброў і блізкіх, а супрацоўнікі прадпрыемства бясплатна даставяць яе ў любое месца Беларусі.
Пабываць на адкрыцці выставы «Гадзіна мовы»
Калі і дзе: 16:00, музей кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Уваход: вольны.
На выставе ўпершыню будуць прадстаўлены 7 мадэляў гадзіннікаў лімітаванай калекцыі «Мова», выпушчаныя ў 2019–2022 гг. Апошнія рэлізы калекцыі прысвечаны народнаму паэту Беларусі Пімену Панчанку з нагоды 105-годдзя з дня яго нараджэння. На адкрыцці будзе прысутнічаць унучка паэта Кацярына Панчанка, а яшчэ дызайнеры і аўтары калекцыі «Мова» з гадзіннікавага завода.
Схадзіць на літаратурны вечар
Калі і дзе: 18:30, кавярня «1801» (Незалежнасці, 96).
Уваход: вольны.
У прасторы, дзе знаходзяцца крама «Луч» і кавярня «1801», пройдзе літаратурны вечар, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. У рамках мерапрыемства госці прачытаюць свае творы і вершы класікаў.
Сярод гасцей заяўлены Раман Навасельскi, Канстанцiн Дзямiдаў, Валерый Бабкiн, Ганна Багданава, Дзянiс Шпiронак і Андрэй Мiхалевiч. Удзельнікам можа стаць кожны, папярэдні запіс не абавязковы.
Выпіць кавы і атрымаць падарунак
Калі і дзе: увесь дзень, кавярня «Над Нямігай» (Няміга, 5, ГЦ «Метраполь», 3-і паверх).
Толькі ў Дзень мовы для ўсіх гасцей падрыхтавалі падарункі: асадкі, паштоўкі і календары на беларускай мове. Дарэчы, у любы дзень у гэтай кавярні працуе буккросінг з кнігамі на мове, а ўсім беларускамоўным гасцям даюць скідку на каву 20%.
Бясплатна паглядзець крутыя спектаклі
Калі і дзе: увесь дзень на YouTube-канале.
Тыя самыя «Купалаўцы» адзначаюць Дзень роднай мовы ўжо амаль тыдзень. І з гэтай нагоды артысты зрабілі свабодны доступ да сваіх спектакляў: Radziva Prudok, «Войцэк», «Я», «Запіскі афіцэра Чырвонай арміі», «Тутэйшыя». А яшчэ аўдыёспектакль «1984» паводле Оруэла і аўтарскі музычны праект «Я гавару».
Фота: unsplash.com.