Разам з кампаніяй A1 мы працягваем рубрыку «Дзейныя» пра пасіянарных і крэатыўных беларусаў, якія штодзень паспяхова ствараюць сучасную беларускамоўную культуру.
Сёння дзейная – перакладчыца Алена Пятровіч, дзякуючы якой культавы герой дзяцей і дарослых ва ўсім свеце Гары Потэр загаварыў па-беларуску.
Кароткі змест артыкула:
- Пра творчае дзяцінства: чаму вырасці ў Віцебску было крута
- Пра першы кайф ад перакладу: як гэта – выбраць тое самае слова сярод тысячы магчымых
- Чаму важна перакласці «Гары Потэра» на беларускую нават праз 20 гадоў пасля з’яўлення арыгінала
Алена расказвае: шмат хто ўпершыню ў жыцці прачытаў «Гары Потэра» – і менавіта па-беларуску. Мы распытваем яе пра нечаканую рэакцыю чытачоў на яе пераклад.
– Самая нечакана прыемная рэакцыя на першы том была на прэзентацыі ў Гродна, – усміхаецца дзяўчына. – Паненка з залі спыталася: «Ці не падаецца вам, што з кожным томам мова ў раманах пра Гары робіцца складанейшай?» Ваў! Гэта было мегапрафесійнае пытанне! Лексіка ў кнігах сапраўды мяняецца. У першым томе Гары Потэру 11 гадоў – і кніга збольшага разлічана на такіх жа дзяцей. Далей галоўны герой сталее – ускладняецца і сам аповед Роўлінг, – расказвае Алена. І прызнаецца, што ўжо працуе над працягамі кнігі.
Пакуль жа беларускі выдавец бестсэлераў Джоан Роўлінг кажа, што выхад другой кнігі з серыі плануецца сёлета.
Пра творчае дзяцінства: чаму вырасці ў Віцебску было крута
– Мне было забаўна назіраць, як студэнты камплексавалі з-за таго, што яны не з Мінска. Я і яшчэ пара чалавек на курсе, якія таксама былі з Віцебска, гэтага не разумелі. Нам здавалася, што Віцебск – круты горад, а Мінск толькі памерам большы, – кажа Алена.
Канешне, быць з Віцебска – гэта крута, калі ты вырасла сярод старых муроў і камяніц, а вузкія вулачкі для цябе звычайная паўсядзённасць, а не экскурсія. Напрыклад, наша гераіня больш за ўсё любіла гуляць у нетурыстычным раёне каля чыгуначнага вакзала, дзе захаваліся атмасферныя чырвоныя цагляныя будынкі і домік Шагала.
Дзяцінства дзяўчынкі-выдатніцы ў 1990-х было насычана, бадай, самымі класнымі радасцямі, магчымымі ў Віцебску таго часу.
– У мяне была вельмі крутая настаўніца пачатковай школы – з беларускай мовай навучання, дарэчы. Муж гэтай настаўніцы граў у тэатры імя Якуба Коласа і вёў у нас драматычны гурток. Мы вучыліся з сапраўдным акцёрам! Дома, як у многіх савецкіх сем’яў, было шмат кніг, – узгадвае Алена.
Яшчэ Алена марыла пра музычную школу па класе фартэпіяна, але маці ўгаварыла дачку пайсці ў мастацкую. У 11-м класе Алена як пераможца конкурса вершаў, прымеркаванага да Дня зямлі, паехала на літаратурныя майстар-класы ў Мінск. Заняткі вялі вядомыя Андрэй Хадановіч і Марыя Мартысевіч, і гэта была першая сустрэча нашай гераіні з вялікім светам сучаснай беларускай літаратуры.
Пра першы кайф ад перакладу: як гэта – выбраць тое самае слова сярод тысячы магчымых
Алена з першага класа паглыблена вывучала англійскую і беларускую мовы. На філфаку БДУ, куды дзяўчына трапіла без іспытаў і дзе сёння яна працуе дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства, да гэтага спіса дадаліся польская з чэшскай. Яна самастойна вывучала іспанскую і нямецкую на пачатковым узроўні, а нядаўна зацікавілася французскай.
– Я люблю вывучаць мовы, мне заўжды падабалася гістарычная граматыка. Асабліва цікава знаходзіць, як старажытнае лацінскае слова рэалізавался, напрыклад, у іспанскай ці французскай, – расказвае Алена.
У 2005 годзе студэнтка паехала на літаратурна-мастацкі пленэр, прысвечаны Караткевічу. Група моладзі тыдзень жыла на беразе возера Дзевена каля Оршы і пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў вучылася тонкасцям мастацтваў.
– Ігар Бабкоў, Ганна Кісліцына расказвалі прыкольныя літаратурна-філасофскія штучкі, Андрэй Хадановіч – пра пераклад. Мне стала так цікава! У нас было заданне перакласці вершы з розных моў. Я выбрала сабе кавалак паэмы «Марыя» Грыцька Чубая. Я вельмі добра памятаю, які кайфовы быў першы працэс перакладу, калі табе трэба сказаць тое самае, толькі іншымі словамі, вырашыць задачу, якая здавалася невырашальнай, – узгадвае Алена.
Пасля таго пленэру наша гераіня стала сталай слухачкай Перакладчыцкай майстэрні пры Беларускім калегіюме, дзе пазнаёмілася з многімі вядомымі сёння перакладчыкамі. Амаль з усімі з іх Алена пазней будзе рабіць часопіс перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет».
Чаму важна перакласці «Гары Потэра» на беларускую нават праз 20 гадоў пасля з’яўлення арыгінала
Два гады таму Алена выпадкова даведалася, што выдавец Андрэй Янушкевіч хоча выпусціць беларускамоўны варыянт культавага «Гары Потэра», – і сама даслала яму 20 старонак свайго перакладу. Выдаўцу спадабалася, і пілотны кавалак першага тома разам з рэзюмэ перакладчыцы адправіўся праваўладальнікам у Вялікабрытанію.
Восенню 2018 года дзяўчына пачала перакладаць штодзень па некалькі старонак і праз паўгода скончыла першую кнігу серыі «Гары Потэр і філасофскі камень». У 2019 годзе кніга пабачыла свет у выдавецтве «Янушкевіч».
– Калі ў арыгінале чарадзейскі заклён гучаў па-лацінску, я яго пакідала, – тлумачыць Алена. – Для нашай традыцыі лацінская мова натуральная.
Заклёны па-англійску я перакладала, як і гаваркія імёны. Калі імя не столькі гаваркое, як сабе бачаць перакладчыкі на розныя мовы, я пакідала ў арыгінальным варыянце. Напрыклад, Снэйп у мяне застаўся Снэйпам. Наколькі я чула, у рускім перакладзе перакладчыкі вырашылі, што Снэйп падобны да «снэйк», што значыць змяя. Змяя – гэта штосьці халоднае, як снег. Каб «снег» гучала больш па-англійску, напісалі з двума літарамі «г» на канцы. Па мне, гэта прыцягнута за вушы.
Арыгінал першай кнігі Джоан Роўлінг выйшаў у 1997 годзе, у 2000-м – афіцыйны рускі пераклад, у 2001-м – фільм. Здавалася б, усе ўжо прачыталі і паглядзелі «Потэра» па-руску. Навошта было больш чым праз 20 гадоў рабіць беларускамоўную версію?
– Мне вельмі падабаецца думка: пра прысутнасць тваёй мовы ў свеце сведчыць наяўнасць перакладаў на тваю мову пэўных кніг. У старажытнасці такой кнігай была Біблія. Сёння, калі твая мова прысутная ў інтэрнэце, у «Вікіпедыі», значыць твая мова існуе. Да гэтага спіса далучалі «Маленькага Прынца», а зараз гавораць пра «Гары Потэра», – тлумачыць перакладчыца.
– Мне падаецца, сакрэт папулярнасці гісторыі пра хлопчыка-чараўніка, як бы банальна ні гучала, у канфлікце дабра і зла, які цікавіць людзей ва ўсім свеце. Адна з маіх асабіста любімых сюжэтных ліній – пра эльфаў-дамавікоў, дзе ўздымаецца пытанне дыскрымінаваных груп, – разважае Алена.
Дзяўчына ўжо пераклала другую частку серыі, якая ў беларускамоўным варыянце, хутчэй за ўсё, будзе называцца «Гары Потэр і Таемная Зала». Далей Алена думае ўзяцца за наступныя тамы, каб хутчэй дайсці да пятай кнігі, дзе, дарэчы, узгадваецца Мінск. У «Гары Потэр і Ордэн Фенікса» Хагрыд, вярнуўшыся з падарожжа да веліканаў (спойлер), згадвае, што паспрачаўся з нейкім вампірам у пабе ў Мінску.
Слоўнік
Дарэчы – кстати
Заклён – заклинание
Назіраць – наблюдать
Намёт – палатка
Сёлета – в этом году
Цагляны – кирпичный
Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Віка Мехавіч для CityDog.by.
ООО «Вундербай», УНП 192153894