Разам з кампаніяй A1 мы працягваем рубрыку «Дзейныя» пра пасіянарных і крэатыўных беларусаў, якія штодзень паспяхова ствараюць сучасную беларускамоўную культуру.
Сёння дзейная – беларускамоўная дзяўчына, былая фасоўшчыца пончыкаў, супрацоўніца кніжных крам і выкладчыца традыцыйных народных спеваў, якая адкрыла ўласную краму zero waste (нуль адходаў).
Кароткі змест артыкула:
– Да сметніцы – пяць метраў, а чувак проста сабе пад ногі на траву кінуў бычок. Чувак – бычок у горшым сэнсе, – мы гуляем па парку і назіраем за не самымі прыемнымі паводзінамі нейкага маладзёна. Не спыняючы размовы, Юлія Лісіца падыходзіць, гасіць нагой акурак і сама выкідае яго ў сметніцу.
Пра экалагічны лад жыцця: пабачыла палігон смецця і была ў шоку
Экажыццё Юліі пачалося ў 2016 годзе – яна выпадкова трапіла на экскурсію на палігон Трасцянец, куды вывозяць смецце з Мінска.
– Я глядзела на гэты жах і была ў шоку. Зразумела, што мне хочацца штосьці зрабіць, каб смецця стала менш, наколькі гэта магчыма. І самой пакідаць менш смецця, і даваць магчымасць іншым людзям таксама набываць тавары без упакоўкі.
На той момант Юлія ўжо доўгі час была вегетарыянкай, ганяла на ровары. А пасля экскурсіі на Трасцянец пачала сартаваць смецце. Даходзіла да таго, што дзяўчына вывозіла шкло, пластык і паперу ў іншы канец раёна. Але ў 2016-м жыць без смецця было цэлым квэстам – мала інфармацыі, таму гэта былі спробы навобмацак зразумець, як лепей.
Зараз усё жыццё дзяўчыны пабудавана па прынцыпе «без адходаў»: на кухне мінімум мыйных сродкаў і матэрыялаў. З хіміі – толькі старая банка мыйнага сродку ад маці, якая стаіць ужо паўтара года і выкарыстоўваецца па кропельцы раз на месяц для чагосьці супертлустага.
– Мы выкарыстоўваем люфу (расліна сямейства гарбузовых, плады якой у высушаным выглядзе выкарыстоўваюцца ў якасці мачалак ці губак для посуду. – Рэд.), старыя баваўняныя анучы, каб мыць посуд, у нас шчоткі з ручкамі, каб адціраць закарэлыя плямы. Мой муж карыстаецца выключна гарчыцай і содай на кухні – ім ён дакладна давярае. А я яшчэ карыстаюся нашым гаспадарчым мылам з крамы: ведаю, што там натуральныя складнікі, не будзе ніякай шкоды ні прыродзе, ні нам.
Вось што можна набыць у краме Юліі: бамбукавая зубная шчотка, бутэлька для вады, васковыя сурвэткі, брошка з другаснай сыравіны, губка для посуду з люфы.
Як адкрывалася крама Zerro: «Нам казалі: “Вы цю-цю? У вас усё нармальна з галавой?”»
Ідэю рабіць штосьці, каб пашыраць ідэю жыцця без адходаў, Юлія выношвала амаль два гады, але доўгі час не разумела, што для гэтага трэба і што рабіць.
Потым трапіла на «Акадэмію Zero waste» пры Цэнтры экалагічных рашэнняў і ўжо тады зразумела, што хоча сваю краму з прадуктамі, касметыкай і мыйнымі сродкамі.
Наступным крокам стаў удзел у Social Weekend («Соўшл Уікенд»), на якім Юлія пазнаёмілася са Светай Гатальскай, яны запартнёрыліся і вырашылі адкрывацца.
– Шмат было крытыкі, нездавальнення і нявер’я ў нас перад пачаткам, калі нават людзі з нашага асяроддзя казалі: «Вы цю-цю? У вас усё нармальна з галавой? Вам ніхто не дасць адкрыцца», – адна з актывістак сказала мне гэта ў вочы. Рабіць штосьці насуперак агульнаму «не веру» – гэта крутая здольнасць: мне падаецца, мы яе ў сабе загартавалі за гэты час.
Але ніхто не замінаў, і крама праіснавала паўтара года, пакуль не закрылася праз крызіс. Калі дзяўчаты толькі пачыналі, усё рабілі ўдзвюх, і ў першы час Юля сама развозіла тавары і працавала на касе.
– Спачатку было вельмі шмат людзей, мы проста не паспявалі развозіць заказы: старт быў рэальна вельмі моцны. Мы былі захоплены тым, як усё пачалося. Са знаёмых у нас набывала літаральна некалькі чалавек, усе астатнія былі абсалютна новыя людзі.
Калі толькі адкрылі афлайнавую кропку ў гандлёвым цэнтры, прыходзіла вельмі шмат людзей, і ўсе расказвалі, як крута, што адкрылася такая крама. У Zerro заходзілі Naviband, розныя беларускія блогеры. З усімі пакупнікамі дзяўчына размаўляе па-беларуску, гэта мова яе штодзённага жыцця – і часам у размове людзі таксама пераходзяць на беларускую.
– Аднойчы заходзіла вельмі смешная жанчына-суседка, якая прыйшла і расказвала нам пра тое, як мы заграблі нейкі замежны грант, што мы адбіваем бабло, гэта ўсё пшык, а не крама, наша дзейнасць ніяк не дапамагае экалогіі.
Звычайная аўдыторыя крамы – моладзь, часцей дзяўчаты, і жанчыны каля 45–50 гадоў. Сярод іх вялікі попыт на побытавыя рэчы, якія можна выкарыстаць у гаспадарцы: шматразовыя пракладкі, камплекты мяшкоў, каб схадзіць у краму.
Дзейнасць Zerro не абмяжоўваецца продажам. Дзяўчаты выступаюць як папулярызатаркі экалагічнага ладу жыцця: робяцца адукацыйныя пасты ў сацсетках крамы, распавядаюць пра магчымасці сартаваць смецце, весці экалагічнае жыццё.
Вось што можна набыць у краме Юліі: кухоннае мыла з гарчыцай і содай, цвёрды шампунь, тканінныя сурвэткі для дэмакіяжу, шматразовыя пракладкі.
Як закрывалася крама Zerro: «Ніякага шкадавання няма»
Напачатку 2020 года ўсё паступова пайшло на спад – паўплывала пандэмія. Зменшыліся заробкі ў пакупнікоў – зменшыўся попыт на экалагічныя рэчы: калі раней людзі маглі дазволіць сабе набыць кубак для кавы і хадзіць з ім, то зараз яны думаюць, на якія грошы набыць каву.
Значную ролю сыграў і той факт, што збольшага гэтыя рэчы набываюцца на доўгі тэрмін: за год працы крамы ўсе ахвотныя набыць шчоткі для посуду ці менструальныя чашы закупіліся.
Зараз Zerro перайшла ў анлайн-рэжым, каб перажыць крызіс. Рашэнне не было складаным: у бізнесе трэба разлічваць свае рызыкі і глядзець, што ты можаш сабе дазволіць, а чаго не можаш, разважае Юлія.
– Ніякага шкадавання няма: крама застанецца, проста будзе іншая канцэпцыя, па-іншаму будзем працаваць. І нам не спадабалася быць у гандлёвым цэнры: хацелася б камфортнага месца, знаходзіцца побач з прагрэсіўнымі людзьмі, мець узаемнае натхненне. А там былі дзяўчаты з караоке Меладзэ ў суседнім боксе, з перыядычнымі мацюкамі, і нам даводзілася прыстасоўвацца.
Цяпер уладальніцы крамы спрабуюць выходзіць на больш шырокую аўдыторыю: маладых бацькоў, якія могуць зацікавіцца шматразовымі памперсамі, моладзь, якая трошкі ў тэме, але не шмат ведае пра экалагічныя рэчы.
– Уласнай вытворчасці ў нас няма: усё гэта мы заказваем. Штосьці сертыфікаванае прывозім з-за мяжы: чашы, кубкі, – а тое, што можна закрыць магчымасцямі мясцовых рамесніц, заказваем тут: пракладкі, шоперы, васкавыя сурвэткі.
Мы стараемся балансаваць, каб не ўсё было імпартнае: навошта набываць амерыканскія баваўняныя мяшкі для гародніны, калі ў нас можна заказаць такія ж?
Чаму крама выжыве
Крама Zerro – пакуль, хутчэй, фан для Юлі: вывесці праект на самаакупнасць даволі няпроста. (Зрэшты, для праекта, які існуе паўтара года, у Zerro някепскія абароты.) «Асноўнае месца працы» дзяўчыны таксама звязана з экалогіяй.
– Я таксама працую каардынатаркай праекта AirMQ.by, які займаецца грамадскім маніторынгам паветра ў Беларусі: мы ўсталёўваем датчыкі ў розных кропках краіны, якія вымяраюць узровень пылу і забруджвання паветра, топім за тое, каб людзі ведалі, чым яны дыхаюць і што таксама маюць уплыў на такую базавую рэч, як паветра.
Па адукацыі Юлія мастацтвазнаўца, а па жыцці – экалагічная актывістка, феміністка і раварыстка. Але Zerro рана ці позна стане асноўным яе заняткам.
– Натхненне для працы ў Zerro знаходзіцца проста. Спачатку я бачыла, што ёсць запыт на такія тавары, потым пачала атрымліваць драйв ад самаго працэсу стварэння крамы і працы ў ёй.
Мне здаецца, бізнес без місіі – трошкі правальная гісторыя, наўрад ці я змагу займацца проста зарабляннем бабла. Таму Zerro – гэта бізнес з місіяй: мы не хочам прыніжаць сваіх патэнцыйных пакупнікоў, маўляў, не карыстаецеся экатаварамі – значыць, дурні! Наша місія – дапамагаць людзям рабіць свет вакол іх лепшым. У літаральным сэнсе.
Слоўнік
Ануча – тряпка
Ахвотны – желающий
Баваўняны – хлопковый
Даводзіцца – приходиться
Загартоўваць – закаляться
Закарэлы – засохший, превратившийся в корку
Літаральна – буквально
Навобмацак – на ощупь
Побыт – быт
Попыт – спрос
Прага – жажда
Ровар – велосипед
Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Віка Мехавіч для CityDog.by, zerro.by.
ООО «Вундербай», УНП 192153894
Ерунда какая. В 2016-м давно уже раздельные контейнеры стояли в каждом дворе и уж точно не надо было ездить на другой конец района.
Мая дарагая Грушаўка акурат гэткі мядзвежы вугал (далёка не адзіны ў Мінску), на якім толькі ў 2017 пачалі з'яўляцца кантэйнеры для пластыка. А кантэйнеры для шкла і паперы і па сёння стаяць далёка не паўсюль.
Я не отрицаю того, что в конкретном дворе не было раздельных контейнеров - что у героини, что у вас. Я считаю сильным преувеличением вот это:
"Даходзіла да таго, што дзяўчына вывозіла шкло, пластык і паперу ў іншы канец раёна".
То есть, даже не в соседний двор, не в двор через дорогу - а в другой конец района. Сильно смахивает на вранье.