«Мы гулялі ў дартс у офісе і атрымлівалі цудоўныя заробкі». Гэты геолаг звольніўся з працы, каб рабіць модны беларускі streetwear LSTR

«Мы гулялі ў дартс у офісе і атрымлівалі цудоўныя заробкі». Гэты геолаг звольніўся з працы, каб рабіць м...
Разам з кампаніяй A1 мы распачынаем рубрыку «Дзейныя» пра пасіянарных і крэатыўных беларусаў, якія штодзень паспяхова ствараюць сучасную беларускамоўную культуру.

Разам з кампаніяй A1 мы распачынаем рубрыку «Дзейныя» пра пасіянарных і крэатыўных беларусаў, якія штодзень паспяхова ствараюць сучасную беларускамоўную культуру.

Першы «Дзейны» – стваральнік моднага брэнда, які апрануў беларусаў у адметнае адзенне і даў старт модзе на сваё-роднае.

Кароткі змест артыкула:

Слоўнік

Балазе – благо
Бракуе (чагосьці) – не хватает (чего-то)
Вершнік – всадник
Замова – заказ
Намёт – палатка
Размеркаванне – распределение
Свідравiна – скважина
Скеміць – сообразить
Цішотка – футболка, от английского T-shirt

Як усё пачыналася: «Мы проста гулялі ў дартс у офісе і атрымлівалі цудоўныя заробкі»

Пакуль долата спецмашыны бурыла свідравіну недзе пад Астравецкай АЭС, геолаг Ілля Аксёнаў адышоў крыху ўбок патэлефанаваць, ці гатовы біркі на цішоткі. «Пашыта пяшчотнымі рукамі беларускіх нявінніц» – тыя самыя, пра якія неўзабаве напішуць усе медыя і з якіх пачнецца гісторыя LSTR.

Мала хто ведае, што стваральнік LSTR да таго, як заняцца streetwear (вулічным адзеннем), працаваў у дзяржаўнай арганізацыі. Выпускнік геафаку БДУ атрымаў гэту работу па размеркаванні і, у прынцыпе, не скардзіўся, бо даследаваць глебы ў палявых умовах хлопцу падабалася.

– Праца была класная, балазе пра «айцішку» тады ніхто не ведаў. Мы актыўна вывучалі будучы тунэль для трэцяй лініі метро: бярэш пробу з глыбіні 40 метраў і даеш заключэнне пра склад грунту, ад якога шмат што залежыць у далейшым будаўніцтве.

Мне здаецца, што я і сёння мог бы гэта зрабіць, калі б у мяне была свідравальная машына.

Праўда, хапала і таго, што для маладога і амбітнага спецыяліста аказалася непрымальным.

– Былі месяцы, калі было шмат замоў, але не плацілі заробкаў, а калі не было праектаў, мы проста гулялі ў дартс у офісе – і атрымлівалі цудоўныя заробкі.

Мне бракавала справядлівасці і логікі. Навошта было там працаваць? Я патэлефанаваў маці, якая параіла «не прымаць паспешных рашэнняў». Калі я гэта пачуў, вырашыў, што трэба дакладна звальняцца.

Да таго ж тады ўжо развіваўся LSTR, а ў нас пачаліся аб’екты за Мінскам, якія вымагалі частых камандзіровак.

Так ці інакш, за грошы, заробленыя ў той канторы, будуць пашыты першыя пяцьдзясят цішотак LSTR з крылатым вершнікам – хоць гэтай падзеі папярэднічала яшчэ адна амаль што выпадковасць.

У 2010 годзе Ілля з сябрамі паехаў у Польшчу на святкаванне ўгодкаў Грунвальдскай бітвы. У адным з намётаў яму кінулася ў вочы цішотка з прынтом варшаўскага палка Напалеона. Хлопец скеміў, што гэта ніша ў Беларусі цалкам свабодная, прыдумаў канцэпцыю, брэнд, план і …

– Не-не, так я не разважаў. Тады я не ведаў такіх катэгорый бізнесу. Мне захацелася зрабіць штосьці такое ж, толькі пра беларускую гісторыю. І гэта аказалася не так ужо і цяжка. Былі сябры, якія дызайнілі-малявалі, мы знайшлі вытворчасць у Мінску. Ну, і неяк заварушылася, – кажа Ілля.

Адкуль такая назва – LSTR?

«Я лічу, што яна не суперкласная. Мы імкнуліся выдзеліцца і назвалі “Люстрацыя”, а потым падумалі, што гэта надта радыкальна. Мы не хацелі б рабіць праект для 50 чалавек, але было позна, бо яно ўжо пайшло, таму пераназывацца было б таксама дзіўна. Сёння часцей за ўсё мы адказваем, што LSTR нічога не значыць. Урэшце рэшт, колькі людзей ведае, як расшыфроўваецца БАТЭ?»

Як ён рызыкнуў і арганізаваў уласную вытворчасць: «Я кайфую»

У 2012 годзе ў Мінску сапраўды літаральна не было чаго апрануць модна-патрыятычнага.

Свае цішоткі брэндзіравалі палітычныя партыі і маладзёжныя арганізацыі, аднак гэтыя рэчы выглядалі даволі сумна і разыходзіліся сярод «сваіх». Грамадска-культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» толькі-толькі пачала распаўсюджваць на сваіх мерапрыемствах «патрыятычныя» майкі з лагатыпам-арнаментам, сярод якіх упершыню з’явіліся жаночыя мадэлі і малыя памеры.



 

Яшчэ цішоткі на беларускую тэматыку з дасціпнымі надпісамі былі ў дызайнерскай студыі «Адліга». І ўсё. Да «вышываначнага буму», калі ў беларускія ўзоры пераапрануцца ўсе – ад хіпстара да спартоўца, ад селебрыці да чыноўніка, – было яшчэ далёка.

Першыя цішоткі LSTR разышліся вельмі хутка праз сацсеткі. Ілля звярнуўся з наступнай замовай да падрадчыкаў, аднак супрацоўніцтва не склалася.

Бізнесмен-пачатковец адважыўся арганізаваць уласную вытворчасць. У гэтым сэнсе ў LSTR прынцыповая пазіцыя: адшываць прадукцыю з нуля, цалкам кантралюючы працэс, а не наносіць прынты на гатовыя цішоткі з Кітая.

За восем гадоў былы географ-геолаг дасканала вывучыў усе відавочныя і схаваныя цяжкасці «швейкі» ў Беларусі.

– Сёння зрабіць любы прадукт – не праблема, абы была ідэя. Тэхналогіі дазваляюць вырабіць любую тканіну, колер ці фурнітуру. Але толькі не ў нас. Плюс сертыфікацыі і стандартызацыі, карані якіх сягаюць у лёгкую прамысловасць часоў СССР, – гаворыць хлопец.

Усё гэта, па меркаванні героя, стрымлівае развіццё галіны. Тым не менш за ўвесь час Ілля ні разу не пашкадаваў пра тое, што калісьці кардынальна змяніў прафесію.

– Быць бізнесменам – гэта цяжар адказнасці і асалода свабоды адначасова. Як Інь-Янь. Нягледзячы на мінусы, стрэсы, я кайфую ад усведамлення таго, што ад тваіх рашэнняў залежыць усё, – дзеліцца Ілля.

Папулярнасць брэнда LSTR не надта змяніла жыццё простага хлопца з Брэста (менавіта там нарадзіўся і вырас наш герой). Хіба дзякуючы ўсёй гэтай прыгодзе сустрэў дзяўчыну. «Гэта я лічу суперкрутым дасягненнем», – усміхаецца хлопец.

Ілля кажа, што зусім не лічыць сябе бамондам. На Belarus Fashion Week ён трапіў толькі аднойчы – і тое выпадкова. Яшчэ пару разоў LSTR удзельнічаў у дабрачынных паказах Нацыянальнай школы прыгажосці. Звычайны дзень Іллі праходзіць паміж майстэрняй у прамысловым раёне горада, крамай ля Камароўкі і шматлікімі сустрэчамі.

– Вядома, я адчуваю прызнанне, калі бачу людзей у нашых шмотках, калі хлопцаў, што фатаграфуюцца для нашай інтэрнэт-крамы, пазнаюць у барах і наліваюць шот.

Майму бацьку (на жаль, ён нядаўна памёр) вельмі падабалася тое, што мы робім. Ён ахвотна насіў нашы рэчы. У такія моманты я адчуваў неверагодныя эмоцыі і быў шчаслівым чалавекам.

А вось той знакаміты дзядзька-прадавец: «Першы час не верылася, што я запатрабаваны»

У LSTR працуе яшчэ адзін легендарны чалавек – спадар Анатоль Гардзей. Пяць гадоў таму Ілля парваў усе стэрэатыпы пра людзей на пенсіі, запрасіўшы на работу чалавека ў «залатым узросце».

У краму LSTR варта заходзіць толькі з-за аднаго спадара Анатоля: настолькі ветлівага, камунікабельнага і дасведчанага прадаўца-кансультанта ў Мінску сустрэнеш нячаста.

Да LSTR спадар Анатоль 12 год працаваў у Гандлёва-прамысловай палаце, дзе да апошняга займаўся экспертызай і сертыфікацыяй экспарту.

– Складана ўсведамляць, што на пенсіі няма патрэбы ў тваім досведзе і розуме. Ты са страхам чакаеш гэтага рубяжа, – кажа спадар Анатоль. – Са мной усё здарылася знянацку: абяцалі, што яшчэ як мінімум на год я затрымаюся і буду рыхтаваць змену.

Аднойчы патэлефанавалі з аддзела кадраў і сказалі: «Хутчэй за ўсё, мы вам падзякуем. Мы ўжо рыхтуем вам каштоўны падарунак». Шэсць месяцаў я «вісеў у паветры», хоць прыватна займаўся рэпетытарствам па польскай мове. Нягледзячы на гэта, мне было вельмі сумна.

Спадар Анатоль паказвае сваю любімую мадэль LSTR. Цішотку ён і ягоныя сыны купілі яшчэ тады, калі Ілля сам развозіў замовы, прызначаючы сустрэчы пакупнікам уздоўж лініі метро.

З Іллём сябраваў сын пенсіянера, які і прапанаваў паспрабаваць свайго бацьку ў якасці прадаўца.

– Першы час мне нават не верылася, што я зноў магу быць запатрабаваным. Прызнанне з боку пакупнікоў прыйшло даволі хутка, – радуецца прадавец.

Спецыфіку брэнда спадар Анатоль засвоіў вельмі хутка. Тое, што на ягонай папярэдняй працы называлася «фуфайка с длинным рукавом мужская», стала лонгслівам. Світшоты, худзі, зіперы, бомберы – натуральная частка паўсядзённасці і звычайны гардэроб спадара Анатоля.

Ён кажа, што, нягледзячы на досвед лёгкай прамысловасці, не бачыць сэнсу ўдзельнічаць ва ўсіх справах брэнда. Яму хапае працы ў краме.

Спадар Анатоль любіць маладую аўдыторыю брэнда, таму трымае руку на пульсе моладзевай моды.

 

– Я не лічу, што ў рэчы таго ж H&M ты будзеш выглядаць індывідуальна і густоўна. А як апранеш нашу, ты будзеш заўважальны, да цябе можа падысці такая самая белая варона, як ты, завязаць знаёмства. Так і здараецца. Аднойчы я сустрэў нашага пакупніка ў аэрапорце Стамбула. І я, і ён былі ў нашай вопратцы – прывіталіся, як родныя.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Віка Мехавіч для CityDog.by.

ООО «Вундербай», УНП 192153894

поделиться