Беларуская мова не заўжды была «як чуецца, так і пішацца». Ёй мінімум 800 гадоў

Беларуская мова не заўжды была «як чуецца, так і пішацца». Ёй мінімум 800 гадоў
Беларуская мова перажыла за сваю гісторыю і змяненне імені, і стогадовыя забароны, і спробы поўнага выкаранення. Але, як толькі знікае ціск, пачынаецца росквіт. У чым сакрэт сілы?

Беларуская мова перажыла за сваю гісторыю і змяненне імені, і стогадовыя забароны, і спробы поўнага выкаранення. Але, як толькі знікае ціск, пачынаецца росквіт. У чым сакрэт сілы?

У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.

ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.

Як узнікла беларуская мова? Ёсць дзве версіі

Так, ёсць дзве версіі, і разбежка ў даце нараджэння беларускай мовы паводле кожнай з іх – амаль тысяча гадоў.

Першай канцэпцыі трымаліся мовазнаўцы 1920-х, якія лічылі, што беларуская мова «выдзялілася з праславянскай не пазней 5-га стагоддзя па Хрысце». Другая была прынята ў савецкія часы: лічылася, што пасля праславянскай існавала яшчэ «старажытнаруская» мова, з якой у 13-14-м стагоддзі вылучыліся беларуская, украінская і руская мовы.

Праславянскія часы ва ўяўленні чэшскага мастака Альфонса Мухі (1912).

«Старажытнарускую мову» прыдумалі, каб закабаліць беларусаў і ўкраінцаў

Існаванне «старажытнарускай мовы» цяпер многія навукоўцы адмаўляюць. У часы Расійскай імперыі і яе спадкаемца – Савецкага Саюза – панавала тэорыя «трыадзінага» рускага народа і паходжання ўсходнеславянскіх моў з аднаго «рускага» кораня. Беларусам і ўкраінцам навязвалася каланіяльная ідэя, нібыта іх продкі некалі былі «рускімі», а потым «сапсаваліся», адасобіліся.

Якім чынам ад 5-га да 14-га стагоддзя на гіганцкай тэрыторыі ад Буга да Клязьмы і ад Волхава да дняпроўскіх парогаў магла б захоўвацца «адзіная старажытнаруская мова»? Не было ж ні газет, ні тэлевізара, які б ёю гаварыў, нават пісьменства не было. Прычым дыялектныя асаблівасці маўлення ёсць нават у асобных вёсках, што ўжо казаць пра гарады за сотні кіламетраў адзін ад аднаго.

Ды і з’явіліся падазрэнні, што не ўсе старажытныя плямёны, якія раней лічыліся ўсходнеславянскімі, былі такімі. Радзімічы і вяцічы маглі быць нашчадкамі заходніх балтаў, крывічы – усходніх, а драўляне – увогуле германцамі.

Царкоўнаславянскую мову распрацавалі па загадзе імператара Візантыі

Тэорыю пра вылучэнне беларускай мовы з праславянскай таксама цяжка праверыць: пісьменнасць на нашы землі прыйшла толькі ў 10-м стагоддзі, разам з хрысціянствам, і спачатку выкарыстоўвалася выключна для рэлігійных патрэб.

Звесткі пра тое, як у рэальнасці гаварылі продкі ў дапісьменны час, рэдкія і выпадковыя – накшталт сведчання арабскага падарожніка, які ехаў праз Валынь і адзначыў, як тутэйшы чалавек называе сябе «людына» – у адпаведнасці з нормамі сучаснай украінскай мовы.

І першыя ўсходнеславянскія Евангеллі былі напісаны не жывой мовай наваколляў Кіева ды Полацка, а так званай «царкоўнаславянскай» – гэта была мова славянскіх плямён, якія жылі ў наваколлі сённяшніх грэчаскіх Салонікаў.

Каб пахрысціць падуладных славян, візатныйскі імператар загадаў асветнікам Кірылу і Мяфодзію стварыць для іх алфавіт на аснове грэчаскага і перакласці Святое Пісьмо.

Святыя Кірыл і Мяфодзій з вучнямі. Фрэска з манастыра ў Паўночнай Македоніі.

Так ад самага пачатку зацвердзілася розніца паміж жывой гутарковай мовай і мовай пісьменства. У лёгкай форме такое захавалася і дагэтуль – з сябрамі ў кавярні вы не размаўляеце канцылярскім афіцыйна-дзелавым стылем дакументаў, а заявы ці аўтабіяграфію на працу не пішаце багатым метафарамі літаратурным стылем. А чэхі ўвогуле маюць два варыянты – літаратурная мова для пісьма ды інтэрдыялект для маўлення.

Беларуская мова праяўлялася дзякуючы памылкам старажытных пісцоў

З часам жывая гутарковая мова пачынала прабівацца праз царкоўнаславяншчыну пісьмовых тэкстаў. Асабліва там, дзе пісцу трэба было не перапісваць кнігу з гатовага ўзору, а фармуляваць тэкст самому.

І дзякуючы тым памылкам і апіскам можна заўважыць, што пад Ноўгарадам, каля Полацка з Віцебскам і ў Кіеве гаварылі па-рознаму.

Першыя рысы беларускай мовы праступаюць у гандлёвай дамове 1229 года князя Мсціслава з Рыгай і Готландам. Князь Мсціслаў Давыдавіч кіраваў Полацкам, Віцебскам і Смаленскам – гэта значыць, кантраляваў гандлёвы шлях з Балтыйскага мора па Дзвіне ў Візантыю і на Блізкі Усход.

Беларуская мова праявілася ў дакументах, якія рэгулявалі міжнародны гандаль.

Дамова пра роўныя ўмовы гандлю для полацкіх, віцебскіх, смаленскіх і нямецкіх купцоў дзейнічала 200 гадоў. Яна захавалася ў нямецкім і славянскім варыянтах. У славянскім тэксце мы лёгка можам заўважыць рысы, уласцівыя сённяшняй беларускай мове. Там з’яўляецца прыназоўнік «у» і пераход заднеязыковага «г» у «з» пры змякчэнні – «у Ризе» замест «въ Риге»; мяккія канчаткі дзеясловаў – «идеть», «едеть» замест «идетъ», «едетъ» (форма «ідзець», «нясець» захоўваецца ў паўночных беларускіх дыялектах); поўнагалоссе – «соромъ» замест «сърамъ».

І такое спрэс у граматах тых часоў: пісцы ляпілі памылкі, выкліканыя тым, што дома яны гаварылі зусім не так, як прынята было пісаць. Мовазнавец Янка Станкевіч, аналізуючы, чаму ў лісце рыжанаў віцебскаму князю Міхаілу Канстанцінавічу (1270-я) замест «княже» пішацца «княжо», даводзіў, што гэта прыкмета акання – адной з самых выяўных рыс беларускай мовы (увага: далей – цытата па кнізе Станкевіча, які напісаў свае манаграфіі не на звыклай літаратурнай беларускай мовай, а на беларускай мове, якая па вайне замацавалася ў асяродку беларускай эміграцыі):

«Акаючы пісар, ведама, не думаў перадаваць аканне на пісьме, бо гэта было б проці правілаў тагачаснага этымалагічнага правапісу, ён не хацеў рабіць памылак… Калі па шыпячых перад цвярдымі на месцы ненаціскнога “е” ў сярэдзіне слова знаходзім адзін раз “е”, другі раз “о”, дык гэта зноў з прычыны акання, бо калі “а” вымаўлялася, але не пісалася, дык замест яго можна было напісаць як “е”, так і “о”».

З часам у пісьмовай мове, што бытавала на прасторах старой полацкай зямлі, з’яўлялася ўсё больш беларускіх адметнасцей. І яны ўспрымаліся ўжо не як памылкі, а як норма. Называлася гэта мова «рускай», але па сутнасці была старабеларускай.

Трэба памятаць: маскоўскія вялікія князі намнога пазней назвалі ўсё «рускае» сваім, каб прысвоіць беларускія і ўкраінскія землі ды іх культурныя здабыткі.

Часы ВКЛ – росквіт старабеларускай мовы

Вялікія князі літоўскія Ягайла і Вітаўт выдатна ведалі старабеларускую мову. Але, калі хацелі штосьці таемнае абмеркаваць пры чужых, пераходзілі на літоўскую.

У Вялікім Княстве Літоўскім «руская мова» была дзяржаўнай – на ёй вялася дыпламатычная перапіска, складаліся дакументы для ўнутранага ўжытку. Вось як яна выглядала ў часы князя Вітаўта:

«А шъто монастырская хмелища здавна, въ тое князь великого людемъ не надобе уступати се. А у хмелищахъ князя великого и у монастырскихъ большей имъ сеножатей не копать, а хъмелищъ не терать. А то есьмо урадили имъ на обе стороны, какъ имъ было любо, князя великого людямъ и монастыру. А которые съ тыхъ нашъ сезъдъ порушать, тые дадуть князю великому десять рублевъ, а намъ зъ бояры три рубли».

У 16-м стагоддзі Заходнюю Еўропу ахапіла Рэфармацыя – вялікі рэлігійны і грамадскі рух, які абудзіў ад сярэднявечнага сну, запусціў прагрэс і фарміраванне сучасных нацый. Адной з яе ідэй было перакладаць Біблію на даступную народу мову.

Пачаткам Рэфармацыі лічыцца 1517 год, калі святар Марцін Лютэр прыбіў да дзвярэй касцёла ў Вітэнбергу ліст з 95 тэзісаў – прэтэнзій да тагачаснай Каталіцкай царквы.

Біблія Скарыны.

У тым самым годзе ў Празе доктар Францыск Скарына з Полацка надрукаваў сваю першую кнігу – «Псалтыр», а пасля выдаў «Біблію руску» – ва ўласным перакладзе на мову, набліжаную да той, якой гаварылі продкі беларусаў у Вялікім Княстве Літоўскім:

«У первых книгах своих, еже словуть Притчи, пишеть о науце людей младых, якобы отець сына научаючи единаго каждого особно, яко о сем написал есми ширей в предословии, еже ест в книгу Притчей царя Саломона». (Ф. Скарына. Прадмова да кнігі «Эклезіяст».)

Па-беларуску быў складзены Статут ВКЛ

Пасля Скарына пераехаў у ВКЛ і, ёсць такая версія, браў удзел у падрыхтоўцы першага Статута Вялікага Княства Літоўскага (1529). Гэта быў самы перадавы ў Еўропе звод законаў, на якім грунтавалася пасля і расійскае, і прускае, і польскае права. Ён быў складзены на старабеларускай мове. Вось што, напрыклад, пішацца ў Статуце пра верацярпімасць:

«А ижъ в Речы Посполитой есть розность немалая з стороны веры хрестияньское, забегаючы тому, абы се с тое причины межы людми зашстье якое шкодливое невщело, которую по инших королевъствах ясне видим, обецуем то собе сполне за нас и за потомъки наши на вечные часы под обовязком присеге под верою. Честью и сумненьем нашим, иж которые естесьмо розни в вере покой межы собою заховати, а для розное веры и отмены в костелех крови не проливать».

Захавалася прамова ўкладальніка Трэцяга Статута ВКЛ, канцлера Льва Сапегі, сказаная ў 1588 г. на Варшаўскім сойме, дзе прымалі Статут: «Если которому народу встыдъ правъ своихъ не умети, поготовю намъ, которые не обчым яким языком, але своимъ власнымъ права списаные маем и кождого часу, чого намъ потреба ку отпору всякое кривды, ведати можемъ».

Канцлер ВКЛ Леў Сапега.

Сапега падкрэсліваў, як важна і ганарова мець законы, складзеныя сваёй уласнай мовай. Гэта норма была замацаваная ў раздзеле 4-м артыкула 1-га Статута ВКЛ: «А писар земский маеть по-руску литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншим езыком и словы».

«Беларуская мова на розных этапах свайго развіцця ў пісьмовых помніках называлася па-рознаму, – піша даследчык Л. Леванцэвіч. – Л. М. Шакун у артыкуле “Старабеларуская літаратурная мова” адзначае, што ў помніках пісьменства старабеларуская мова называлася “рускай”, “простай”, “простай малвой”, “простым рускім дыялектам”, “літоўскай мовай”. Царкоўнаславянская мова мела назвы “язык словенски”, “слявянорусски”, “славянороссийски”. С. М. Запрудскі, аналізуючы назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў, для перыяду ХІХ ст. дае наступныя: беларуская, руская, заходняруская, літоўска-руская, русінская, рутэнская, літоўская, крывіцкая. Аўтар адзначае, што “ў ХVІ–ХVІІ стст. немаскоўскія аўтары пад рускімі часцей за ўсё разумелі акурат украінска-беларускае насельніцтва Польска-Літоўскай дзяржавы…” Замацаваны ва ўжытку ў ХІХ ст. тэрмін “беларуская” выкарыстоўваўся яшчэ ў ХVІІ ст.»

Старабеларускай мове ВКЛ не хапіла нейкіх ста гадоў

У той самы час пісьмовая мова выходзіць за парогі храмаў ды канцылярый. Па-старабеларуску з’яўляецца замежная белетрыстыка – перакладныя «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Ацілу, караля вугорскага».

Усё смялей беларусы пачынаюць пісаць сваё ўласнае. У самым пачатку 17-га стагоддзя складаецца «Баркулабаўскі летапіс» – хроніка мястэчка ў сённяшнім Быхаўскім раёне: «Того ж року 88, от семое суботы аж до Рожства Христова велми великая была непогода и неуставичность: в лете дожду не было, а у восень снегу не было, толко вЪтры а дожды, у восень о святом Покрове велми поводок великий был, аж по лугом пошла, праве яко на весне велика была».

Баркалабава ў Быхаўскім раёне – адзіны аграгарадок, які мае свой старажытны летапіс.

«Рускім языком» з’яўляюцца творы новых жанраў – філасофскі дзённік Фёдара Еўлашоўскага, сатыра. На цытаты можна разбіраць ананімны «Ліст да Абуховіча» – здзекі з гора-ваяводы, які страціў Смаленск: «Я так разумею: коли Смоленск оддали, то и тытул продали… Лепей было, пане Филипе, седзець табе у Липе . Увалявся есь в великую славу, як свиня у грась, горш то ся стало, коли хто упадзе у новом кожусе у густое болото, у злом разуменю, у обмовах людзких и у срамоти седзиць, як дзяцел у дупли. От нам за тое, што дзешово Москва соболи продавала: всю Русь з людзми одобрала... А што мы дурные у кожухах сем лет Смоленска добывали, то вы мудрые у соболях за четырнадцат недель оддали…»

Яшчэ сто гадоў – і вырабілася б паўнавартасная літаратура па-старабеларуску. І, магчыма, сёння б мы, як чэхі, мелі два розныя варыянты мовы – літаратурную і гутарковую. А не «як чуецца, так і пішацца».

Але войны з усходнім суседам, які заяўляў правы на ўсё «рускае», не спыняліся. І сталі прычынай жорсткай паланізацыі ў Рэчы Паспалітай 17-га стагоддзя. У самым яго канцы, у 1696 г., справаводства ў ВКЛ было пераведзена на польскую. Старабеларуская літаратурная мова скончыла сваё існаванне. На доўгі час беларуская мова існавала толькі ў вуснай, народнай традыцыі.

У Расійскай імперыі беларускую мову забаранілі на 109 гадоў

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай прасцей не стала: на беларускіх землях пачаў дзейнічаць закон цара Пятра І, які забараняў друкаваць кнігі не па-расійску, «а… церковные старые книги – … исправливать, дабы никакой розни и особого наречия в них не было».

Забаранялі і знішчалі нават зборнікі беларускіх народных песень, сабраных філаматам Янам Чачотам. У адказ на спробы выдаваць беларускія кнігі лацінскім шрыфтам у 1859 годзе за подпісам міністра асветы Расійскай імперыі Кавалеўскага выйшаў цыркуляр: «не допускать употребления польского алфавита при печатании сочинений на белорусском наречии». І тое, што Кастусь Каліноўскі друкаваў сваю «Мужыцкую праўду» па-беларуску, выглядае як лагічны элемент паўстання.

Першы выпуск «Мужыцкай праўды».

«О, загрыміць наша праўда і, як маланка, пераляціць па свеце! Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, но яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўды!»

Новая літаратурная беларуская мова нараджалася на аснове народнай гутарковай мовы, а не ў працяг старабеларускай пісьмовай мовы ВКЛ.

Удзел у паўстанні зусім маладым узяў і Францішак Багушэвіч – бацька новай беларускай літаратуры і адзін з ідэолагаў беларускай нацыі. Мову ён назваў сярод базавых каштоўнасцей беларускага нацыянальнага самаўсведамлення. Бо ні рэлігія, ні дзяржаўная традыцыя не маглі тады аб’яднаць усіх беларусаў.

Францішак Багушэвіч у 1863 г.

Кніжкі Багушэвіча выходзілі за мяжой і перапраўляліся ў Беларусь таемна, як і кніжкі іншых аўтараў. А нехта, як Янка Лучына, называў беларускую мову балгарскай, каб падмануць цэнзуру, і выдаваўся ў Мінску. Сілы і энергія ішлі не на творчасць, а на змаганне з забаронамі.

Паводле сведчання выдаўцоў Вацлава Ластоўскага ды Івана Луцкевіча, ад 1793 да 1905 года «знаходзім толькі два выданні беларускія – гэта два катэхізмы». Усё астатняе было надрукавана нелегальна.

У 20-м стагоддзі беларуская мова займела статус дзяржаўнай – і ледзь не была знішчана

Адменай абмежаванняў на кнігадрук пачалося 20-е стагоддзе – вялікае і трагічнае ў гісторыі беларускай мовы: спачатку віленская «Наша Ніва» аб’яднала ды выгадавала аўтараў, назбірала матэрыялу на слоўнікі, пасля ў 1918 г. з’явілася першая «Граматыка беларускай мовы» Браніслава Тарашкевіча, расквітнела ў 1920-я нацыянальная літаратура.

Браніслаў Тарашкевіч – аўтар першай «Граматыкі беларускай мовы».

Пасля пісьменнікі і мовазнаўцы былі рэпрэсаваны, мова перажыла русіфікацыю, абмежаванне ва ўжытку да мастацкай літаратуры ды фальклору. Савецкі лідар Мікіта Хрушчоў прадракаў, што беларусы першыя адмовяцца ад сваёй мовы і стануць узорнымі савецкімі людзьмі. Беларуская мова ў савецкай Беларусі насіла кляймо «калхознай» – але не згінула.

Цяпер ужо не пачуеш дурноты накшталт «беларускую мову прыдумаў Янка Купала» або «па-беларуску нельга выказаць ніводнай разумнай думкі». Зацукраваных прызнанняў у каханні і вернасці таксама паменела. Але змаганне вакол мовы працягваецца. Менавіта «вакол». Бо заклікі яе забыць і заклікі яе любіць, калі адкінуць знакі палярнасці, будуць мець прыкладна аднолькавы змест – дакладней, ніякага. Навошта мову любіць? Сякеру ці айфон любяць? Мова – гэта інструмент, які дапамагае асэнсоўваць свет. Ёй карыстацца трэба. Не верыце – запытайцеся ў чата GPT. Ён адкажа. Па-беларуску.

 

#Беларусь
поделиться