Сабралі для вас спіс самых розных месцаў ў Мінску – ад кавярняў да салона прыгажосці, – дзе з вамі будуць рады паразмаўляць па-беларуску (а дзе-нідзе яшчэ і зніжку за гэта зробяць)
«Кавярня над Нямігай»
Адрас: вул. Няміга, 5 (ГЦ «Метраполь», 3 паверх)
Час працы: штодня з 11:00 да 20:00
Маленькая беларускамоўная кавярня змясцілася ў самым цэнтры Мінску, але верагодна пра яе ведае не так шмат людзей. Цікава, што тут заўсёды нешта адбываецца: то паэтычна-музычныя вечары, то калядныя спевы, то буккросінг беларускай кнігі «Кнігазварот».
Усім беларускамоўным наведвальнікам кавярня робіць зніжку 10%, а для тых, хто толькі-толькі спрабуе размаўляць на роднай мове: прадугледжаныя кубачкі, з дапамогай якіх можна вучыць новыя словы.
Кавярня «Лава кавы»
Адрас: вул. Кірава, 1
Час працы: працоўныя дні з 09:00 да 20:00; субота з 09:00 да 18:00; нядзеля з 10:00 да 17:00
Яшчэ адна кавярня ў цэнтры, якая «размаўляе» па-беларуску. У меню ёсць як класічныя напоі, так і напоі ад шэф-барыста, а яшчэ смузі, гарбата, какава і нават карысны снядак. А з панядзелка па чацвер чакае спецпрапанова: 350 мл кавы ўсяго за 2 рублі.
Кавярня «Апостраф кава»
Адрас: вул. Алібегава, 28
Час працы: парцоўныя дні з 08:00 да 22:00; выходныя з 09:00 да 22:00
«Беларуская літаратура значна больш, чым наша школьная праграма. Можа быць, некаторых аўтараў вы адкрыеце для сябе ўпершыню? Давайце практыкаваць родную мову разам», – напісана на старонцы кавярні ў Instagram. Справа ў тым, што тут не толькі можна выпіць кубачак кавы з духмянай выпечкай, але і пачытаць беларускамоўныя кнігі.
Лаўндж бар Slash
Адрас: вул. Глебкі, 118
Час працы: панядзелак-чацвер з 11:00 да 23:00; пятніца-нядзеля з 11:00 да 02:00
Беларускамоўныя ўстановы прыходзяць і ў мінскія спальнікі. І Slash – адно з такіх. Меню тут вялікае: ёсць салаты, супы, сэты, гарачае, дэсерты, наліўкі. Таксама сюды можна прыйсці на бізнэс-ланч: пры замове поўнага комплекса (суп, салат і гарачае) атрымаеце дэсерт у падарунак.
Кавярня «9×9»
Адрас: вул. Сурганава, 25
Час працы: працоўныя дні з 09:00 да 21:00; выходныя з 10:00 да 21:00
Адкрылася кавярня нядаўна – летась у жніўні, але адразу ж прыцягнула да сябе ўвагу мінчукоў. Акрамя таго, што яна беларускамоўная, тут заўсёды чакаюць вас «са сваім»: са сваім сабакам, кубкам (зніжка 10%) ці ноўтбукам.
А яшчэ тут можна набыць унікальную рэч – «Беларускія шахматы». У чым іх адметнасць і ці адрозніваюцца яны ад звычайных, запытайцеся ў барысты – вам пра ўсё распавядуць.
Кафэ «Лаўка»
Адрас: вул. Кастрычніцкая, 23
Час працы: кругласутачна
Наўрад ці камусьці ў горадзе трэба прадстаўляць гэта месца. «Лаўка» ужо даўно забяспечвае Кастрычніцкую кавай і сытнымі сэндвічамі з індычкай, вяндлінай, беконам, курачкай ці чым-небудзь іншым.
Кавярня «Маладосць»
Адрас: вул. Якуба Коласа, 33
Час працы: штодня з 09:00 да 21:00
Яшчэ адно месца, дзе вас абавязкова зразумеюць па-беларуску. Сюды можна з жывёламі і кнігамі – у кавярні ёсць буккросінг. Па меню: акрамя напояў тут прапаноўваюць шмат пазіцый пірагоў і торцікаў.
Студыя прыгажосці «Фабрика Грез»
Адрас: вул. Змітрака Бядулі, 6
Час працы: панядзелак-субота з 09:00 да 21:00
Так, у Мінску ёсць салон прыгажосці, дзе з любым, хто размаўляе па-беларуску, таксама будуць размаўляць па-беларуску. Ну ці не падтрымаць такі сэрвіс?
Кнігарня «Галіяфы»
Адрас: вул. Няміга, 3 (цокальны паверх, пав. 47)
Час працы: штодня з 11:00 да 20:00
Тут не проста можна набыць кнігу «Галіяфы»: перыядычна праводзяць аўтограф-сесіі з аўтарамі, мерапрыемствы для дзяцей, розныя акцыі і конкурсы.
LSTR Adziennie
Адрас: вул. Сурганава, 50, пав. 17 (кропка самавываза)
Час працы: працоўныя дні з 11:00 да 19:00; выходныя з 12:00 да 18:00
Для тых, хто хоча размаўляць па-беларуску нават без слоў – цішоткі і пола, байкі і логслівы, абутак і штаны на роднай. Канешне, крама працуе онлайн, але ніхто ж не забараняе перакінуцца «Вітаю, як вашы справы?», калі прыедзеце ў кропку самавываза.
Інтэрнэт-крама «Рагна»
Адрас: вул. Сухая, 4
Час працы: панядзелак-субота з 12:00 да 19:00; нядзеля – выходны
Асартымент крамы – простыя спажывецкія рэчы, арыгінальныя і ўнікальныя сувеніры і падарункі ў беларускім этнастылі. Кожны тавар адбіраецца на падставе традыцыйнасці, экалагічнасці і эстэтыкі. Тут ёсць кнігі, элементы дэкору, торбы, упрыгожванні, паштоўкі – усё гэта можна замовіць на сайце, а забраць самастойна ці ці праз дастаўку.