Кінафестываль «Паўночнае ззянне» распачынае прыём заявак ад беларускіх кінатворцаў. Кожны беларускі фільм, створаны ў 2022-2023 гадах і пададзены на Open Call, можа стаць часткай беларускай конкурснай праграмы 9-га фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне».
З 2020 года на «Паўночным ззянні» існуе беларускі конкурс – праграма беларускага кіно, якая аб’ядноўвае новыя таленавітыя фільмы беларускіх кінематаграфістаў. На працягу кінафестывалю іх ацэньвае міжнароднае журы і выбірае пераможцу.
Якія ўмовы
Сёлета арганізатары кінафэсту шукаюць фільмы, зробленыя беларусамі і беларускамі ў 2022-2023 гадах у любой краіне, у любым жанры і любога хронаметражу.
Дакументальныя, ігравыя, гібрыдныя, анімацыйныя, кароткаметражныя ці поўнаметражныя – усе фільмы будуць разгледжаны адборшчыкам беларускага конкурсу для ўдзелу ў кінафестывалі «Паўночнае ззянне».
Як падаць заяўку
Каб прапанаваць свой фільм для ўдзелу ў «Паўночным ззянні – 2023», трэба запоўніць невялікую форму да 31 ліпеня 2023 года (уключна).
Па ўсіх пытаннях можна звяртацца ў сацыяльныя сеткі праекта ці на support@northernlightsff.com.
У 2023 годзе «Паўночнае ззянне» пройдзе з 13 па 26 лістапада. Кінастужкі беларускага конкурсу будуць паказваць у афлайн-фармаце па-за межамі Беларусі і анлайн па ўсім свеце.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.