Гайды, разборы Наша ўсё
CityDog.io

Такога пра Францыска Скарыну вы не ведалі. Беларускі першадрукар быў неўрастэнікам? І, падаецца, выкрадаў людзей. Пачытайце: такое ў школе не раскажуць

Такога пра Францыска Скарыну вы не ведалі. Беларускі першадрукар быў неўрастэнікам? І, падаецца, выкрада...
Ён быў першым у свеце чалавекам, які змясціў у Бібліі ўласны партрэт. Што гэта было – неўрастэнія ці піяр? Якія цікавыя факты хаваюцца за стэрэатыпным «Францыск Скарына – першадрукар, асветнік, гуманіст»?

Ён быў першым у свеце чалавекам, які змясціў у Бібліі ўласны партрэт. Што гэта было – неўрастэнія ці піяр? Якія цікавыя факты хаваюцца за стэрэатыпным «Францыск Скарына – першадрукар, асветнік, гуманіст»?

У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталяў і акцэнтаў.

ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.

ВАЖНА 2: этот текст можно читать (и копировать!) на русском языке вот тут.

Пару сказаў пра яго выцісне з сябе кожны беларус, а нядаўні школьнік нават працытуе што-небудзь пра звяроў у пустыні. У гонар яго ставяць помнікі, яго імем называецца ўніверсітэт і вуліцы. Ён – наша ўсё. Першадрукар Францыск Скарына – адзін з самых пазнавальных гістарычных дзеячаў Беларусі. Але яго біяграфія – гэта не толькі кнігадрукаванне. І сам ён наўрад ці лічыў яго галоўнай справай жыцця.

Той самы партрэт у Бібліі – галоўнай кнізе хрысціян.

Францыск Скарына нарадзіўся ў Полацку паміж 1470 і 1495 гадамі. Вучыўся ва ўніверсітэтах Кракава і Падуі. Першым ва Усходняй Еўропе выдаў друкаваную кнігу (1517). Заснаваў першую друкарню ў нашым краі (Вільня, 1521). Пераклаў Біблію на блізкую тагачасным беларусам мову. Быў сакратаром дацкага караля і віленскага біскупа, доктарам і садоўнікам чэшскага караля. Памёр у Празе пасля 1551 г.

Чаму Францыск Скарына пачаў займацца кнігадрукаваннем? Спойлер: just business

Чаму сын полацкага купца заняўся такой далёкай ад камерцыі справай? Раней дзеці звычайна працягвалі справу бацькоў. Але Скарына не ж не збіраўся дарма раздаваць кнігі: сваю справу ён разглядаў як бізнес-праект.

«Сучасныя даследчыкі адзначаюць паліграфічныя і мастацка-выяўленчыя тонкасці кніг Скарыны, тое, што ён у сваіх прадмовах і пасляслоўях выкарыстоўваў розныя моўныя, літаратурныя і рытарычныя сродкі і прыёмы. Гэтыя тонкасці можна разглядаць як маркетынгавы ход, а прыёмы – як літаратурную хітрасць, якая мусіла спрыяць рэалізацыі яго “бізнес-праекта”», – піша гісторык Аляксандр Груша.

Прага часоў Скарыны. Гравюра 1493 года.

У Скарыны былі інвестары – багатыя віленскія месцічы і супрацоўнікі сталічнага самакіравання Якуб Бабіч, Багдан Онкаў, Юрый Адвернік. Дарэчы, з удавой Юрыя Адверніка Скарына пасля ажаніўся, меў двух сыноў і атрымаў у спадчыну пасля яе нерухомасць у Вільні на Нямецкай вуліцы.

Хто такія «людзі паспалітыя», пра якіх Скарына пастаянна піша ў прадмовах? І чаму кнігі выдаваліся менавіта для іх?

Месцічам, жыхарам гарадоў найперш адрасаваў свае кнігі Скарына. Гэта было саслоўе, да якога належаў ён сам і якое было тады на ўздыме.

Мяшчанства складалася ў першую чаргу з купцоў і цэхавых майстроў-рамеснікаў. Гарады мелі самакіраванне – Магдэбурскае права, свой суд і эканамічную незалежнасць.

«Усе Скарынавы кнігі выдадзены малым фарматам, каб імі было зручна карыстацца не ў царкве, але найперш у паўсядзённым жыцці. А “Малая падарожная кніжка” і «Апостал» паводле памеру і зместу наўпрост прызначаліся для купцоў, якія маглі браць іх з сабой у падарожжы», – піша даследчык Сяргей Абламейка ў кнізе «Нечаканы Скарына».

У Паўночнай Еўропе гараджане-бюргеры, узмацніўшыся за 100–150 гадоў, сталі рухавіком буржуазных рэвалюцый. Яны абмежавалі ўладу арыстакратыі і заклалі аснову базавага прынцыпу ўладкавання сучаснага грамадства – раўнапраўя ўсіх людзей.

Беларускае мяшчанства не змагло развіцца: войны з Масковіяй у 17-м стагоддзі зруйнавалі беларускія гарады, а ў 18-м стагоддзі шляхта і арыстакратыя, каб узбагаціцца, абмяжоўвалі месцічаў у правах, забіраючы ў свае рукі гандаль, і давялі тых да галечы.

Чаму Скарына – гуманіст, які трапляў у еўрапейскія трэнды?

Сёння друкаванне папяровых кніг, у прыватнасці Бібліі, не ўяўляецца справай цікавай і прагрэсіўнай. Магчыма, праз 500 гадоў нашчадкі будуць так успрымаць запуск «старлінкаў» і распрацоўку штучнага інтэлекту. Тым часам вынаходніцтва кнігадруку адкрыла чалавецтву доступ да вялікіх аб’ёмаў інфармацыі.

У Сярэднявеччы кнігі перапісвалі. На стварэнне копіі Бібліі патрабаваўся год. А пасля, у 1440-я, працаўнік нямецкай люстэркавай майстэрні Іаган Гутэнберг прыдумаў друкарскі станок. Можна было выдаваць кнігі хутка і ў вялікай колькасці, каб чытала многа людзей.

У 16-м стагоддзі кнігадрук падаваўся цудам (ці чартаўшчынай – у залежнасці ад погляду на свет).

У Італіі, Германіі, Чэхіі выбухнуў кнігадрук. Друкавалі найперш Біблію, бо яна была для продкаў універсальнай крыніцай інфармацыі – там, апроч чыста богаслужэбных момантаў, былі звесткі пра стварэнне і будову свету (якія тады падаваліся рэалістычнымі), гісторыю, маральныя прынцыпы. Асобныя кнігі Бібліі можна было ўспрымаць як падручнік па матэматыцы, красамоўстве, як захапляльную белетрыстыку і высокую паэзію.

Чытаць Біблію самастойна ў Сярэднявеччы не рэкамендавалася. Лічылася, што гэта справа спецыяльна падрыхтаваных людзей – святароў, якія трансліравалі цёмным прыхаджанам Святое Пісанне з правільнымі акцэнтамі. Гэта ператварала духавенства ў бескантрольную касту абраных з усімі характэрнымі злоўжываннямі – распустай, хцівасцю, адпушчэннем грахоў за грошы.

Яшчэ адзін момант – мова. Каталіцкі свет – немцы, французы, чэхі, літоўцы – маліліся па-лацінску. Праваслаўны свет – што «русь» (як тады называлі беларусаў і ўкраінцаў), што маскавіты (як тады называлі расіян) – па-царкоўнаславянску. Гэта мова таксама была малазразумелая.

Перакладаць Біблію на даступную народу мову было адной з ідэй Рэфармацыі – вялікага рэлігійнага і грамадскага руху, які абудзіў Еўропу ад сярэднявечнага сну, падарваў усеўладдзе Каталіцкай царквы, запусціў прагрэс і фарміраванне сучасных нацый.

Пачаткам Рэфармацыі лічыцца 1517 год, калі святар Марцін Лютэр прыбіў да дзвярэй касцёла ў Вітэнбергу аркуш з 95 тэзісамі – прэтэнзіямі да тагачаснай Каталіцкай царквы. Гэта адбылося ў канцы кастрычніка. За пару месяцаў да таго, 6 жніўня, у Празе доктар медыцыны родам з Полацка Францыск Скарына надрукаваў сваю першую кнігу – «Псалтыр». Ён пераклаў 150 старажытных гімнаў-псалмоў і напісаў каментарыі. У Празе Скарына выдаў 22 часткі «Бібліі рускай» – ва ўласным перакладзе на мову, набліжаную да той, якой гаварылі продкі беларусаў і ўкраінцаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Да выдадзеных кніг Скарына напісаў 50 прадмоў і 62 пасляслоўі.

Лютэр і Скарына пачалі адначасова.

Чаму ўсе так захапляюцца адукацыяй Скарыны?

Перш чым пачаць кнігавыдавецкі праект, Скарына стаў адным з самых адукаваных людзей свайго часу ва Усходняй Еўропе.

У 1504 годзе ён, скончыўшы школу ці то ў Полацку, ці то ў Вільні, едзе вучыцца ў Кракаўскі ўніверсітэт. Грошы на ўступны ўзнос (3 літоўскія грошы – трохграмовыя срэбныя манеты), харчаванне і жытло на два гады вучобы даў старэйшы брат Іван – багаты чалавек, які жыў у Вільні, меў маёмасць у Полацку, Познані і Гданьску.

У Кракаве на той час ужо была друкарня і «папяровы млын» (так называлася месца, дзе рабілі паперу са старых ануч) – там Скарына і пабачыў, як друкуюць кнігі.

Не задаволіўшыся ступенню бакалаўра вольных мастацтваў, атрыманай у Кракаве, Скарына ў 1512 годзе экстэрнам здае ў адным з найлепшых універсітэтаў Італіі – Падуанскім – экзамены на прэстыжную спецыяльнасць доктара медыцыны.

На экзамен, каб паслухаць незвычайнага «русіна з Полацка», сабралася рэкордная колькасць прафесараў – 33. Магчыма, цікавасць выклікаў факт, што Скарына быў сакратаром караля Даніі. Такую версію выказваў даследчык Вітаўт Тумаш.

Усё жыццё паралельна з іншымі заняткамі Скарына вёў доктарскую практыку. Ці быў ён добрым доктарам? Сведчанняў не засталося. Гісторык Георгій Галенчанка звяртае ўвагу на тое, што Скарынавы мецэнаты і апекуны ды многія блізкія паміраюць у маладым веку. Выходзіць, не ўмеў лячыць. Але гэта была Скарынава бяда, а не віна – людзі не ведалі ні пеніцыліну, ні аспірыну да 20-га стагоддзя.

Адукацыя адкрыла Скарыну шлях у найвышэйшыя сферы – ён, просты чалавек, нават не шляхціц, усё жыццё меў справу з каралямі, герцагамі, князямі царквы. Яны шанавалі яго і карысталіся яго паслугамі.

Як Скарына пачаў кнігавыданне ў ВКЛ: яго выцягнуў у Вільню пазашлюбны сын караля

Магчыма, пераезд Скарыны з Прагі ў 1521-м і заснаванне першай ва Усходняй Еўропе друкарні былі таксама выкліканы кар’ернай перспектывай, якая адкрывалася ў сталіцы ВКЛ.

У той час у Вільні з’явіўся біскуп Ян. Біскупам яго, 20-гадовага студэнта, Папа Рымскі зрабіў па просьбе караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога. Справа ў тым, што Ян быў пазашлюбным сынам караля.

Рэалістычных партрэтаў біскупа Яна не захавалася. Але высокія царкоўныя саноўнікі ў часы Скарыны выглядалі вось так. Папа Леў Х пэндзля Рафаэля (той самы, што зрабіў Яна біскупам).

У Вільню бацька выправіў Яна не маліцца. Ён быў вачамі і рукой Жыгімонта ў Вялікім Княстве, прыглядаў за непакорнымі магнатамі.

Малады біскуп збіраў сабе «каманду» і звярнуў увагу на высокаадукаванага палачаніна. Пры двары Яна і канцлера ВКЛ Альбрэхта Гаштольда ў той час ствараўся першы Статут ВКЛ – самы прагрэсіўны кодэкс законаў тагачаснай Еўропы. Інтэлектуал Скарына, сакратар біскупа, не мог не ўдзельнічаць у яго стварэнні. Першы Статут выйшаў у 1529-м і некалькі разоў дапрацоўваўся – па выніку ў Беларусі ім карысталіся да 1840 года!

У Вільні Скарына выдаў «Малую падарожную кніжку» (збор малітваў і святаў на кожны дзень у зручным кішэнным фармаце) ды «Апостала» (дзеі і пасланні апосталаў Хрыста). Доўгі час лічылася, што пасля яго друкарня згарэла. Аднак, як адзначае Г. Галенчанка, Скарынавымі шрыфтамі і ў наступным стагоддзі карысталіся друкары віленскага праваслаўнага брацтва.

Біскуп Ян быў фанатычным каталіком і Скарыну выкарыстоўваў для змагання з пратэстантамі. Не выключана, што адной са «спецаперацый» была паездка доктара Францыска ў Кёнігсберг.

За гэтым домам па вуліцы Вялікай (Didžioji, 19) месцілася тыпаграфія Скарыны ў Вільні.

Францыск Скарына выкрадаў людзей?

Прусія, былы Тэўтонскі ордэн, толькі-толькі ператварылася ў свецкую дзяржаву. Яе герцаг Альбрэхт Брандэнбург-Ансбахскі планаваў наладзіць кнігадрук, спрыяць мастацтвам і навуцы. І дапамога Скарыны, «выдатнага і шматвопытнага мужа», была яму дарэчы. Аднак, пабыўшы ў Прусіі пару месяцаў, Скарына спешна выехаў, спаслаўшыся на справы. Праз некалькі дзён выявілася, што ён вывез найлепшага доктара і адзінага на ўвесь край друкара. Гневу Альбрэхта не было межаў.

Навошта Скарына пакінуў краіну без спецыялістаў, якія былі на вагу золата? Магчыма, так загадаў біскуп Ян. Прускі герцаг публічна перайшоў з каталіцтва ў лютэранства, і каталікі імкнуліся аслабіць новую пратэстанцкую краіну.

Герцаг Альбрэхт жорстка памыліўся ў Скарыне.

Невядома, ці мучыла Скарыну сумленне. Ён быў слугой біскупа і мусіў выконваць загады. «Слуга» – менавіта так статус Скарыны акрэслівае гісторык Настасся Скяп’ян: «Кім назваць Скарыну? Гэта быў высокапастаўлены слуга, які дзякуючы сваёй дасведчанасці, вопыту і прафесіі атрымліваў вельмі высокую плату».

Да чаго давяло шпіёнскае амплуа: Скарыну падазравалі нават у спробе атруціць самога Марціна Лютэра! Ён згадваў нейкага «доктара Францыска» з Польшчы, падасланага ворагамі. Але той доктар Францішак аказаўся яўрэем, а Скарына ў той час быў у іншым месцы.

За што Скарына сядзеў у турме, хто яшчэ з яго продкаў сядзеў, а па кім турма плакала?

Біскуп Ян, у сваю чаргу, дапамагаў слугу ў складаных сітуацыях. Напрыклад, упрасіў свайго бацьку-караля вызваліць Скарыну з турмы ў Познані, куды яго ўпяклі крэдыторы брата Івана. Цяжбы вакол маёмасці нябожчыка-брата ішлі гадамі і вымотвалі Скарыну. Але дзякуючы ім мы маем стос дакументаў пра яго жыццё.

Скарына прасядзеў у познаньскай турме з паўгода, але затое атрымаў ад караля прывілей, які рабіў яго непадсудным у гарадскіх і земскіх судах ды браў пад каралеўскую «ахову і апеку».

Да такіх перыпетый жыцця тагачаснаму беларусу (як і сучаснаму, дарэчы) было не прывыкаць. Два тыдні ў кандалах прасядзеў у Рызе Скарынаў дзед Грыдка. За яго заступаўся вялікі князь літоўскі Казімір Ягайлавіч: у яго лісце магістру Тэўтонскага ордэна Конраду фон Эрліхсхаўзену паведамляецца, што Грыдка прыехаў па грошы за раней пастаўлены воск, а немец-контрагент Чорны Герке яго закаваў. Гісторык Сяргей Палехаў адзначае, што тая партыя воску была каля 230 кілаграмаў. Відаць, Герке не хацеў вяртаць грошы.

А бацька Скарыны Лук’ян сам быў абвінавачаны ў рабаванні. На яго скардзіўся ў 1492 годзе маскоўскі князь Васіль ІІІ. Нібыта Лук’ян з яшчэ адным полацкім купцом Пракоф’евым абрабавалі маскоўскага падданага, купца Дароню Іванава з Вялікіх Лук. Невядома, ці Лук’ян Скарына сапраўды быў такім адчайным ці князь Васіль, як звычайна, шукаў нагоды для вайны. Але сучаснікі характарызуюць тагачасных палачан як людзей смелых, амбітных, якія ведалі сабе цану.

 

Аблога Полацка войскамі Івана Жахлівага, 1563 год.

«У 1464 годзе палачане, сярод якіх мог быць і Скарынаў дзед, накіравалі ў Рыгу пасланне з такімі словамі: «А Полацк таксама, дзякаваць Богу, места славутае, як і якое іншае, і не ніжэй шанаванае ні за Вільню, ані за Мальбарк, ані Гданьск», – піша Абламейка.

Скарына ўставіў у Біблію свой партрэт: ён быў неўрастэнікам? Ці гэта была піяр-стратэгія?

У Полацку – карані Скарынавай самапавагі. Ён паўсюль падкрэслівае, што ён доктар медыцынскіх навук, знаўца старажытных моў, сын слаўнага горада. На вядомым партрэце яго столік засланы вышываным ручніком з характэрным для Паўночнай Беларусі геаметрычным арнаментам і кутасікамі.

Францыск Скарына быў першым у свеце чалавекам, які змясціў у Бібліі ўласны партрэт – на цэлую старонку! Наступны раз партрэт рэальнага чалавека з’явіўся ў Бібліі праз 124 гады.

Чэшскі гісторык Петэр Войт, які займаецца даследаваннем ілюстрацый Скарынавай Бібліі, лічыць гэта праявай нарцысізму – лёгкага неўрастэнічнага разладу псіхікі. «Мы маем справу з піяр-стратэгіяй», – пярэчыць яму Абламейка.

Партрэт дае пра Скарыну масу інфармацыі. Напрыклад, прафесар-медык Мікалай Сарока выказаў меркаванне, што першадрукар хварэў на падагру: Скарынава нага на партрэце ўкручаная бінтам.

Таксама Войт даводзіць, што ў Скарыны не было вусоў! На партрэце – не вусы, а характэрныя зморшчыны вакол рота. Даследчык лічыць, што гэта не адзіны партрэт Скарыны ў Бібліі: напрыклад, у іншым месцы ён выяўлены ў вобразе апостала Яна. А ў «Кнізе Ісуса Навіна» Скарына нібыта змясціў свой партрэт у дзяцінстве.

Калі высветлілася, што ў першадрукара не было вусоў, уся яго іканаграфія за 100 год паляцела да чорта. На фота: вусаты Скарына ў выкананні Алега Янкоўскага (фільм «Я – Францыск Скарына» (1969)).

Пісаць біблейскіх персанажаў з рэальных асоб – рэнесансная традыцыя. «Беларускі асветнік стаў другім чалавекам у свеце пасля нямецкага мастака Альбрэхта Дзюрэра, хто за выявамі кніжных персанажаў схаваў партрэты рэальных гістарычных асоб», – адзначае Абламейка.

З партрэтаў вынікае, што доктар Францыск меў запамінальную нетыповую знешнасць: круглы поўны твар, вялікія вочы трохі навыкаце, доўгі тонкі нос з гарбінкай. Быў ён мажны, неспартыўнага складу. Так што наўрад ці мог бы служыць у войску, у цяжкай кавалерыі ВКЛ, як фантазіравалі беларускія гісторыкі напачатку 1990-х.

Петэр Войт лічыць, што дзіця на гравюры – сам Францыск.

…і апостал, які моліцца, – таксама Скарына, лічыць Петэр Войт.

Чаму Скарыну не звалі Георгій: хто такое прыдумаў і як гэта абверглі?

Фантазія таго ж узроўню – тое, што Скарыну звалі Георгій. Гэту ідэю прапагандавалі ў часы шалёнай русіфікацыі – у 1860-я і ў 1930-я. Беларусаў спрабавалі ўпэўніць, што да заваявання Расіяй у іх не было гісторыі. А калі і была, дык звязаная з Масквой. Трэба было «прывязаць» і Скарыну, бо асобу такога маштабу не было як абысці. А імя Францыск было занадта нярускім.

І яны прыдумалі, што каталіцкае імя ён узяў, калі паступаў у Кракаўскі ўніверсітэт, – каб схаваць праваслаўнае паходжанне.

Пры гэтым сам Скарына Георгіем сябе не называў. І ўвогуле, у прыродзе існуе толькі адзін дакумент – прывілей Жыгімонта Старога, – дзе стаіць тое «Георгеус». Яшчэ ў 1925-м польскі гісторык Генрык Лаўмянскі паказаў, што ў іншай грамаце таго ж Жыгімонта Скарыну называюць egregius Franciscus Skorina de Polocko. «Egregius» на лацінскай – «слаўны», «выдатны». Перапісчык мог проста паблытаць літары.

А спісы студэнтаў Кракаўскага ўніверсітэта паказваюць, што ў адзін год са Скарынам туды паступалі дзесяць Георгіяў, у тым ліку праваслаўных, – так што шыфравацца патрэбы не было.

Што такое «руски языкъ», якім напісаныя кнігі Францыска Скарыны, і чаму гэта не «русский язык»?

Хай вас не падманвае слова «руская» ў назве Скарынавай Бібліі – у 16-м стагоддзі «рускімі» называліся сённяшнія беларускія і ўкраінскія землі. Гэта пазней Масковія пераназвалася ў Расію, заваявала іх і прыпісала ўсё «рускае» сабе.

Дагэтуль спрачаюцца, ці выдаваў Скарына кнігі на тагачаснай беларускай мове – ці гэта быў адаптаваны варыянт царкоўнаславянскай? Акадэмік Аркадзь Жураўскі лічыў працэнты старабеларускіх і царкоўнаславянскіх слоў у Скарынавых выданнях і даводзіў, што мова царкоўнаславянская.

Але каму тут давяраць – тэарэтыкам ХХ стагоддзя ці самому Скарыну?

Наўрад ці Скарына адважыўся б ставіць на тытул Бібліі слова «руская» («старабеларуская»), калі б яна такой не была, калі б яе чытанне выклікала складанасці ў тагачасных беларусаў. А пераклады Скарыны, хоць і не прызнаныя Царквой, былі папулярныя. Іх нават перапісвалі ад рукі. А ўніяцкі мітрапаліт Антоній Сялява, які жыў у 17-м стагоддзі, увогуле лічыў, што ад Скарыны ў ВКЛ пачаўся Рэнесанс: «Навыдаваў кніг, якія куплялі рускія папы і русіны. А пасля Скарыны, маўляў, пайшлі ерэтыкі Будны, Цяпінскі, пайшлі аб’яднанні, брацтвы».

Мітрапаліт хоць і адмоўна, але дакладна акрэсліў маштаб асобы. Скарына быў адным з самых асвечаных і энергічных беларусаў свайго часу. Ён не быў князем ці дзяржаўным чыноўнікам, не быў нават шляхціцам. Але пра яго жыццё захавалася даволі многа дакументаў – каля дваццаці. (Многае, будзем спадзявацца, знойдзецца яшчэ ў архівах Рыма, Венецыі, Капенгагена.)

На прыкладзе Скарыны мы можам зразумець, як жылі ў тыя даўнія часы адукаваныя людзі, стваральнікі ідэй, якія рухалі наперад грамадства.

 

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter