Гайды, разборы
CityDog.io
1

«Лёгка быць талерантным, калі бачыш 20 чалавек у сваёй вёсцы». Эксперт – пра тое, што такое шавінізм і ці ёсць ён у памяркоўных беларусаў

«Лёгка быць талерантным, калі бачыш 20 чалавек у сваёй вёсцы». Эксперт – пра тое, што такое шавінізм і ц...
Пагаварылі з экспертам пра тое, што такое шавінізм, адкуль ён бярэцца і што трэба рабіць, калі вы пацярпелі ад яго.

Пагаварылі з экспертам пра тое, што такое шавінізм, адкуль ён бярэцца і што трэба рабіць, калі вы пацярпелі ад яго.

Што такое шавінізм і чым ён адрозніваецца ад ксенафобіі?

– Шавінізм і ксенафобія – гэта роднасныя паняцці, – тлумачыць Вадзім Мажэйка, кандыдат культуралогіі. – Пад ксенафобіяй маецца на ўвазе, што чалавек проста не любіць людзей, якія ад яго адрозніваюцца, і хоча ад іх неяк адмежавацца. У шавінізме апроч гэтага дадаецца тое, што чалавек лічыць сябе лепшым па вызначанай прыкмеце. Можа быць нацыянальны шавінізм, гендарны, класавы, вялікадзяржаўны і іншы.

Пры ксенафобіі ў чалавека можа быць даволі нейтральнае стаўленне да іншай асобы. Хутчэй тут будзе пазіцыя: «Не хачу яго бачыць побач».

У шавінізме галоўнае не тое, хто і дзе знаходзіцца. У цэнтры – паняцце пра тое, што пэўная група «мы» знаходзіцца ў больш высокім статусе, чым іншая група «яны». Таму, адпаведна, першыя павінны атрымліваць больш поўны і якасны набор сацыяльных даброт, чым астатнія.

Чаму наогул з’яўляецца шавінізм?

– Шавінізм не абавязкова можа выяўляцца на ўзроўні дзяржавы. З аднаго боку, ёсць базавая ідэя пра тое, што ўсе людзі цягнуцца да тых, хто падобны да іх. Тут можна прыгадаць мноства даследаванняў з дзецьмі. Яны паказвалі, як малыя цягнуліся да тых дарослых, якія візуальна нечым нагадвалі іх саміх.

У чалавека па прыродзе існуе пэўная асцярожнасць у адносінах да новых і невядомых з’яў. Такім чынам, праява прыязнасці і талерантнасці да тых, хто лічыцца «сваімі», і, наадварот, недавер і варожасць да незнаёмцаў з’яўляюцца часткамі складанага працэсу ўспрымання свету.

Навукоўцы адзначаюць, што развіццё мозгу чалавека на працягу тысячагоддзяў уплывала і на развіццё яго паводзін. Асаблівасці псіхікі, якія доўгі час дапамагалі чалавецтву захоўваць свой род, адрозніваючы «сваіх» ад «чужых», у сучасных рэаліях больш не працуюць.

Наадварот, праява расізму і дыскрымінацыі павялічвае рызыку ўзнікнення праблем са здароўем з-за ўздзеяння на мазгавыя шляхі, якія важныя для самарэгуляцыі, і гэта адзначана ў нядаўніх даследаваннях.

– Аднак падзел на групы – досыць звычайная ідэя, з якой не абавязкова выльецца шавінізм, – працягвае эксперт. – Тут у аснове, калі мы гаворым пра асобасны ўзровень, ляжаць праблемы з самаацэнкай, недастатковасць сацыяльнага статусу або прызнання. Альбо прынамсі нейкі разрыў паміж пажаданым і тым, што чалавек мае ў рэальнасці.

Некаторыя, адзначаючы за сабой праявы шавінізму, прадпрымаюць пэўныя дзеянні, каб змяніць сябе. Яны атрымліваюць адукацыю, павялічваюць кваліфікацыю і гэтак далей. У тых, у каго няма магчымасці рэалізоўваць такія пункты, узнікае жаданне наблізіцца да любога іншага мноства, якое будзе надаваць ім вагі.

Калі паралельна дзяржава ці любы іншы ўплывовы сацыяльны інстытут, напрыклад царква, культывуе шавінізм, гэта таксама ўплывае на паводзіны асобнага чалавека.

Адкуль жа ў Беларусі шавінізм, калі ўсім вядома, што мы талерантныя?

– На мой погляд, пэўныя праявы шавінізму адбываюцца ў той ці іншай ступені ў любым асяроддзі. Аднак у найбольш актыўных формах ён часцей за ўсё выяўляецца альбо ў не самых паспяховых людзей, альбо ў тых, хто пакутуе ад нізкай самаацэнкі.

Што да Беларусі, то наша талерантнасць – гэта крыху палка аб двух канцах. З аднаго боку, у нас праўда вельмі рэдка адбываюцца рэлігійныя ці міжкультурныя канфлікты.

Часцяком у беларусаў можна сустрэць даволі высокі ўзровень талерантнасці. Увогуле, такое ўяўленне можа ўзнікаць проста таму, што людзі асабліва не сутыкаюцца з любой іншай праявай чалавека. Лёгка быць талерантным, калі ты бачыш толькі дваццаць чалавек у сваёй вёсцы.

Калі разглядаць магчымае ўзнікненне беларускага шавінізму з пункту гледжання гісторыі, то ў Беларусі ёсць некалькі пазітыўных пунктаў. У нас няма імперскай мінуўшчыны, таму мы не глядзім пагардліва на суседнія краіны. У нас асабліва няма нейкіх этнічных і рэлігійных канфліктаў, якія маглі б справакаваць шавінізм.

Пры гэтым на індывідуальным узроўні шавінізм можа ўзнікнуць у любога чалавека.

А што рабіць, калі вы заўважылі ў сваіх паводзінах праявы шавінізму?

– Па-першае, калі вы заўважылі за сабой праявы шавінізму, то варта пахваліць сябе. Гэта значыць, што вы ўжо валодаеце крытычным мысленнем, бо вы ўсвядомілі свае паводзіны і адрэфлексавалі яго. Гэта сведчыць пра ваша развіццё і здольнасць да аналізу.

Далей важна прааналізаваць аргументы, якія падаюцца рацыянальнымі і базавымі. Трэба зразумець, што на пэўныя фактары вы можаце глядзець суб’ектыўна. Асабісты досвед ці пэўныя звычкі могуць істотна сказіць карціну свету. Менавіта таму карысна шукаць дадатковую інфармацыю. Гэта ў далейшым дапаможа наблізіць уяўленне рэальнасці да пажаданага.

Каб змяніць сітуацыю, можна прапанаваць глабальныя і канкрэтныя дзеянні. Напрыклад, беларускі шавінізм з’яўляецца там, дзе адбываецца разыходжанне ў тым, як чалавек бачыць Беларусь і ў якім на дадзены момант яна знаходзіцца становішчы.

Тут дзейнічаюць усё тыя ж механізмы. У думках чалавека Беларусь – важная еўрапейская частка з багатай палітычнай культурай. У рэальнасці ж цяпер мы даволі перыферыйная для Еўропы краіна, якая не аказвае на яе вялікага эканамічнага ці культурнага ўплыву. Такія кантрасты могуць стаць глебай для беларускага шавінізму.

Што рабіць у такім выпадку?

– Можна, напрыклад, паставіць мэтай зблізіць Беларусь з Еўрасаюзам. Паралельна арганізаваць клуб аматараў беларускай гісторыі ў сваім раёне, каб больш вывучаць гэту тэму і размаўляць пра яе.

Нянавісць да іншых не робіць цябе самога лепшым чалавекам. Таму я б раіў накіраваць энергію на канкрэтныя дзеянні. Яны дапамогуць выправіць стан спраў, які так табе не падабаецца.

А як рэагаваць ахвяры на праяву шавінізму?

– Рэакцыя ахвяры, на мой погляд, павінна зыходзіць з мэты, якая стаіць перад ёй. Калі сутыкаешся з калегам, які дапускае шавіністычныя выказванні, важна выбраць стратэгію зносін, улічваючы будучыя ўзаемадзеянні. Вам яшчэ з ім працаваць і шмат разоў перасякацца.

Магчыма, варта пагаварыць з менеджарам, растлумачыць сітуацыю і ўдакладніць, наколькі падобныя паводзіны пасуюць кампаніі. Можна прапанаваць абмеркаваць тэму і паспрабаваць растлумачыць, чаму такія паводзіны недапушчальныя.

Калі сітуацыя адбываецца не ў працоўным асяроддзі, а, напрыклад, у грамадскім транспарце, падыход можа адрознівацца. Важна ацаніць кантэкст дыялогу. Калі ёсць настрой, дык можна правесці дыскусію. Калі такога жадання няма, то можна проста адказаць, што шавінісцкія выказванні толькі ганьбяць тую групу людзей, якую суразмоўца спрабуе ўзвысіць.

Ход і развіццё дыялогу могуць быць рознымі. Тут шмат што залежыць ад задачы. Калі яна ў тым, каб пакінуць пазітыўны досвед у абодвух бакоў, то можна паразмаўляць. Не ведаю, наколькі спрацуе весці ў падобных умовах складаную юрыдычную дыскусію пра правы чалавека, але ўсё ж можна згадаць і гэта.

Што тычыцца грамадскай рэакцыі на такую сітуацыю, то яна і можа, і павінна адбывацца.

У кантэксце грамадзянскай мужнасці пасля якіх-небудзь шавінісцкіх праяў у грамадстве можна, напрыклад, праводзіць грамадскія кампаніі. Формы могуць быць рознымі: пачынаючы ад узаемадзеяння з вядомымі людзьмі і заканчваючы лакальнымі лекцыямі на гэту тэму. Робіцца гэта з разлікам на тое, што ў далейшым гэта паўплывае на большую колькасць людзей і можа запусціць пазітыўную рэакцыю.

Гэта актуальна і для Беларусі. Аднак тут я б адзначыў, што мы знаходзімся паміж дзвюма палярнымі традыцыямі. З аднаго боку, у нас ёсць савецкае мінулае, дзе ўсе масавыя кампаніі грамадскага ганьбавання і працэсы мелі дастаткова сумнеўную рэпутацыю.

З іншага боку, мы знаходзімся пад даволі вялікім заходнім уплывам, дзе, наадварот, вельмі развіта культура адмены. Важна разумець: шмат што прыходзіць да нас з амерыканскага кантэксту, дзе законы працуюць крыху інакш. Літаральна першая папраўка ў амерыканскай канстытуцыі абвяшчае поўную свабоду выказвання. Менавіта таму, калі там нехта паводзіць сябе абсалютна неэтычна, яго могуць ніяк не караць. Для такіх выпадкаў там і развілі інстытут грамадзянскай адмены.

Беларусі, як мне падаецца, трэба выпрацаваць нейкую сваю практыку працы з неэтычнымі кейсамі, у тым ліку з шавінісцкімі. Кампаній салідарнасці з пацярпелымі ў нас таксама вельмі мала.

Беларусам усё яшчэ трэба вучыцца неяк узаемадзейнічаць з праблемамі і ўсвядоміць нарэшце, што ўсё залежыць ад нас саміх. Мы можам уплываць на свет вакол сябе.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter