Места
CityDog.io

«Выбар невялікі – сельскі дом культуры, спартыўная пляцоўка». Беларуска – пра побыт, кошты і адпачынак у аграгарадку на беразе возера Нарач

«Выбар невялікі – сельскі дом культуры, спартыўная пляцоўка». Беларуска – пра побыт, кошты і адпачынак у...
Вандруючы па рэгіёнах Беларусі, CityDog.io ужо расказваў пра жыццё ў буйных абласных гарадах, у гарадах маленькіх і нават у вёсцы. На гэты раз дайшла чарга і да аграгарадка.

Вандруючы па рэгіёнах Беларусі, CityDog.io ужо расказваў пра жыццё ў буйных абласных гарадах, у гарадах маленькіх і нават у вёсцы. На гэты раз дайшла чарга і да аграгарадка.

Аграгарадок Занарач утульна размясціўся на паўднёвым беразе возера Нарач. Адсюль да Мядзела – усяго 25 кіламетраў, а да Мінска – каля 140. І менавіта тут жыве Вераніка, якая ведае пра Занарач усё: дзяўчына нарадзілася і вырасла ў аграгарадку.

Колькі каштуе жыллё і прадукты? «Кошты на жыллё ў нас не вельмі маленькія, бо мы ўваходзім у курортную зону Нарачанскага краю»

– Жыллё ў маім аграгарадку ў большасці выпадкаў – гэта прыватныя дамы. І трэба сказаць, што кошты ў нас не вельмі маленькія, бо мы ўваходзім у курортную зону Нарачанскага краю. Кошт участка пачынаецца ад 12 000$. Дамы прадаюцца па 30 000$ – і гэта без асаблівых выгод.

Кошты на адзенне і прадукты таксама вышэйшыя, калі браць нясеткавыя крамы, бо ідзе разлік на тых, хто адпачывае ў курортным пасёлку Нарач (у 13 кіламетрах ад Занарачы), – а іх звычайна шмат. Там у асноўным і сканцэнтраваны ўсе крамы нашага раёна. Дарэчы, наш раённы цэнтр – горад Мядзел – у гэтым плане крыху адстае, хоць таксама размешчаны на беразе возера. Але на Нарачы змяшчаюцца ўсе санаторыі і здраўніцы, адпаведна і гандаль таксама.

Кошты на малако ці яйкі цяжка параўнаць з любым іншым горадам, таму што яны будуць такімі ж. Але адзенне ў нас можа каштаваць і на рублёў 10–30 даражэй – гэта ўжо залежыць ад самой рэчы. Кошты на мяса, курыцу, рыбу могуць адрознівацца на рублі 3-4. Яшчэ ў сезон гародніна і садавіна на рынку таксама будуць даражэйшымі, чым у іншых рэгіёнах: розніца дакладна можа быць да 5 рублёў.

У астатнім жа ў нашым аграгарадку наплыў турыстаў не асабліва адчуваецца. Ёсць некалькі аграсядзіб – яны здаюцца ў летні перыяд. Многія людзі прыязджаюць на лецішча. Але жыццё звычайна цячэ як і ў іншую пару года.

Пра побыт: «Трэба хадзіць мыцца ў лазню да суседкі»

Я таксама жыву ў прыватным доме: сваімі сіламі там быў праведзены вадаправод, зроблены санвузел і мясцовая каналізацыя. Таксама ў нас ёсць газавае ацяпленне – яго таксама праводзілі за ўласныя сродкі. Але вось на ўладкаванне ванны ці хаця б душавой кабіны грошай не хапіла, таму трэба хадзіць мыцца ў лазню да суседкі. Але так шмат у каго: толькі ў некаторых можа быць свая лазня.

Сваёй гаспадаркі ў нас асабліва няма: некалькі курэй і невялікі агарод, дзе толькі сезонная зеляніна.

Дзе апранацца і піць каву? «Ні кафэ, ні чаго-небудзь падобнага ў аграгарадку няма»

Адзенне ў нас можна купіць у прыватных крамах, шмат тавару беларускай вытворчасці – Mark Formelle, «Мілавіца», Conte. Ёсць у аграгарадку Нарач цудоўны сэканд – там адзенне добрай якасці і сучаснае, часта праводзяцца акцыі, калі можна купіць рэчы па нізкіх коштах. Ну і многія цяпер сталі карыстацца паслугамі Wildberries, каб не ездзіць кожны раз за пакупкамі.

А вось менавіта ў Занарачы няма крамы з адзеннем: у нас толькі дзве прыватныя крамы з прадуктамі і побытавай дробяззю, адна крама з будаўнічымі матэрыяламі і аўтазапчасткамі, дзе таксама ёсць побытавыя дробязі. І яшчэ ёсць крама ад мясцовага калгаса, так сказаць.

Няма ў маім аграгарадку і ніводнай установы грамадскага харчавання – ні кафэ, ні чаго-небудзь падобнага. Зноў жа, калі толькі ехаць у Мядзел ці ў курортны пасёлак Нарач – там можна знайсці някепскія кафэ. Мне, напрыклад, вельмі падабаецца «Гриль и мясо»: кафэ працуе толькі ў летні перыяд, але там дэмакратычныя кошты і ўтульная абстаноўка. Таксама ў санаторыях ёсць бары, а ў адным з іх і піцэрыя, пры гасцініцах – рэстараны.

Вядома, хацелася б, каб у нашым аграгарадку было якое-небудзь кафэ ці хаця б забягалаўка. Але незразумела, ці карысталася б яно попытам. Проста ўсе прывыклі ўжо да таго, што трэба кудысці ехаць.

Дзе адпачываць? Сельскі дом культуры альбо спартыўная пляцоўка

Для адпачынку ў нас вельмі невялікі выбар месцаў – сельскі дом культуры з бібліятэкай ці спартыўная пляцоўка каля школы. У доме культуры ёсць заняткі па інтарэсах для дзяцей, на спартыўную пляцоўку вольны доступ для ўсіх ахвочых. Калі хочацца ў кіно ці яшчэ неяк адпачыць, то трэба ехаць у курортны пасёлак або па бліжэйшых раённых цэнтрах.

Пры гэтым магу сказаць, што ў аграгарадку даволі шмат моладзі і маладых сямей з дзецьмі. Але выпускнікі школы апошніх гадоў 10–15, вядома, імкнуцца з’ехаць у горад, часцей за ўсё ў Мінск. Там значна больш магчымасцей для жыцця. Але сама я пра пераезд амаль ніколі не думала. Мне падыходзіць жыццё ў прыватным доме, калі ёсць свой двор, свежае паветра і прырода.

 

Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото: Glubinka.by, Instagram.com.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter