Люди, истории Премьеры
CityDog.io

«Он у меня в телефоне записан как “Доставака”». Что чувствует 15-летняя девочка, когда отец прижимает ее к стене до синяков. Почитайте сами

«Он у меня в телефоне записан как “Доставака”». Что чувствует 15-летняя девочка, когда отец прижимает ее...
В беларуском издательстве Gutenberg Publisher вышла книга Саши Гук «Соня, стой!» Ее стоит купить хотя бы потому, что на беларуском рынке пристойные книги для тинейджеров, написанные нормальным языком и без лишнего эмоционирования, – редкое явление. Да и вспомнить себя подростком, переживающим новую жизнь, тоже никогда не поздно.

В беларуском издательстве Gutenberg Publisher вышла книга Саши Гук «Соня, стой!» Ее стоит купить хотя бы потому, что на беларуском рынке пристойные книги для тинейджеров, написанные нормальным языком и без лишнего эмоционирования, – редкое явление. Да и вспомнить себя подростком, переживающим новую жизнь, тоже никогда не поздно.

Соне пятнадцать, она заканчивает девятый класс. Кругом – взрослые проблемы, которые не может решить подросток, а внутри – последствия детских травм. С мамой у Сони более-менее хорошие отношения, хотя родительница в своем блоге выкладывала фотографии дочери с цитатами из детства. С отцом все сложно. У нее есть подруга, мальчик – и неспокойный 2020 год за окном.

С разрешения Gutenberg Publisher мы публикуем отрывок из повести «Соня, стой!» (заказать ее можно в любую страну мира, кроме России).

Мне было досыць усяго таго,

што я памятала пра сябе, пакуль не перайшла ў пяты клас.

На лінейцы дырэктар, вітаючы новых гімназістаў, сказаў: “Ужо зусім дарослыя”. І мяне быццам адклініла. Зусім-дарослай-мне адразу пачало не ставаць калейдаскопа ўспамінаў з альбома фотаздымкаў (мама заўсёды друкавала самыя ўдалыя і самыя недарэчныя). Яна падпісвала іх з адваротнага боку і стаўляла ў шаматлівыя кішэнькі альбома, на вокладцы якога абдымалася малеча. Я пачала шукаць сведчанне сваёй прысутнасці яшчэ недзе, апроч гэтых фотаздымкаў. Мне было патрэбна болей сябе самой ва ўласным жыцці, каб адпавядаць даросласці, якую на мяне навалілі як даспехі. І калі новая класная папрасіла нас зрабіць прэзентацыю пра сябе, мама прагаварылася пра блог.

– Вось тут можна знайсці нешта цікавае.

Яна ўключыла ноўтбук і адкрыла некалькі новых укладак. І на ўсіх – я. Увогуле я старалася не лезці ў маміна жыццё, нават калі яна прасіла. І яна – таксама. Але тут іншая рэч, тут блог пра мяне. Гэта ж маё жыццё, хоць і ў маміным пераказе! Мне быцам выдалі запасное жыццё – так гэта было па-новаму: чытаць пра сябе і лічыць сардэчкі. Усе мае дзесяць гадоў былі заканспектаваныя і змясціліся ў сотню квадрацікаў. Я прыходзіла дахаты са школы і спазнавала сваё жыццё, якое ледзь памятала ці не памятала зусім. Пад сакрэтам я апавяла пра яго Ксюшы, з якою мы сядзелі за адной партай.

– Мама называла мяне “Сонька залатая ручка”. Чаму ручка і чаму менавіта залатая? Таму што я добра мыю посуд?

– Не ведаю, – адказала Ксюша і паціснула плячыма. – Я мыю кепска.

У пачатку навучальнага года ў яе нарадзіўся брат, і яна таксама пад сакрэтам апавяла, што цяпер у яе ўсё іначай, і яе жыццём распараджаецца брат, якому яна стала няней. Нічога канкрэтнага яна не паспела расказаць – захварэла і не хадзіла ў школу тры тыдні. А пасля нас рассадзілі, і ўсё неяк забылася. Але я і так адразу ўсё зразумела, бо адчувала тое ж самае. Яна, як і я, болей не належала толькі сабе. Я належала ўсім пяцістам маміным падпісчыкам. І хоць яна закрыла каментары, я цяпер была не ўнікальнай, болей не было таямніцы, за якую можна было схавацца, калі што. Цяпер я – напаказ, і як раней ужо не будзе.

Мама пісала ў блогу, што я любіла гуляцца з прасам, пантофлямі, газетамі і лістамі пакаёвых кветак. У два гады я ўжо рабіла “ластаўку” і адціскалася.

“І заўсёды здзіўлялася, – пісала мама, – здзіўлялася таму, што паўзла, сядала, уставала, бегла. Яна здзіўлялася штосілы кожнаму свайму руху”.

Я склейвала сябе з гэтых маміных допісаў. Я быццам бы вярталася туды, да сябе, на квадраціках здымкаў, і рабілася малечай, якою я сябе не памятала. І тады гэтае здзіўленне прыгасала, яно збіралася на кончыках пальцаў і лопалася, лопалася, лопалася. І новае адразу ж пераставала быць новым, я – вярталася ў сёння, дзе часам, як у дзяцінстве, лепей забыцца на сябе. Дзесьці выяўлялася, што і тата нешта пісаў пра мяне. Дзіўна, я думала, што ён і думаць пра мяне як след не ўмеў, а тут такое – і фотачкі ягоных гэтых запісаў у дадатак. Тата называў мяне Ёдай за лупатасць, а за лысаватасць – Брусам Ўілісам ці Кейтам Флінтам.

Я прыходзіла са школы і чытала, чытала, – знаёмілася з чалавекам, якога не ведала, быццам гадавала свайго аватара.

“Сёння яна сказала: «Мама, панядзелак найлепшы дзень!»”

“Калі ў бабулі выпадуць усе валасы, яна будзе хадзіць як дзед, з вялікімі вушамі”.

“Мая мама задуменная, сумная і прыкідваецца іншым чалавекам”.

Мама мне таксама быццам браціка нарадзіла, толькі сястрычку, але не рэальную, а віртуальную – мяне самую, прычым спачатку. Калі ў шосты школьны дзень трэба было прэзентаваць сябе, я зусім заблыталася і захварэла. Я хацела папрасіць маму проста даслаць спасылку на яе блог у чат класа, каб не давялося самой выступаць іншым разам – на перапынку ці пасля заняткаў, калі нам усім будзе хацецца дадому як мага хутчэй. Але пасля перадумала. Досыць і таго, што я сама пра сябе ведаю, а астатнія няхай толькі здагадваюцца. І тата ў тым ліку.

Спачатку ўсё было

іначай.

Тата чакаў мяне і нават падпісаў паштоўку на той новы год, у які я нарадзілася. Ён прызнаўся паперы, што ўжо любіць мяне, “свой цуд, непаўторны ягоны скарб”. “Татападобная, на правай пясці радзімка, няма слоў”, – так напісаў тата ў сваім нататніку, калі я нарадзілася. Мама дадала здымак гэтай староначкі ў блог. Тата ўвогуле шмат пісаў, а прамаўляў – толькі самае важнае. Напэўна, таму, калі я заняла ўсе дні і сезоны і давялося прыбраць нататнікі куды далей ды самому прыбрацца туды ж, прэч ад крыку і паху прысыпкі, тата перадумаў. Ён болей не чакаў мяне, не клікаў мяне па імені і гэтак часта называў мяне “прынцэса са слёзкамі”, што я саромелася плакаць. Замест гэтага скручвалася камяком ва ўласным горле і потым доўга і часта хварэла на ангіны.

Увесну, прыканцы пятага класа, мама сказала мне пра Мілу, нашага будучага сабачку, а тады толькі шчанючка, якога мы неўзабаве забярэм дахаты. Так проста і заявіла: “У нас будзе сабака”. Быццам збіралася нарадзіць дзіця. Я была нават не супраць дзіцяці, але ўсё адно дзіўна, калі нехта жывы без тваёй згоды з’явіцца ў кватэры, будзе ляжаць у тваім ложку і абавязкова згрызе нешта каштоўнае. Я не ўмела злавацца на жывёл, пагатоў загадзя.

Тату гэтая навіна таксама не спадабалася, бо ў яго з’явіліся да мяне новыя пытанні. Калі раней ён пытаўся, ці ўсё я з’ела ў школе і чаму так гучна звіню ключамі зранку, то пасля маміных навінаў ён пачаў пытацца пра сабаку: ці ведаю я, што гэта не цацка, і штораз дадаваў: “Калі цяпер будзеш старэйшай, давядзецца і паводзіцца так, як старэйшая”. Як менавіта – пра гэта, паводле татавага меркавання, я мусіла здагадацца сама. Але я не здагадвалася і не была гатовая быць старэйшай. Неўзабаве ў мяне дзень народзінаў, і адзінае, да чаго я была гатовая, – гэта атрымліваць падарункі. Я ніколі не замаўляла іх, мама заўсёды дарыла тое, што я ўпадабала. Увесь год мама запісвала мае хацелкі ў адмысловы файлік, а я і не ведала, што калі я ўсе выходныя праседзела над “Лунастрамі”, якія мне дала пачытаць Ксюша, ці затрымлівалася каля вітрыны з пярэстымі заплечнікамі, мама рабіла занатоўкі кшталту “лун-ры, Шчэрба” ці “Асгард, 2 паверх, backpack”. Але гэтым разам мама, відаць, намерылася зрабіць падарунак сабе.

Тата штодня ўводзіў мне ў вушы, што жыць з сабакам жудасна цяжка, і нават аднойчы балюча прыціснуў мяне да сцяны. Калі сіняк прайшоў, я пастаралася забыць пра гэты выпадак, але не атрымалася. Затое цудоўна атрымлівалася паўтараць татавы штукі: вінаваціць адных, ціснуць на іншых. Мо таму сябровак у мяне – адна Ксюша.

Нарэшце ў яго амаль не засталося слоў для мяне. Лепей бы і гэтыя, апошнія, ён таксама запісаў кудысьці, ну праўда. Але ж не – ён даў ім голас. “Не патрэбна мне такая дачка”, – словы ягоныя выбухнулі ў снежаньскі вечар і зляцелі, спалохаўшыся самі сябе.

І ўсё стала так, як ёсць цяпер. І тата стаў для мяне безыменным.

Бацькам.

– Ты баішся яго? – спытала мама, калі я сказала ёй пра сіняк.

– Не яго. Я баюся за сябе. Сябе, калі стану такой, як ён, мяў, – адказала я і засмяялася. – Ён у маіх кантактах “Даставака”, разумееш? – Я хацела насмяшыць маму, якая таксама была адказная.

Мама ўсё зразумела.

– Запароль тэлефон, – параіла яна і сапраўды засмяялася следам. – А Міла будзе абараняць цябе ад “даставакаў”.

Книгу Саши Гук «Соня, стой!» можно заказать на сайте издательства Gutenberg Publisher в любую точку мира (кроме России).

 

* Вы прочитали партнерский материал.

Фото: Gutenberg Publisher.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter