Рагвалода і Рагнеды не існавала! Што?! Пачытайце гэты артыкул — вельмі здзівіцеся

Рагвалода і Рагнеды не існавала! Што?! Пачытайце гэты артыкул — вельмі здзівіцеся
Гісторыя першай беларускай дзяржавы — Полацкага княства — толькі праступае контурам з тысячагадовай адлегласці. Бо час не захаваў яе ўласных летапісаў і хронік, і ўсё, што мы ведаем — ведаем са словаў суседзяў: выключна прыязных і сімпатычных рускіх князёў і нямецкіх рыцараў. Разбярэм асноўныя сюжэты, пра якія хоць нешта вядома.

Гісторыя першай беларускай дзяржавы — Полацкага княства — толькі праступае контурам з тысячагадовай адлегласці. Бо час не захаваў яе ўласных летапісаў і хронік, і ўсё, што мы ведаем — ведаем са словаў суседзяў: выключна прыязных і сімпатычных рускіх князёў і нямецкіх рыцараў. Разбярэм асноўныя сюжэты, пра якія хоць нешта вядома.

У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталяў і акцэнтаў.

ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.

Так мог выглядаць Полацк у часы росквіту. Малюнак Паўла Татарнікава.

Яшчэ паўбяды, што ацэнкі суседскіх летапісаў часта трэба разумець наадварот. Горай, што ў поле іх зроку палачане траплялі звычайна ў часе вайны ці надзвычайнага здарэння, кшталту шэсця нячыстай сілы па вуліцах у 1092 годзе.

Вось так паведамленне пра “бесаў ”на вуліцах Полацка ілюстраванае ў Радзівілаўскім летапісе. Дагэтуль невядома, што мелася на ўвазе.

Не стае руціннага апісання жыцця, драматургіі, дыялогаў — няма нават яснай храналогіі падзей. А раз так, чаму б не дапусціць (як доктар гісторыі Алег Латышонак), што князь Усяслаў Чарадзей мог у 1066 г. біцца на Стэмфардскім мосце, спрабуючы заваяваць Англію. Усё адно невядома, чым ён займаўся ў той год.

Полачане так ганарыліся горадам, што падмянялі яго назвай племянное імя

Полацк — адзін з найстаражытнейшых усходнеславянскіх гарадоў. Сваю назву ён атрымаў ад ракі Палаты, каля ўпадзення якой у Дзвіну, на высокай гары, у раннім жалезным веку ўзнікла паселішча. Першымі яго гаспадарамі, піша гісторык Дзяніс Дук, былі плямёны балтаў.

Старажытныя балты.

Толькі ад 8 стагоддзя н.э. тут з’яўляюцца крывічы, якія ад назвы свайго галоўнага горада назавуцца палачане. Былі яшчэ крывічы пскоўскія і смаленскія, былі дрыгавічы пад Клецкам і Слуцкам, былі радзімічы каля Чачэрска – але ніхто, апроч палачан так не ганарыўся сваім горадам, каб ад яго называцца.

Полацк згадваецца ў скандынаўскіх сагах і хроніках, некаторыя сюжэты трапілі ў серыял «Вікінгі»

А яшчэ праз стагоддзе ў Полацку асталююцца вікінгі. Яны шукалі дарог у Канстанцінопаль — цяпер гэта Стамбул, сталіца Турцыі, а ў той час была сталіца свету.

Шлях туды ляжаў па рэках Усходняй Еўропы. Па Дняпры можна было трапіць у Чорнае мора, а адтуль — у Міжземнае, да Канстанцінопаля. Па Волзе — у персідскі эмірат Сасанідаў. А найзручнейшы шлях і да Дняпра, і да Волгі з Балтыкі ішоў па нашай Дзвіне. Ключом дзвінскага рачнога шляху быў Полацк.

Меч з пахавання палачаніна, выкаваны ў 900-я нямецкім майстрам Ульфбертам (на ім захаваўся фірмовы знак Ulfberht). Знойдзены ў 1956 г. падчас будаўніцтва швейнай фабрыкі ў полацкім гістарычным мікрараёне Курганы.

Горад добра ведалі ў Паўночнай Еўропе: Полацк (Polteskia) восем разоў згадваецца ў скандынаўскіх сагах. Там чаго толькі няма — і штурм Полацка гунамі Атылы, і смерць ды пахаванне дзесьці на Полаччыне святога Торвальда Вандроўніка...

Ды і ў першых германскіх хроніках, накшталт «Дзеяў данаў» Саксона Граматыка, хапае рознай фантастыкі пра палачан. Чытаеш нібыта рэалістычны сюжэт пра караля Фрода, які прыкінуўся мёртвым, каб захапіць Полацк (памятаеце, у серыяле «Вікінгі» такое рабіў Рагнар пад Парыжам? Сцэнарысты ўзялі гэты сюжэт) — а на наступнай старонцы той самы Фрода забівае дракона, каб здабыць грошы на паход.

На самой справе грошы – вось такія срэбраныя дырхемы – вікінгі здабывалі, гандлюючы пушнінай і рабамі з Блізкім Усходам.

Дарэчы, імя правадыра палачанаў у тым сюжэце — Вяспасій, а viẽšpats па-літоўску — гаспадар, уладар. Мо гэта водгулле прысутнасці балтаў? Ёсць жа версія, што і крывічы славянамі не былі, а тымі ж балтамі, якія перанялі славянскую мову.

І, раз ужо згадалі пра «Вікінгаў»: згодна з скандынаўскімі паданнямі, напаўміфічны конунг Рагнар Латброк, паміраючы ў яме са змеямі, спяваў песню пра свае подзвігі ў вусці Дзвіны. Ёсць версія, што род полацкіх князёў быў у сваяцтве з ім.

Як з’явілася назва «Русь» і ад якога нярускага слова яна паходзіць

Першая дата, пад якой прыгадваецца Полацк, — 862 год. Як піша самы старажытны усходнеславянскі летапіс, «Аповесць мінулых часоў», варажскі князь Рурык быў запрошаны кіраваць у Ноўгарад і раздаваў «сваім мужам» гарады — каму Растоў, каму Мурам, каму Белавозера. Аднаму з іх (імя не называецца) дастаўся Полацк. Пасля крывічы і палачане згадваюцца ў пераліку ўдзельнікаў паходу кіеўскага князя Алега ў 907 годзе на Канстанцінопаль. Праўда, як сцвярджае доктар гістарычных навук Аляксей Талочка ў кнізеОчерки начальной Руси” (2015), таго паходу не было: яго прыдумаў кіеўскі летапісец.

А.Кіўшэнка. Князь Алег прыбівае шчыт да брамы Царграда. У рэальнасці гэтай пафаснай сцэны не было.

Таксама ёсць вялікія сумневы адносна Рурыка ды іншыя князёў аж да Уладзіміра (980–1015). Няма пэўнасці, што яны існавалі, былі сваякамі і княжылі менавіта ў тым парадку.

«Аповесць мінулых гадоў» пісалі на 250 гадоў пазней, у часы кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха (1053–1125). Летапісы складаліся не столькі з мэтай расказаць пра мінулае, колькі дзеля таго, каб падкрэсліць старажытнасць княскага роду і абгрунтаваць яго права на ўладу.

І рускія князі пра свайго слаўнага першапродка, такое ўражанне, даведаліся з летапіса. Бо называць сыноў Рурыкамі яны пачалі пасля яго стварэння.

Але давайце акрэслім, што такое «Русь» і адкуль узялося гэта слова: сёння навукоўцы сыходзяцца на яго скандынаўска-фінскім паходжанні. Вікінгаў, якія плавалі па рэках Усходняй Еўропы, называлі «руотсі» — грабцы. Ад гэтага слова і мог утварыцца зборны назоўнік «русь», які спачатку пазначаў групу людзей, а з часам стаў назвай цэлага краю, ім падпарадкаванага.

Ці існавалі Рагвалод і Рагнеда? Ці іх прыдумалі, каб патлумачыць войны Полацка і Кіева?

Гісторыя Рагвалода і Рагнеды ёсць ва ўсіх падручніках: ганарлівая полацкая князёўна адмовілася пайсці замуж за наўгародскага князя Уладзіміра, бо ён быў сынам «рабыні». Раззлаваны Уладзімір захапіў Полацк і ўзяў Рагнеду сілай, а яе бацькоў і братоў забіў. Праз многа год Рагнеда захацела адпомсціць — забіць Уладзіміра, пакуль той спаў. Князь прачнуўся і хацеў пакараць жонку смерцю, але за яе заступіўся малы сын Ізяслаў. Тады Уладзімір выслаў іх у спецыяльна заснаваны горад Ізяслаўль (цяпер Заслаўе пад Мінскам), а ад Ізяслава пачаўся род полацкіх князёў, якія ўвесь час «уздымаюць меч» на Кіеў.

Рагнеда замахваецца на Уладзіміра Святога, за ёй — Ізяслаў, будучы полацкі князь. Мініятура з Радзівілаўскага летапісу. Ці было гэта насамрэч, ці гэта легенда?

Ці праўдзівая гэта гісторыя? Летапіс кажа, што Рагвалод прыйшоў «з замор’я». Імя «дзеда князёў полацкіх» можа быць славянскай адаптацыяй скандынаўскага імя Рагнвальдр. Гісторыкі Алег Латышонак і Алесь Белы атаясамліваюць яго з сынам нарвежскага караля Эйрыка Крывавая Сякера і ўнукам Гаральда Цудоўнавалосага, аб’яднальніка Нарвегіі.

Але сюжэт пра Рагвалода і Рагнеду мог быць і цалкам прыдуманы. Дакладней, перанесены ў летапіс з «Сагі аб аркнейцах», у якой згадваецца ярл Рангвальд і яго жонка Рагнхільд. (Цікава, што імя Рагвалод у полацкай дынастыі пачынае з’яўляцца толькі ў 12 стагоддзі, пасля напісання летапісу. Можа, як і пра Рурыка, пра гэтага князя ў Полацку не ведалі?)

Гісторыя пра Рагнеду ўпісаная ў летапіс перад паведамленнем пра вялізны супольны паход на Полацк у 1127 — нібы абгрунтаванне дзеянняў кааліцыі паўднёварускіх князёў, якія разрабавалі край і паланілі мноства народу, у тым ліку ўсіх Рагвалодавічаў. Можа, летапісец прыдумаў легенду, скарыстаўшы паданні пра далёкіх конунгаў?

Яшчэ адну версію выказвае гісторык Аляксандр Груша. Легенда можа паходзіць з нашага Заслаўя, а кіеўскаму летапісцу паданне пра заснаванне свайго горада маглі расказаць яго жыхары, выведзеныя ў палон у 1127-м.

Горад Заслаўе (Ізяслаўль), мяркуе даследчык, заснаваў не Уладзімір Кіеўскі, а сам князь Ізяслаў (лагічна, назваўшы сваім імем, як князь Брачыслаў — Брачыслаўль-Браслаў, а Барыс — Барысаў). І гэты невялікі і небагаты горад на небяспечным памежжы быў вельмі дарагі нашчадкам Ізяслава: старэйшы сын кожнага князя імкнуўся валодаць ім.

Чым полацкія князі адрозніваліся ад Рурыкавічаў: іначай называлі дзяцей, іначай перадавалі ўладу

Такім чынам, Ізяслаў мог быць проста старэйшым сынам Уладзіміра, якога бацька пасля паўналецця без усялякіх канфліктаў і драм адправіў кіраваць у Полацк.

Але ўсё ж полацкія князі розніліся ад іншых Рурыкавічаў. Напрыклад, у дынастыі няма традыцыйных Мсціславаў, Усеваладаў, Юр’яў. Затое ёсць Брачыславы. Гэта тое самае, што заходнеславянскае «Вратіслав» — так называлі ў той самы перыяд чэшскіх ды польскіх уладароў.

Так што польскі горад Уроцлаў і беларускі Браслаў маюць у корані адно і тое ж імя, бо былі заснаваныя князямі-цёзкамі.

Імя Усяслаў таксама было чыста полацкім: відаць, пасля войнаў Усяслава Чарадзея (1044–1101) з Кіевам і Ноўгарадам паўднёварускія князі не мелі жадання даваць сынам імя найзлейшага ворага.

Усяслаў Чарадзей — самы культавы полацкі князь. Карціна Язэпа Драздовіча «Усяслаў Чарадзей у порубе пад палатамі кіеўскага князя», 1923 г.

Бывалі перыяды, калі Полацк мірна суіснаваў з суседзямі і нават браў удзел у сумесных ваенных акцыях, накшталт паходу на торкаў 1060 года. Але фактычна ад 1021 года, калі Брачыслаў упершыню спаліў Ноўгарад, і да 1129-га, калі ўсіх полацкіх князёў выслалі ў Візантыю, Полацк не быў паўнавартай часткай кіеўскай дзяржавы. Бо нічога, апроч княскай дынастыі, не трымала тады разам землі.

Ніжнія ярусы Полацкай Сафіі захаваліся з часоў Усяслава.

У Полацку ў часы Брачыслава і Усяслава нават збудавалі Сафійскі сабор — такі самы, як у Кіеве і Ноўгарадзе, што пацвярджала роўнасць крывіцкай сталіцы з імі і амбіцыі полацкіх князёў.

Рагвалодавічы радніліся з каралямі Даніі і Польшчы

Але адкуль у полацкіх князёў такія незвычайныя імёны? Можа, у гонар дзядоў па лініі маці? Мы не ведаем, кім была мама Брачыслава, вельмі гіпатэтычна — пра маці Усяслава, нічога — пра жонку Усяслава, маці яго сыноў Рагвалода-Барыса і Глеба Менскага.

Праз стагоддзе Рагвалодавічы радніліся з наймагутнейшымі ўладарамі Еўропы. Унук Усяслава Чарадзея, Валадар Глебавіч, узяў замуж Рыксу, дачку польскага князя Баляслава Крывавуснага. А іх дачка Сафія выйшла за дацкага караля Вальдэмара І — і ад яе паходзяць 12 каралёў.

Сафія Полацкая – яе чэрап захоўваецца ў музеі Капенгагена.

Што яшчэ Рагвалодавічы рабілі не так як іншыя князі — перадавалі ўладу. Ва ўсёй астатняй Русі яна перадавалася «па старшынству» — пасля смерці кіеўскага князя яго месца займаў найстарэйшы ў родзе (часцей за ўсё брат). Ён пераходзіў у Кіеў, а на яго месца, напрыклад, у Чарнігаў, «падымаўся» наступны па старшынстве — і гэтак далей. У выніку адна смерць часам перасоўвала князёў па ўсім краі.

У Полацку такога не было: улада пераходзіла ад бацькі да сына.

«…Полацкія ўдзельныя князі не пераходзяць з аднога ўдзелу на другі, …яшчэ сыны Усяслава аселі ўжо ў сваіх удзелах. Так, мы знаем, што Глеб Усяславіч атрымаў Менск і моцна трымаўся за яго; сыны яго таксама валодалі Менскам і прыналежнымі гарадамі», — пісаў гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі.

Полацкі князь не меў права жыць у Полацку, гараджане маглі ў любы момант выгнаць яго ці выдаць ворагам

Цікава паразважаць пра ідэнтычнасць першых полацкіх князёў. І ўвогуле пра тое, чым была ідэнтычнасць у 10 стагоддзі, ва ўмовах беспісьмовай культуры. Кім яны сябе адчувалі? Вікінгамі? Ці памяць пра Скандынавію выветрылася за 3-4 пакаленні? Ці гаварылі Усяслаў і Глеб Менскі па-старанарвежску? Брачыслаў-то ўмеў па-скандынаўску — неяк жа мусіў ён камунікаваць з наёмнікам Эймундам, якога перавабіў да сябе на службу з Кіева.

Скандынавы прынеслі ва Усходнюю Еўропу традыцыю моцных ваенных правадыроў-князёў, дружыннага побыту, гандлю з далёкімі землямі. Свайго роду мясцовай процівагай-рэгулятарам было народнае самакіраванне — веча. Збор дарослых мужчын для супольнага вырашэння важных пытанняў — традыцыя, характэрная і для германцаў, і для кельтаў, і для грэкаў.

Але цікава, што ў «рускіх» гарадах веча мацнела па меры таго, як купцы і рамеснікі пачыналі адыгрываць усё большую ролю.

Руіны Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра – месца пахавання полацкіх князёў. Малюнак І. Трутнева, 1866

Амаль незаўважнае пры першых князях, да 12 стагоддзя полацкае веча настолькі ўвабралася ў сілу, што магло выгнаць князя або схапіць і выдаць ворагам, калі лічыла патрэбным. У 1151 годзе полацкае веча выдала князя Рагвалода Барысавіча яго стрыечнаму брату, мінскаму князю Расціславу Глебавічу. А ў 1159-м — выгнала Расціслава Глебавіча і паклікала назад Рагвалода Барысавіча, папрасіўшы прабачэння…

У Полацку князь з дружынай нават жыў не на тэрыторыі горада, а ў сяле Бельчыцы, на другім баку Дзвіны.

Полацк і Кіеў ваявалі за кантроль на гандлёвых шляхах

Тлумачэнне, чаму Рагвалодавічы увесь час «уздымалі меч» на Рурыкавічаў можа быць эканамічнае — гэта была спрэчка за транзіт, за кантроль на гандлёвых шляхах. Нават калі і была нейкая старая крыўда, яна выкарыстоўвалася, калі з’яўлялася нагода для вайны.

І самы першы канфлікт адбыўся якраз з-за таго, што Брачыслаў Ізяславіч у 1021 годзе захапіў Ноўгарад і па выніках тае вайны далучыў да сваёй дзяржавы Віцебск і Усвяты. Апошні пункт быў важны, бо там былі волакі, якія злучалі прытокі Дзвіны і Дняпра.

Багата ўпрыгожаная зброя была статуснай рэччу ў часы Полацкага і Кіеўскага княстваў. Навершша дзіды з Кіева.

Старажытныя гандлёвыя шляхі мелі развітую інфраструктуру: па Дзвіне, на адлегласці дзённага перахода, стаялі крэпасці (Дзісна, Герсіке, Кукенойс ігд.) Там, дзе не было воднага шляху, паміж рэкамі, існавалі волакі — штосьці накшталт сучасных лагістычных цэнтраў з аховай, складамі для тавараў, вазамі і цяглавай сілай, каб «перавалачы» ладдзі і тавары з адной ракі ў другую. Загадвалі волакамі менеджары — княскія цівуны. Ясная справа, што частка транзітных тавараў і грошай асядалі ў княскіх скарбонках.

Ваяваў Ноўгарад і Брачыславаў сын, Усяслаў Чарадзей, нават з наўгародскай Сафіі зняў званы і завёз у Полацк. А яго спрэчка з Кіевам за Менскую воласць завяршылася знакамітай бітвай на Нямізе ў 1067 г.

У тым самым годзе паўднёварускія князі падманам захапілі Усяслава з сынамі ў палон пад Оршай і пасадзілі ў падземную турму-поруб у Кіеве. Полацкая дынастыя магла б так і скончыцца, калі б не выпадак: паўсталі гараджане, скінулі Ізяслава Яраславіча кіеўскага і зрабілі князем Усяслава. Праўда, скора ён сам сышоў у звыклы Полацк.

Гандаль нявольнікамі: княскі бізнэс, пра які звычайна маўчаць

Гандаль быў асноўнай крыніцай прыбытку для тагачасных дзяржаў. Узровень сельскай гаспадаркі быў такі нізкі, што дазваляў хіба карміць сябе. Дый бедныя паўночнабеларускія глебы не давалі лішкаў ураджаю. Прадукты для абмену давала пушча: мёд, воск, звярыныя футры. Была і яшчэ адна крыніца ўзбагачэння, пра якую гісторыкі стараюцца маўчаць — рабы.

«Русы жывуць далёка на поўначы, не ведаюць сельскай гаспадаркі, гандлююць футрамі собаляў і вавёрак, а таксама рабамі, якіх здабываюць, нападаючы з караблёў на славян, каб пасля прадаць у Булгары ды Ітылі. Мячы ў іх франкскай работы, і носяць яны іх увесь час каля сабе», — пісаў арабскі падарожнік ібн-Фадлан, які сустракаў вікінгаў на Волзе.

Дзясяткі кладаў са срэбрам вікінгаў дагэтуль знаходзяць у Беларусі і Літве абапал старажытных гандлёвых шляхоў.

У гістарычны час, калі фармацыі русаў на Дняпры і Дзвіне з гандлёвых факторый парабіліся паўнавартымі раннесярэднявечнымі дзяржавамі, ад нявольніцкага гандлю яны не адмовіліся. Князі, ваюючы адзін з адным, выводзілі «палон». Гэтых людзей маглі прадаць на нявольніцкіх рынках, а маглі пасяліць недзе на ўласнай тэрыторыі — як зрабілі Яраславічы, знішчыўшы Менск у 1067 годзе ці Глеб Менскі ў 1116 годзе, разбурыўшы Слуцк, ці чарнігаўскія князі Ольгавічы, якія ў адказ напалі на Друцк. Ніякіх забарон на такія дзеянні тады не існавала. Вялікімі цэнтрамі нявольніцкага гандлю гісторыкі называюць Друцк і Менск.

Калі ўсіх полацкіх князёў выслалі ў Візатныю, Еўфрасіння Полацкая занялася палітыкай

100-гадовае супрацьстаянне Полацка і Кіева скончылася татальным нашэсцем у 1127 годзе. Нагодай стала тое, што полацкія князі «з лаянкай» адмовіліся ад удзелу ў сумесным паходзе на полаўцаў. Кіеўскае войска падзялілася на часткі, кожная з якіх была нацэленая на пэўны горад Полацкай зямлі. Рагвалодавічаў паланілі, адвезлі ў Кіеў, дзе адбыўся паказальны «суд». Пастанавілі выслаць увесь род у Візантыю.

Але… у Полацку засталася ігумення Еўфрасіння — дачка князя Святаслава-Георгія Усяславіча. Яе (а таксама яе сясцёр, якіх яна загітавала пайсці ў манастыр) манаскі сан уратаваў ад высылкі.

Еўфрасіння Полацкая не толькі перапісвала кнігі і будавала храмы.

Еўфрасіння Полацкая – магчыма, прыжыццёвая выява. Фрэска 12 стагоддзя.

У адсутнасць сваякоў-князёў ёй даводзілася вырашаць палітычныя пытанні. Яе свінцовыя пломбы-пячаткі знаходзяць і ў Ноўгарадзе, і ў Какнэсе (цяпер Латвія, колішні полацкі фарпост ніжэй па Дзвіне), і ў самім Полацку. Шкада, не захаваліся дакументы, якія імі запячатваліся.

У Полацку сядзеў у той час кіеўскі стаўленнік, але ён, пэўна, нічога не мог проціставіць аўтарытэту Еўфрасінні.

У Візантыі ж палачане служылі ў імператарскім войску. Можна меркаваць, што яны, адпаведна свайму княскаму статусу, атрымалі пасады начальнікаў атрадаў. Імперыі тады пагражалі туркі-сельджукі, з імі і змагаліся нашчадкі Рагвалода. Вярнуцца дадому ім удалося толькі праз дзесяць год — пасля смерці Мсціслава і з’яўлення ў Кіеве новай дынастыі. Але аднавіць полацкую незалежнасць у ранейшых правах гэтай генерацыі ўжо не было суджана.

Чаму Полацкае княства — першая беларуская дзяржава

Але хто мог уявіць, што Кіеў праз пару пакаленняў будзе змецены мангола-татарамі? А Полацк закруціцца на зусім іншых арбітах?

Першым званочкам надыходу новых часоў стала з’яўленне каталіцкіх місіянераў на балтыйскім узбярэжжы ў самым канцы 12 стагоддзя. Першыя з паклонам прыйшлі да «караля русаў» — полацкага князя, пытаючы дазволу хрысціць паганцаў-ліваў, яго даннікаў. А следам у вусці Дзвіны з’явіліся крыжакі-мечаносцы і вырас каменны горад Рыга, які замкнуў палачанам гандаль на Балтыцы.

Вялікі паход 1216 года сарваўся з-за раптоўнай смерці полацкага князя Валодшы. У процістаянні з новай сілай Полацк усё часцей пачынае кааперавацца з суседзямі-літоўцамі. Неўзабаве дойдзе да дынастычных сувязяў і ў гарадах Полацкай зямлі з’явяцца князі з літоўскімі імёнамі: Таўцівіл, Гердзень, Альгерд. Пазнейшыя летапісы будуць і род вялікіх князёў літоўскіх выводзіць з ганаровага полацкага кораня.

Гэта дае нам адказ на філасофскае пытанне, ці можам мы называць Полацкае княства першай беларускай дзяржавай. (Ці ўсяго толькі «першым дзяржаўным утварэннем на беларускіх землях»). Вядома, можам. Бо ад Полацка ідзе традыцыя дзяржаўнасці, перанятая пасля Вялікім Княствам Літоўскім — калыскай беларускага, літоўскага і ўкраінскага народаў.

 

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter