Люди, истории Подкасты
CityDog.io

«Кітайцы бяруцца шлюбам са славянкамі, бо гэта танна». Беларуска пераехала ў Кітай, а цяпер у сваім блогу расказвае пра жыццё там. Вось яе гісторыя

«Кітайцы бяруцца шлюбам са славянкамі, бо гэта танна». Беларуска пераехала ў Кітай, а цяпер у сваім блог...
Ханна пераехала ў Кітай 5 гадоў таму. Цяпер яна працуе ў мясцовым клубе танцоркай і вядзе блог пра свае будні. Мы пагаварылі з дзяўчынай пра лакальныя тусоўкі, асаблівасці спатканняў з кітайцамі і пра тое, наколькі дорага там жыць. Пачытайце, што з гэтага выйшла.

Ханна пераехала ў Кітай 5 гадоў таму. Цяпер яна працуе ў мясцовым клубе танцоркай і вядзе блог пра свае будні. Мы пагаварылі з дзяўчынай пра лакальныя тусоўкі, асаблівасці спатканняў з кітайцамі і пра тое, наколькі дорага там жыць. Пачытайце, што з гэтага выйшла.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

 

 

Па адукацыі Ханна аграном. Яна вучылася ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Падчас вучобы дзяўчына пачала займацца танцамі.

Пераехаць у Кітай дзяўчына вырашыла прыкладна ў той самы перыяд. Гаворыць, што прычыны для гэтага простыя. Па-першае, хацелася зарабляць добрыя грошы, а па-другое, пажыць у новым месцы. Праз некаторы час усё атрымалася.

танцорка і блогерка

– На апошнім курсе ўнівера я выйшла замуж. Прыкладна ў той жа час выйграла бясплатнае навучанне ў адным з самых крутых танцавальных цэнтраў у Кіеве. Туды трэба было прыехаць на тры месяцы. Майстар-класы, сустрэчы з танцорамі, розныя напрамкі – там было ўсё, пра што я толькі магла марыць як танцорка.

Муж быў супраць паездкі. Ён не хацеў перажываць адлегласць, не хацеў заставацца без мяне. Па выніку я ўсё роўна паехала: абрала сябе і свае мары. І ўсё зрабіла правільна, таму што аказалася, што муж здрадзіў, калі я была ў Кіеве.

Вярнуўшыся пасля Украіны, я падумала, што хацела б дасягнуць большага ў сваім жыцці. Развялася і пачала думаць, што рабіць далей. Вельмі хацелася пераехаць у новае месца: зарабляць, пазнаваць новыя культуры і пляцоўкі.

Многія мае знаёмыя пачалі з’язджаць у Кітай. Для танцора на той момант там былі самыя высокія заробкі. За месяц выкладання танцаў можна было атрымаць каля 1500 долараў, у Еўропе ці Турцыі плацілі максімум 900. У Тайландзе – яшчэ менш.

У Беларусі ёсць агенцтва, у якім займаюцца падборам танцораў і адпраўляюць іх у Кітай на кантракты. Я накіравалася туды на кастынг і стала чакаць добрых варыянтаў. Праз тыдні два мне напісаў менеджар і сказаў, што адзін з адміністратараў кітайскага клуба выпадкова ўбачыў мяне ў нейкім відэа ў сацсетках і вырашыў паклікаць.

Тэрмінова патрэбна была дзяўчына на падтанцоўку са спявачкай на два месяцы. Умовы былі добрыя, заробак – таксама. Ніякай візы афармляць у Кітай не трэба: гэта рабілася па прылёце. Мяне асабліва нічога не трымала ў Беларусі, таму я падумала і вырашыла паспрабаваць.

Менеджар напісаў мне ў сераду, а ў пятніцу я ўжо была ў Кітаі.

Першыя пару тыдняў у мяне, вядома, было шмат пытанняў літаральна да ўсяго. Я часта цікавілася ў сябе, што я тут раблю. Праца дапамагла досыць хутка ўцягнуцца ў новае асяроддзе. Спачатку была падтанцоўшчыцай на шоу ў адной спявачкі. Апроч мяне ў камандзе былі хлопец і дзяўчына з Расіі, пастаноўшчыкам быў выкладчык з Румыніі.

Мы хутка знайшлі агульную мову з хлопцамі, і праз два месяцы я зразумела, што хачу застацца. Вяртацца ў Беларусь, калі ў Кітаі перада мной было адкрыта мноства вакансій у танцавальнай сферы, не хацелася.

Аб працы: «У кітайскіх клубах не прынята танчыць»

– Цяпер я жыву ў Ціндаа – гэта партовы горад на ўсходзе Кітая. Па ўсёй краіне ў кампаніі, з якой я супрацоўнічаю, ёсць сетка клубаў. У адным з іх я і працую.

Канкрэтна ў нашым клубе выступаюць толькі прафесійныя танцоры. Мы патрэбныя для таго, каб ствараць больш цікавую і прыхільную атмасферу ў памяшканні. Мы не кантактуем з гасцямі, не сядзім з імі за сталамі і не п’ём. Такія паводзіны дастаткова распаўсюджаны ў Кітаі, але ў нас такога няма.

Так выглядае клуб, у якім працуе Ханна.

Графік працы часта мяняецца, але звычайна мы працуем з дзевяці вечара да двух ночы. За гэты час мы паспяваем паказаць 5-6 шоу. Перыядычна можа мяняцца графік, але ў дамове прапісана, што менавіта такая колькасць выступаў павінна быць у чалавека за змену.

Шоу выглядаюць па-рознаму. Часам гэта фрыстайл для атмасферы, калі мы проста раскідаем каляровыя паперкі і рухаемся ў такт музыцы. Часам – паўнавартасныя харэаграфіі. У нас у камандзе ёсць харэографы, візажысты, людзі, якія адказваюць за адзенне і валасы. Задача ж танцораў – вывучыць нумар і паказаць яго.

У цэлым тусоўкі ў Кітаі адрозніваюцца ад беларускіх. У большасці клубаў, напрыклад, няма танцполаў. Замест іх часта можна знайсці адмысловую сцэну, на якой людзі проста скачуць. У памяшканнях заўсёды вельмі шумна, таму што гукавыя сістэмы настолькі аб’ёмныя, што запаўняюць музыкай літаральна ўсю прастору з усіх бакоў.

Музычны густ у кітайцаў за апошні час крыху змяніўся. Яны ўсё больш слухаюць тэхна, транс ці хаўс. А яшчэ яны таўпяцца і стаяць вельмі блізка, таму вечарынкі выглядаюць так: куча мясцовых стаяць, прыціснуўшыся адзін да аднаго, як селядцы ў бочцы, і хістаюцца пад цяжкія біты.

Яшчэ мясцовыя ведаюць шмат гульняў, звязаных з рукамі. У Кітаі на пальцах адной рукі можна паказаць усе лікі ад аднаго да дзесяці. Гэтым яны даволі актыўна карыстаюцца ў сваіх забаўках, нават калі ідуць у клуб. Часта бачу, як у нас пад сцэнай п’яныя кітайцы сякуцца ў «камень, нажніцы, паперу».

Насамрэч даволі складана патлумачыць, як канкрэтна праходзяць тусоўкі ў Кітаі. Гэта трэба адзін раз убачыць.

Пра кітайскі менталітэт: «Кітайцам, каб дайсці да нейкай высновы, адразу трэба паспрабаваць нешта зрабіць»

– Я на ўсё жыццё запомню словы аднаго знаёмага пра Кітай. Ён сказаў: «Ёсць усяго два варыянты: ты альбо прымаеш Кітай цалкам з усімі яго асаблівасцямі і прыколамі, альбо не». Гэта дакладна так. У нейкі момант прыходзіць усведамленне, што тут менавіта так і па-іншаму быць не можа. Хоць забіся, але звычкі і менталітэт ты ніяк не зменіш.

Першы час часта дзівілася таму, як кітайцы могуць пабудаваць хмарачос літаральна за некалькі сутак, але адначасова з гэтым у банальных рэчах з імі можа быць вельмі цяжка.

Напрыклад, нам прыходзяць новыя касцюмы. А я ж ведаю, якая ў нас харэаграфія. Я гляджу на гэта адзенне і адразу разумею, што танцаваць у ім не змагу. Для нас, еўрапейцаў, гэта нармальна – адразу разумець больш шырока нейкія рэчы. Кітайцам, каб дайсці да нейкай высновы, адразу трэба паспрабаваць нешта зрабіць.

Кітайцы, па маіх назіраннях, могуць выконваюць толькі адну задачу. Спачатку прыняць такое было складана. У Беларусі нармальна, што на адной пасадзе ты адначасова робіш некалькі таскаў. У Кітаі ўсё інакш. У цырульнях, напрыклад, адзін асістэнт мые табе галаву, іншы – сушыць яе, трэці – падстрыгае валасы, а яшчэ хто-небудзь паралельна з гэтым прыбірае смецце.

Спачатку ў мяне быў нават нейкі ўнутраны пратэст: «Навошта ўсё ўскладняць, калі ўсё гэта можа зрабіць адзін чалавек?» Было складана прыняць такую рэальнасць, але па выніку я звыклася.

Пра кітайскую мову: «Першае слова, якое вывучыла, было “піва”»

– Я пераехала з нулявым валоданнем кітайскай мовы. Мой максімум – простае «ніхао» для прывітання. Усё. У астатні час свабодна размаўляла па-англійску і адчувала сябе нармальна. У любой кампаніі, куды б ты ні прыйшоў, дакладна знойдзецца хоць адзін кітаец, які будзе размаўляць на ёй. Адно з першых кітайскіх слоў, дарэчы, якое я вывучыла на месцы, было «піва». Гучыць яно ў перакладзе як «піджыо».

Нейкі час займалася з педагогам, але часта адкладвала заняткі з-за вялікай загружанасці на працы. Нягледзячы на тое, што кітайская мова ў мяне была не ў прыярытэце, я ўсё роўна паступова яе запомніла. Нават на рэпетыцыях, калі нейкія рэчы паўтараюцца па некалькі разоў, то аўтаматычна вучыш іх. Тут можна вывозіць логікай: не могуць табе казаць пра бабра, калі паказваюць на лыжку.

Прыклады касцюмаў і макіяжаў на выступах.

Цяпер я ўжо магу пагаварыць з таксістамі на базавым узроўні. Магу сказаць адкуль я, замовіць каву ці папрасіць нешта ў краме. Любую размову на мінімальным узроўні я таксама падтрымаю. На глыбінныя тэмы – наўрад ці.

У саміх кітайцаў шмат дыялектаў, таму яны не заўсёды разумеюць адзін аднаго. Я заўжды здзіўляюся гэтаму факту: як можна патрабаваць нечага ад замежнікаў, калі самі не могуць размаўляць на сваёй жа мове?

Цікава, што некаторыя мясцовыя ведаюць рускую мову, бо ездзілі на вучобу ў краіны СНД. Пару разоў ішла па вуліцы, і мне на чыстай рускай кітайцы казалі «привет».

Пра адносіны з кітайскімі хлопцамі: «Мясцовым нашмат прасцей і больш выгадна ажаніцца з замежніцамі»

– Першыя тры гады я наогул не ўспрымала кітайцаў у рамантычным плане. Памятаю, у нейкі момант завісла і задумалася, а чаму я, маладая і вольная дзяўчына, ніколі не была тут на спатканні. Пасля гэтага спампавала дэйтынг-аплікацыю. Цяпер у мяне тры сэрвісы для знаёмстваў: Tinder, TanTan і яшчэ адзін лакальны кітайскі.

Першае спатканне было з кітайцам, у якога ўзровень англійскай быў горшым, чым мой кітайскі. Ну, нічога, мы пасядзелі, выпілі каву. Ён быў вельмі выхаваны і ветлівы, але паводзіў сябе неяк нахабна. На першай жа сустрэчы, а ў нас потым яшчэ было пару спатканняў, ён ужо браў мяне за руку. З ім у нас нікуды не прасунулася: мне было складана зразумець, падабаюся я яму проста як дзяўчына ці як замежніца.

Кітайскія хлопцы, у прынцыпе, вельмі рады размаўляць і заводзіць адносіны не з кітаянкамі. Для іх у гэтым плане больш плюсаў. Па-першае, у іх ёсць нейкі кінк на іншаземак: яны лічаць, што ў змешаных шлюбах атрымаюцца больш прыгожыя дзеці.

Па-другое, кітаянак у Кітаі менш, чым хлопцаў. З-за гэтага ўзнікае вялікая канкурэнцыя. Тут увогуле вельмі складана ажаніцца з мясцовай, таму што ў многіх сем’ях за нявесту-кітаянку прынята плаціць выкуп. Славянкі ж нічога такога не патрабуюць, таму на іх часцей і палююць кітайцы.

Кітаянкі, у сваю чаргу, вельмі інфантыльныя, я б так сказала. Яны ведаюць, што іх у любым выпадку абяруць. Неяк хлопец-кітаец выбіраў мне ў падарунак тэрмас і дасылаў фота розных варыянтаў: на ўсіх былі нейкія зайчыкі, коцікі, ружовыя сэрцайкі. Я яму кажу, што мне не пяць гадоў, навошта мне такое. А ён прывык, што жанчыны тут выбіраюць нешта падобнае.

Колькі каштуе жыццё: «У пандэмію жыла на 28 долараў у тыдзень»

– Цяпер я жыву ў цэнтры горада ў двухузроўневай кватэры з іншымі танцорамі. Жыллё нам здымае кампанія. Нам не трэба за яго плаціць, таму я нават не ведаю, колькі яно каштуе. Мусіць, у летні сезон, каб зняць студыю ў маім раёне, трэба будзе мінімум 3500 юаняў, то бок прыкладна 480 долараў.

Я вельмі часта снедаю у розных кавярнях, магу спускаць на гэта шмат грошай. Тут шмат невялікіх рэстаранаў, і ўсюды дзейнічае дастаўка, таму гатаваць дома зусім не абавязкова. І каштуе нядорага: велізарная порцыя пяльменяў у падобным месцы будзе каштаваць каля 2,5 долараў.

У перыяд пандэміі я магла спакойна жыць на 200 юаняў (гэта каля 28 долараў) у тыдзень, і мне было камфортна. Зараз жа на ежу, улічваючы рэстараны, трэба мінімум каля 2000 юаняў (гэта 300 долараў). Калі гатаваць дома, то 1000 юаняў (прыкладна 130 долараў) будзе больш чым дастаткова.

Пра будучыню: «Вяртацца ў Беларусь не планую»

– Пакуль я не хачу вяртацца ў Беларусь. У мяне ў планах падарожнічаць: пабываць у розных месцах Азіі, больш пісаць пра гэта ў блогу, развівацца ў танцах. Адносна нядаўна толькі скончылася пандэмія, і перамяшчацца па краіне стала нашмат прасцей. Цяпер буду карыстацца гэтай магчымасцю.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архіў гераіні.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter