Опросы
CityDog.io

«Цэны на ваду выраслі амаль у два разы». Мінчанкі – аб тым, на чым цяпер даводзіцца эканоміць

«Цэны на ваду выраслі амаль у два разы». Мінчанкі – аб тым, на чым цяпер даводзіцца эканоміць
CityDog.io спытаў у сваіх чытачоў з Мінска, на чым ім зараз даводзіцца эканоміць. Сітуацыі ва ўсіх розныя: калі адным прыйшлося проста з таксі перасесці на грамадскі транспарт, то іншым – урэзаць рацыён або туліцца ў «аднапакаёўцы» на ўскраіне.

CityDog.io спытаў у сваіх чытачоў з Мінска, на чым ім зараз даводзіцца эканоміць. Сітуацыі ва ўсіх розныя: калі адным прыйшлося проста з таксі перасесці на грамадскі транспарт, то іншым – урэзаць рацыён або туліцца ў «аднапакаёўцы» на ўскраіне.

Таццяна (38), выкладчыца: «Давялося выключыць з рацыёну некаторую садавіну і чырвоную рыбу»

Каля года таму Таццяна стала эканоміць на ежы. Галоўнай прычынай такіх зменаў стала павышэнне коштаў на прадукты.

– Пачала купляць толькі самае неабходнае, без празмернасцяў. Прыбрала з рацыёну частку даражэйшай садавіны, чырвоную рыбу і іншае. Калі розніца ў кошце істотная, то замест тавараў замежнай вытворчасці выбіраю айчынныя. У цэлым, харчаванне стала менш разнастайным.

Юлія (46), дызайнерка: «Эканоміць на прадуктах можна і трэба»

Юлія лічыць, што эканоміць на ежы можна і нават трэба: напрыклад, купляць сезонныя прадукты не толькі больш выгадна фінансава, але і больш карысна.

– Я не ем фастфуд, гатую простыя стравы з сезоннай гародніны. Не купляю каўбасы, сасіскі, соўсы і маянэзы. Прычым неабавязкова шукаць ежу на скідках. Можна проста не купляць лішняга і непатрэбнага.

Лепш купіць кавалак ялавічыны, чым паўфабрыкаты ці вэнджаніну. Здаравей спячы тварожную запяканку, чым на перакус браць у краме гатовыя сэндвічы ці салаты з маянэзам. Гэта і танней, і здаравей.

Настасся (22), студэнтка: «Новае адзенне купляю толькі ў крайнім выпадку»

Настасся вучыцца на шостым курсе медуніверсітэта, у вольны час падзарабляе медсястрой. Прыбытак у дзяўчыны не вельмі вялікі, таму даводзіцца эканоміць – на вопратцы.

– Без новай спадніцы пражыць можна, а вось без якаснага харчавання, адпачынку, медабследаванняў – складаней. Насамрэч, калі забяспечаны базавыя запатрабаванні, то новае адзенне не так ужо і важна. Няўжо што для новых фота. Але я не аматарка фотасесій і вядзення інстаграма, таму ў гэтым сваім абмежаванні адчуваю сябе добра.

Імкнуся насіць рэчы з мінулага сезона або па-рознаму камбінаваць тое, што ўжо ёсць – ідэі гляджу ў інтэрнэце. Калі трэба, то рамантую, падшываю старыя штаны ці сукенкі, каб не купляць новыя. Часам магу дакупіць аксэсуары ў выглядзе хустачкі або новых акуляряў. Адзенне купляю толькі ў выпадку крайняй неабходнасці.

Вікторыя (36), спецыялістка па банкаўскіх паслугах: «Цэны на ваду выраслі амаль у два разы»

Вікторыя з сям’ёй жыве ва ўласнай аднапакаёвай «сталінцы» і кажа, што ў апошні час вельмі моцна выраслі кошты на ваду. Напрыклад, у красавіку за камуналку заплацілі 142 рублі, з іх амаль палова – за халоднае і гарачае водазабеспячэнне.

– Раней мы жылі ўчатырох у двухпакаёвай кватэры, за камуналку плацілі 80 рублёў. Цяпер таксама ўчатырох, але ў «аднапакаёўцы» – і плацім ці ледзь не ў два разы больш. Лічу, што кошты на ваду занадта высокія зараз. Даводзіцца скарачаць час мыцця для кожнага чальца сям’і. Душ – не больш за 15-20 хвілін, ванну набіраем толькі для дзіцяці раз у месяц.

Часта з-за такіх коштаў даводзіцца эканоміць на іншых выдатках, каб усё сышлося. Напрыклад, з ежы бярэм толькі самае базавае, а прадукты – адны з таннейшых. Гардэроб увесь час абнаўляецца толькі ў дзіцяці, якое расце. У астатніх – калі грошы застаюцца.

Аліна (21), перакладчыца: «Не можам сабе дазволіць зняць з сяброўкай “двушку”, таму жывем у адным пакоі»

Аліна з суседкай зараз заканчваюць універсітэт у Мінску і толькі нядаўна пачалі працаваць. Нейкія зберажэнні ў дзяўчат былі, але на тое, каб зняць вялікую кватэру і за раз заплаціць за першы месяц арэнды і ўнесці заклад, не хапала. Абцяжарваць бацькоў студэнткі не хацелі, таму знялі тое, што было даступна – «аднапакаёўку» у раёне МКАДа.

– Калі пачалі шукаць жыллё, спачатку мы летуценна глядзелі на «двушкі» каля метро ці недалёка ад цэнтра. Але нашы мары хутка разбіліся аб рэальнасць – кошты за такія кватэры нам проста не пацягнуць. У выніку вырашылі здымаць аднапакаёўку і жыць, па сутнасці, без асабістай прасторы. Хоць нам і не прывыкаць: да гэтага мы 4 гады жылі ў студэнцкім інтэрнаце ў пакоі на чацвярых і потым яшчэ год удваіх.

Месцазнаходжанне кватэры не вельмі добрае: гэта амаль МКАД, каля дома ходзіць толькі два тралейбусы, на якіх зручна дабірацца максімум да метро «Пятроўшчына». Не ахвяравалі мы, так бы мовіць, толькі рамонтам: у кватэры мы другія, таму жывем прыгожа, але далёка і цесна. Затое грошай плацім мала: крыху больш за 100$ у месяц з чалавека.

Безумоўна, шмат чаго хацець мы і не маглі: толькі заканчваем універсітэт, пачынаем працу, а маладым спецыялістам не плацяць шалёныя грошы – асабліва калі гэта спецыялісты-лінгвісты.

Кацярына (23), маркетолаг: «Раней на таксі ездзіла кожны дзень, зараз толькі ў крайніх выпадках»

Кацярыне даводзіцца эканоміць на таксі. Калі раней яна карысталася паслугамі перавозчыкаў кожны дзень і марнавала на гэта каля 350 руб. у месяц, то зараз кажа, што безлімітны праязны, які акупляецца за тыдзень, – проста знаходка.

– Я пераехала ў кватэру крыху далей ад цэнтра, а праца знаходзіцца на іншым канцы горада. Да гэтага я кожны дзень ездзіла на таксі: гатова была выдаткаваць ад 5 да 10 руб. за паездку. У апошні час попыт амаль заўсёды падвышаны, кошт паездкі выходзіць ад 15 руб., таму таксі выклікаю ў крайніх выпадках: напрыклад, калі праспала ці еду на вечарынку ўначы. У астатніх выпадках выбаўляе праязны на грамадскі транспарт. Добра яшчэ, што атрымалася так выбудаваць графік працы, каб не ездзіць у гадзіны пік.

 

Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото: Unsplash.com.

#Минск #Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter