Люди, истории Подкасты
CityDog.io

«У маёй палаце адна мама выраніла дзіцяці – і яно потым памерла». Беларуска расказала, як нараджала ў Беларусі і Нідэрландах (асцярожна, у параўнанні гучыць балюча)

«У маёй палаце адна мама выраніла дзіцяці – і яно потым памерла». Беларуска расказала, як нараджала ў Бе...
Калі памятаеце, CityDog.io ужо расказваў няпростую гісторыю мінчанкі, якая сваё першае дзіця нараджала ў 35 гадоў у Беларусі. Пасля гэтага артыкула нам на пошту напісала іншая беларуска, якая першы раз нараджала ў Беларусі, а другі – у Нідэрландах (у 39 гадоў). Мы вырашылі параўнаць гэты досвед. Атрымалася, мякка кажучы, балюча.

Калі памятаеце, CityDog.io ужо расказваў няпростую гісторыю мінчанкі, якая сваё першае дзіця нараджала ў 35 гадоў у Беларусі. Пасля гэтага артыкула нам на пошту напісала іншая беларуска, якая першы раз нараджала ў Беларусі, а другі – у Нідэрландах (у 39 гадоў). Мы вырашылі параўнаць гэты досвед. Атрымалася, мякка кажучы, балюча.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Ганна з мужам – айцішнікі. У Нідэрланды пара з 5-гадовым сынам пераехала ў 2019 годзе. Кажуць, што хацелі паспрабаваць пажыць за мяжой, пакуль дзіця не пайшло ў школу і сям’я не стала больш прывязанай да аднаго месца.

– Да таго моманту ў мяне ўжо з’явілася ідэя праекта, таму мы выбіралі краіну з добрым кліматам для стартапаў. Плюс хацелася даведацца нешта новае, атрымаць пэўны досвед і пасля прывезці яго ў Беларусь, – расказвае Ганна. – То бок пераязджаць назаўсёды мы першапачаткова не планавалі. Але потым здарыўся шэраг пэўных падзей, пасля якіх мы вырашылі не вяртацца.

Роды ў Беларусі: «Гэта вельмі бесчалавечна ў адносінах да жанчыны»

Упершыню Ганна зацяжарыла ў 29 гадоў, нарадзіла ў 30. Кажа, што ўсю цяжарнасць праходзіла добра, толькі адзін раз за 9 месяцаў крыху прыхварэла, але тэмпература была не вышэйшай за 37,2. Жалеза дзяўчыне таксама выпісвалі, толькі піла яна яго «ад балды», таму з гэтым ніякіх праблем не было.

– Схваткі ў мяне пачаліся каля двух гадзін дня, мы з мужам паехалі ў радзільню. Я прайшла пару нашых стандартных зневажальных працэдур тыпу клізмы і дэзінфекцыі, і нас адправілі ў агульную палату. Схваткі станавіліся больш частымі і ўсё больш балючымі, і каля дзвюх гадзін ночы мне сказалі, што нешта ідзе не так і трэба прабіваць каляплодны пузыр. Прабілі, убачылі зялёныя воды – сказалі, трэба падпісваць дакументы на кесарава.

І далей пачалося пекла. Я яшчэ амаль гадзіну чакала, пакуль з’явіцца анестэзіёлаг. Потым ён укалоў мне эпідуралку (эпідуральная анестэзія – наркоз мясцовага прызначэння, які дапамагае абязболіць схваткі падчас родаў. – Рэд.), у мяне рэзка ўпаў ціск і адразу стала вельмі холадна. Мяне калаціла як у фільмах, калі паказваюць нейкіх апантаных. З-за нізкага ціску я стала перыядычна губляць прытомнасць, а анестэзіёлаг проста біў мяне па шчоках. Я расплюшчвала вочы, мяне пачынала рваць, зноў падаў ціск – і так па коле. Так прайшлі ўсе роды. З таго, што я яшчэ памятаю, гэта абрыўкі фраз дактароў пра ціск і тое, што я худая.

Мой муж увесь гэты час чакаў за дзвярыма. То бок самога кесарава ён не бачыў, але пачаў хвалявацца, калі дактары выбягалі за рэанімацыйным камплектам. На шчасце, усё скончылася добра. Мне далі патрымаць дзіця за пятачку, а мужу дазволілі зрабіць пару фатаграфій.

Мяне перавялі ў агульную палату. Пазней прыйшлі і сказалі, што дзіця пацярпела падчас родаў. Але што менавіта адбылося, не растлумачылі. І гэта самае страшнае, што дактары ўвесь час нешта не дагаворваюць. Хтосьці сказаў, што ў дзіцяці было кіслароднае галаданне і з-за гэтага выкручаны рукі. Пытаешся, з-за чаго, – «ну, можа, падчас цяжарнасці нешта было». Ну, наўрад ці ў плода кіслароднае галаданне з-за таго, што ў мяне адзін дзень паднялася тэмпература і папяршыла ў горле? Больш верагодную прычыну я назаву потым.

Далей нас яшчэ на 21 дзень перавялі ў РНПЦ «Маці і дзіця». Там проста жудасныя ўмовы для мам. Вось ты толькі пасля кесарава, яшчэ разагнуцца не можаш, а табе ўжо прынеслі дзіця і па ўсіх кабінетах і калідорах ты павінна насіць яго на руках. Каб яго хаця б падняць, я закруціла сябе поясам для цяжарных, усё максімальна сціснула – і не здымала месяц.

У такія моманты разумееш, што ўсе гэтыя страшылкі, як мамы раняюць дзяцей, – гэта рэальнасць. Бо нейкі спазм пасля кесарава можа здарыцца ў любы момант. Гэта вельмі рэзкі боль – і ты чыста інстынктыўна скручваешся. У палаце, дзе я ляжала, у адной мамы былі двайняты. І яна вось так аднаго выраніла – дзіця потым памерла. Гэта ж страшна. Чаму не даць жанчынам хаця б гэтыя вазкі, на якіх яны маглі б вазіць дзяцей па дактарах?

Яшчэ ў мяне не пайшло нармальна малако. Мне ўсё казалі: «Прыкладвайце». Я разоў 10 падыходзіла да розных супрацоўнікаў цэнтра – усе адказвалі адно і тое ж. Калі ў мяне зацвярдзелі грудзі і сталі проста як камень, мне сказалі рабіць кампрэсы. Якія кампрэсы? Як іх рабіць? Куды прыкладваць? Ты ж першы раз нараджаеш, нічога гэтага не ведаеш. Прыйшлося тэлефанаваць знаёмым дактарам, каб высветліць.

Плюс мяне ўвесь час дзяўблі, што я практычна не ела бальнічную ежу, – маўляў, табе ж грудзьмі карміць. А я проста не магла. У радзільні яшчэ нармальна гатуюць, а ў «Маці і дзіця» проста жудасна: і нясмачна, і смярдзіць, і ты сама на стрэсе – і цябе яшчэ ўвесь час за гэта крытыкуюць.

У маленькай палаце нас было 10 чалавек. Паміж ложкамі – літаральна крок. Калі адно дзіця ўначы заплача – прачынаюцца ўсе. І ў выніку ты ўвогуле амаль не спіш. Адзіны плюс такіх палат – ты можаш хаця б у туалет выйсці адна, будзе каму прыгледзець за дзіцём.

Падводзячы вынік, магу сказаць, што тое, што ў нас адбываецца ў радзільных дамах у Беларусі, – гэта ненармальна. Я пасля першых родаў яшчэ 8 гадоў не магла вырашыцца на паўторныя. Гэта ўсё вельмі бесчалавечна ў адносінах да жанчыны. І калі я раскажу, як праходзяць роды ў Нідэрландах, вы зразумееце чаму.

Роды ў Нідэрландах: «Нават пасля выпіскі дадому прыходзіць жанчына, каб дапамагаць»

У Нідэрландах другога дзіцяці Ганна нараджала ў 39 гадоў – і кажа, што розніца ў падыходзе да цяжарных каласальная. Мала таго, што ніхто не называў яе «старородящей», дык яшчэ і ва ўсім дапамагалі па націску на кнопку.

– У Беларусі цяжарнасць вядзе гінеколаг, у Нідэрландах – акушэрка (midwife). Тут вельмі зручна параўнаць са стаматалогіямі: як ёсць шмат розных стаматалогій, якія ты выбіраеш па водгуках у інтэрнэце ці рэкамендацыях сяброў, у Нідэрландах ёсць кампаніі, у якія ты звяртаешся па дапамогу ў вядзенні цяжарнасці.

Акушэрку таксама выбіраеш сама – яна потым і роды прымае. Да доктара могуць выпісаць накіраванне, калі ёсць нейкія цяжкасці (я ні разу не хадзіла і ні разу не залазіла ў крэсла). У астатніх выпадках ты маеш зносіны толькі з midwife. Яна даступная 24/7, а каштуюць яе паслугі 6 еўра ў месяц.

Усё астатняе (у тым ліку і самі роды) – бясплатна па страхоўцы. У нас з мужам самае базавае страхаванне, але нават па ім я была ў шоку, які там сэрвіс у параўнанні з Беларуссю.

Пачнём з таго, што ў Нідэрландах цябе віншуюць з цяжарнасцю і адразу даюць першыя падарункі: такі спецыяльны чамаданчык, у якім ляжаць першая зубная шчотка і паста для дзіцяці, падгузнік, шапачка, – усё вельмі міла. І яшчэ папярэджваюць, што пра гэтыя чамаданчыкі ўсе ведаюць, і калі ісці з ім па вуліцы, то будзе зразумела, што я цяжарныя. Таму калі пакуль хочацца захаваць гэта ў сакрэце, то чамаданчык лепш схаваць.

Яшчэ мяне папрасілі прынесці дакументы з маёй першай цяжарнасці. І калі мама перадала мне выпіску, я першы раз яе прачытала і была проста ў шоку: яны панапісвалі мне кучу нейкіх дыягназаў, якіх у мяне ніколі не было. Напрыклад, што ў мяне падчас цяжарнасці была гіпертанія, гестацыйны цукровы дыябет, інфекцыя… Я гэту выпіску нават не стала паказваць. Як мне потым давесці, што гэтага ўсяго на самой справе не было?

Я проста на словах сказала, што ў маёй мамы былі дыябет і праблемы са шчытавідкай. І толькі з-за гэтага мне прызначылі дадатковыя скрынінгі. У астатнім усіх гэтых праверак і аналізаў тут па мінімуме.

Адзінае, што мяне здзівіла: падчас УГД дактары да пэўнага тэрміну не гавораць пол дзіцяці. Аказваецца, тут распаўсюджана такая тэма, што бацькі могуць вырашыцца на аборт, калі даведаюцца, што дзіця не таго полу, якога яны хацелі б.

Калі я запыталася ў акушэркі, ці трэба мне насіць пояс для цяжарных, яна спытала: «Навошта? У вас баліць спіна?» Я кажу, што не баліць, але гінекалагіня ў Беларусі настойліва рэкамендавала мне гэты пояс, калі хачу данасіць цяжарнасць (хаця тады ў мяне таксама нічога не балела). На гэта акушэрка мне адказала, што ўжо даўно вядома, што такі пояс можа выклікаць кіслароднае галаданне ў плода. Вы ж не ведаеце, як у вас будзе павернута дзіцяці і як гэты пояс будзе ціснуць на жывот. Навошта рызыкаваць? А калі будуць моцныя болі, мы вас адправім да тэрапеўта.

Яшчэ адзін момант – пра запоры. Насамрэч гэта частая з’ява ў цяжарных, залежыць ад таго, як павернецца дзіця. Каб вылечыць гэта, у Беларусі мне давалі піць нейкі салодкі сіроп, у Нідэрландах сказалі проста есці па два ківі ў дзень – у большасці выпадкаў дапамагае. І гэта сапраўды спрацавала – я была ў шоку.

У Нідэрландах самыя распаўсюджаныя роды – дома. Калі ў жанчыны ўсё добра, няма ўскладненняў і яна будзе нараджаць сама, то акушэрка прыйдзе да яе дадому і ўсё зробіць – гэта бясплатна. Калі жанчына вырашыць нараджаць у бальніцы, то нават са страхоўкай ёй давядзецца даплаціць. Але не заўсёды: калі нараджаць у бальніцы прадпіша доктар, то гэта таксама будзе бясплатна. Напрыклад, як у мяне. Так як падчас першых родаў у мяне было кесарава, то нараджаць дома мне было забаронена. Але ў бальніцы прапанавалі выбраць, нараджаць самой ці зноў рабіць кесарава. Пасля досведу першых родаў мне было страшна і так, і так – але пасля доўгіх роздумаў выбрала кесарава.

Пры гэтым я размаўляла з доктарам, які будзе апераваць, размаўляла з анестэзіёлагам – мне здаецца, я проста вынесла ім мазгі сваімі аповедамі пра тое, якая ў мяне была рэакцыя на эпідуралку падчас першых родаў. Але калі я прыйшла ў радзільную залу і ўбачыла кучу прыбораў і датчыкаў, зразумела, што дарма перажывала. У Беларусі ж ты ўвогуле без нічога – якая прыйшла, такая і нараджаеш. А тут табе нон-стоп вымяраюць і ціск, і сэрца, і пульс – ты ўся ў датчыках. Плюс мне адразу ўкалолі прэпарат, які трымае ціск.

Падчас кесарава са мной быў муж. Ніжняя частка майго цела была схавана за шторкай, а ён сядзеў каля галавы і нічога не бачыў. Доктар у працэсе расказваў усялякія жарты-прымаўкі. Калі дзіця дасталі, не пераразаючы пупавіну, мне праз плёначку паклалі яго на грудзі. І гэта неверагодна шчаслівы момант, калі ты бачыш і адчуваеш гэтага малышыка. І ўсе вакол радасныя, фоткаюцца.

Для мужа там увогуле сапраўднае шоу: спачатку яму прапануюць самому перарэзаць пупавіну (нават шчыпцы па колеры на выбар), потым выбраць колер шапачкі, дапамагчы апрануць дзіцяці пасля мыцця – і гэта ўсё ў палаце, пакуль маю аперацыю заканчвалі.

Яшчэ ў Нідэрландах не вымяраюць рост дзіцяці адразу пасля нараджэння. Дзеці ж нараджаюцца з падціснутымі ножкамі і ручкамі, і, каб памераць, урачу трэба выпрастаць гэту ножку. І ў гэты момант адбываецца траўміраванне сустава (памятаю, калі ўбачыла гэта ў Беларусі, у мяне ажно сэрца сціснулася). Таму тут пры нараджэнні вымяраюць толькі вагу, а рост – прыкладна праз месяц.

Калі мяне перавезлі ў палату, сказалі, што 10 дзён мне нельга насіць дзіця на руках. Маўляў, у вас парэз і трэба, каб матка добра аднавілася. А дзіцяці мы будзем вам падносіць. Я зноў у шоку, але праўда так і было. У бальніцы я была тры дні. Увесь гэты час дзіця было са мной у палаце, а медсястра прыходзіла па націску кнопачкі. Шчыра кажучы, мне было нават неяк сорамна ўвесь час яе выклікаць, але гэта нармальная практыка.

Акрамя таго, са мной у палаце быў і муж – ён заставаўся нават на ноч на раскладной канапе. Яго вучылі спавіваць, закручваць, апранаць малога. Абеды і сняданкі таксама прыносяць, у палаце стаіць кавамашына. Для мужа бясплатны толькі першы сняданак і абед, пасля гэтага можна хадзіць у мясцовую сталовую.

Яшчэ для мяне быў шок, калі на наступны дзень пасля родаў мне прынеслі каву і шакаладны мафін на сняданак. Сказалі, што есці можна што заўгодна (калі не злоўжываць, вядома), таму што грудное малако толькі на 2% залежыць ад ежы. Адзінае, просяць не есці вострую ежу. Але калі вы, напрыклад, азіят і ўсё жыццё такое елі, то працягвайце жыць сваім звычайным жыццём.

Пасля выпіскі да нас дадому яшчэ 7 дзён прыходзіла спецыяльная жанчына, якая з раніцы да вечара (8-гадзінны працоўны дзень) дапамагала і з дзіцём, і па хаце: калі малое спіць, яна можа зрабіць уборку, памыць посуд, прыгатаваць абед і іншае (гэта ўсё бясплатна па страхоўцы!).

Акрамя таго, гэта ж жанчына была спецыялісткай па грудным выкормліванні – і толькі дзякуючы ёй я даведалася, чаму ў мяне і ў першы, і ў другі раз не ішло малако. Аказалася, што ў мяне вузкія малочныя пратокі і густое малако. Мне далі спецыяльныя прэпараты – і ўсё пайшло. Для адсмоктвання малака гэта жанчына сама прынесла спачатку адзін дэвайс, потым іншы, больш прыдатны. І мужу не прыйшлося, як у Беларусі, нічога не разумеючы, самому ездзіць і шукаць гэтыя малакаадсосы, каб перадаць мне.

Ды і ўвогуле яна дала мне вельмі шмат важнай інфармацыі і падзялілася рознымі лайфхакамі, якія спрашчаюць жыццё. Напрыклад, калі раней я спачатку кіпяціла ваду для дзіцяці, потым яе астуджала, то цяпер я ведаю, як яе разагрэць у мікрахвалёўцы, каб яна адразу была неабходнай тэмпературы.

Калі трэба зрабіць нейкія аналізы, за імі таксама прыязджаюць да цябе дадому – і ты пасля кесарава з гэтым дзіцём нікуды не носішся.

Ну і апошняе: мужчына ў Нідэрландах таксама сыходзіць у дэкрэтны адпачынак на месяц. Таму першы час у цябе і муж дома, і гэта жанчына, якая дапамагае, – і гэта суперзручна для маладой мамы, якая сама яшчэ не аднавілася пасля аперацыі.

Чаму нічога падобнага да гэтага часу няма ў Беларусі?

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: з асабістага архіва гераіні; Unsplash.com.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter