Кажуць, якімі б свядомымі ні былі бацькі, дзецям усё адно будзе што расказаць свайму псіхатэрапеўту. CityDog.io спытаў у розных беларусаў і беларусак, чаму яны не прымаюць сваіх бацькоў. Адказы атрымаліся драматычнымі.
Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.
Дана (24): «Часам бацька ішоў мне насустрач і не вітаўся»
– Бацькі развяліся, калі мне было шэсць. Першыя гадоў пяць бацька стараўся падтрымліваць са мной зносіны: часта браў да сябе на выхадныя, дарыў падарункі. Аднак з часам увагі рабілася ўсё менш. Да маіх 11-12 гадоў наша камунікацыя зусім спынілася, ён перастаў тэлефанаваць мне нават на дні нараджэння.
Горад у нас маленькі (каля 50 тысяч чалавек), і я часта яго бачыла. Нават бывалі сітуацыі, калі ён ішоў мне насустрач і не вітаўся. Мая мама таксама сустракала яго ў горадзе, пыталася, чаму ён не камунікуе з дачкой. У адказ ён мямліў нешта невыразнае, казаў, што нібыта хварэе.
Потым у яго з’явілася новая сям’я: жонка і дачка. На вяселле мяне, натуральна, ніхто не запрашаў, са зводнай сястрой я не знаёмая. Пра асабістае жыццё бацькі даведвалася ад іншых сваякоў.
Я не скажу, што я пакутавала ад таго, што ў мяне не было бацькі. Не памятаю, каб я пра гэта перажывала. Безумоўна, гэта паўплывала на мяне, але цяжка растлумачыць як. Насамрэч я да гэтага часу не разумею, навошта мне патрэбен бацька і якія абавязкі ён павінен выконваць, – проста таму, што яго не было.
Аб’явіўся ён у маім жыцці праз 10 гадоў маўчання, калі мне было 22. Мая бабуля (па маці) сустрэла яго і адчытала, што ён несумленны бацька. Пасля гэтага ён папрасіў у яе мой нумар тэлефона.
Ведаеце, гэта нейкае неапісальнае пачуццё, калі табе тэлефануе чалавек, прадстаўляецца тваім бацькам, а ты нават не пазнаеш яго голас.
Патэлефанаваўшы, ён прапанаваў сустрэцца. Я пагадзілася. На сустрэчы ён неяк дзіўна паводзіў сябе – ці то моцна хваляваўся, ці то нават выпіў для адвагі.
Мы размаўлялі, напэўна, каля паўгадзіны. Ён распытваў, хто я і чым жыву. Памятаю, што мне не спадабалася наша размова: гэта было неяк няскладна. У мяне не было адчування, што вось перада мной мой бацька. Ён шмат расказваў, якая ў яго цудоўная другая дачка – на той момант ёй было 6 гадоў, – але пазнаёміць нас ён не гатовы, таму што жонка супраць. У выніку мы разышліся, дамовіўшыся, што ён можа мне тэлефанаваць.
Аднак наступным разам ён мне патэлефанаваў праз пару месяцаў. Сказаў толькі, што мяне шукае крымінальны вышук (з-за ўдзелу ў мірных акцыях пратэсту пасля выбараў 2020 года).
Пасля гэтага я з’ехала з краіны, уладкавалася на новым месцы і неўзабаве вырашыла яму патэлефанаваць – паведаміць, што я ў бяспецы.
Мы спрабавалі яшчэ стэлефаноўвацца, але потым я спыніла гэтыя зносіны, бо ўвесь час адчувала, што ён шукае ад мяне нейкай выгады: дачку ў будучыні куды-небудзь уладкаваць, яму з сям’ёй да мяне прыехаць, калі дома стане небяспечна. Ну і пастаянныя размовы пра грошы.
10 гадоў маўчання аказаліся для мяне вельмі вялікай перашкодай. Ён для мяне чужы чалавек. У нас розныя каштоўнасці, погляды; нам, па сутнасці, і пагаварыць няма пра што.
Вікторыя (28): «Усяго гэтага я дамаглася дзякуючы сваёй упартасці і ўсведамленню, што не хачу быць як яна»
Вікторыя была старэйшым дзіцем у сям’і. Акрамя яе ў маці было яшчэ трое – і ўсе ад розных мужчын. Па словах дзяўчыны, толькі бацька самага малодшага «быў ясным сонейкам у нашым жыцці», астатнія ўвогуле не з’яўляліся. Праўда, і «сонейка» цешыла дзяцей нядоўга – мужчына памёр, калі Вікторыі было 10 гадоў.
– Мама піла, колькі я сябе памятаю. У яе заўсёды былі розныя мужчыны. Яна магла з’ехаць і не з’яўляцца дома тыдзень, месяц. Увесь гэты час мы былі з дзядулем і бабуляй (хоць тая была пасля інсульту). Яны таксама ўжывалі алкаголь, але пра іх я дагэтуль прыгадваю з любоўю і цеплынёй.
Па сутнасці, з ранніх гадоў на мяне леглі ўсе абавязкі па хаце, па доглядзе за малодшымі сёстрамі і за братам: мне трэба было гатаваць, праць, прыглядаць за імі. Я стала літаральна маленькай маці для маленькіх дзяцей.
Сама я старалася вучыцца максімальна добра, каб ніхто не заўважыў, што ў сям’і ёсць нейкія праблемы. Але мы жылі ў вёсцы, і мне было вельмі сорамна, калі ва ўсіх аднакласнікаў бацькі прыходзяць на сход, а мае не; калі ўсе здаюць на рамонт школы, а я не; калі з садка дзяцей забіраюць мамы, а мяне выхавальніца вядзе дадому, таму што за мной ніхто не прыйшоў, – і так было пастаянна.
Мне было крыўдна, што я нарадзілася ў такой сям’і, што ўсё гэта адбываецца менавіта са мной. Наколькі памятаю, злосці як такой не было – проста вялікае расчараванне ў чалавеку. Мама страціла для мяне нейкую каштоўнасць.
Калі бабулі не стала, маці першы раз пазбавілі бацькоўскіх правоў. Нас адправілі ў прытулак, але цягам года яна аднавіла правы – і мы вярнуліся дадому. Другі раз яе пазбавілі, калі мне было ўжо 16. Нас забраў да сябе дзядзька – мамчын стрыечны брат. Я пабыла ў яго год, а потым ужо пайшла сваёй дарожкай.
Малодшы брат дагэтуль у дзядзькі, а сярэдняя сястра такая ж, як маці, – і я не ведаю, як магу ёй дапамагчы, растлумачыць, што так жыць нельга.
Тое, што я не прымаю сваю маці, я зразумела толькі гадоў у дваццаць. Да таго часу я жыла ілюзіяй, што ўсё можна выправіць, што людзі мяняюцца, што мама можа быць нармальнай, як ва ўсіх. Але з часам усвядоміла, што я бяссільная. Алкагалізм – гэта хвароба, з якой асабіста я не магу нічога зрабіць.
Апошнія два гады маці не п’е, прайшла лячэнне. Цяпер гэта зусім іншы чалавек. Але я ўсё роўна не магу прыняць яе. Часам набіраю спытаць, як справы. Але нейкія асабістыя пытанні мы ніколі не абмяркоўваем.
Вядома, усе гэтыя падзеі вельмі моцна паўплывалі на мяне – гэта ўсё вялікія траўмы. Калі ад слова «мама» пачынаеш плакаць. Калі адчуваеш сябе дарослай, а табе ўсяго 13. Калі вымушана бярэш на сябе абавязкі, якіх у цябе яшчэ не павінна быць.
Не ведаю, колькі будзе доўжыцца гэты этап прыняцця, але вось ужо тры гады я ў тэрапіі – і ўсё яшчэ складана. Пакуль прапрацоўваю іншыя наступствы: недавер да людзей, жаданне быць заўважанай, неабходнасць увагі і іншае.
Але ж, ведаеце, магчыма, часткова я нават удзячная гэтаму досведу – менавіта праз тое, якой ён мяне зрабіў. У мяне ёсць гэты стрыжань унутры, загартоўка, дысцыпліна, якія надаюць упэўненасці шырока крочыць па дарослым жыцці. У свае 28 я займаю досыць высокую пасаду ў кампаніі – і дамаглася гэтага менавіта дзякуючы сваёй упартасці і ўсведамленню, што не хачу быць як яна.
Вольга (40): «Мама прапанавала, каб мы сказалі бацьку, што гэта я разбіла плафон»
– Да 40 гадоў пры дапамозе псіхолагаў я навучылася прымаць сваіх маму і тату як людзей, але дагэтуль не магу прыняць іх як бацькоў – проста таму, што вось гэту бацькоўскую функцыю яны ўвесь час спрабавалі перакласці на мяне.
Пачну спачатку: я нарадзілася ў поўнай сям’і (бацькі развяліся пазней) і была жаданым дзіцем. Я заўсёды была накормлена, напоена, апранута і вымыта. Мяне вадзілі на мульцікі, вазілі на мора, абдымалі і цалавалі. Вядома, не абыходзілася і без пакаранняў – але ўсё было як ва ўсіх.
Цяпер я разумею, што мне «пашанцавала» нарадзіцца ў двух нясталых асоб, якія самі не сепараваліся ад сваіх бацькоў і не ўмеюць жыць самастойным жыццём.
Як мама я лічу, што дзіцяці не павінна быць сведкам разборак сваіх бацькоў, іх нервовых зрываў, і тым больш дзіцяці не павінна вырашаць нейкія глабальныя дарослыя праблемы накшталт размеркавання фінансаў, маральнага стану мамы і таты і гэтак далей. А мне даводзілася рабіць гэта пастаянна – і з досыць маленькага ўзросту. Усё гэта пазбаўляла мяне таго адчування бяспекі, якое павінны забяспечваць бацькі.
Напрыклад, падчас нейкіх пералётаў яны маглі пакінуць мяне, чатырох-пяцігадовае дзіця, з рэчамі ў аэрапорце і пайсці па сваіх справах. А потым на сямейных застоллях мама расказвала, што да мяне мог хто заўгодна падысці, працягнуць цукерку, а я сядзела і не рэагавала, таму што такая вось нелюдзімая. Доўгі час мяне нават замілоўвала гэта гісторыя – і толькі калі я сама нарадзіла, усвядоміла, наколькі гэта страшна.
Калі мне было гадоў пяць, мы з мамай гулялі ў маім пакоі ў мяч, і яна выпадкова разбіла плафон на люстры. Спалохаўшыся, яна сказала, што тата прыйдзе і будзе лаяцца, – таму яна скажа, што гэта зрабіла я. Я на той момант, вядома, пагадзілася: гэта ж маці, яна лепш ведае, што рабіць. Прытым што тата яе заўсёды абагаўляў і не лаяўся – але яна ўсё роўна вырашыла спіхнуць усю адказнасць на мяне.
У падлеткавым узросце, калі бацькі ўжо развяліся, быў перыяд, калі заробку ні на што не хапала. Маці прыносіла атрыманыя грошы дадому і плакала наўзрыд. А мне прыходзілася яе супакойваць і прыдумляць нейкія варыянты, пры якіх нам бы на ўсё хапіла. Якраз тады мы і вырашылі раскладваць грошы па канвертах – і рабілі гэта разам. Толькі цяпер я разумею, што гэта няправільна: калі для маленькага дзіцяці гэта можа быць гульнёй, то ў падлетка гэта вельмі моцна павялічвае трывожнасць.
Калі ў мамы здараліся складанасці ў адносінах з яе іншымі мужчынамі, яна магла пачаць пагражаць, што выскачыць з пятага паверха. І калі ў дзевяць гадоў у цябе панічны страх з-за гэтага, у дзесяць ты ўжо перабрала ўсе спосабы, як можна яе выратаваць, то да адзінаццаці ты ўжо перастаеш баяцца – табе становіцца ўсё роўна, абы адчапіліся.
З бацькам таксама было нямала сітуацый, якія моцна на мяне паўплывалі. Ён у цэлым заўсёды быў нейкім маленькім хлопчыкам, які не разумеў, як павінен паводзіць сябе тата.
Калі мне было гадоў восем, ён пачаў піць – і дастаткова моцна. Каб не выпускаць яго з кватэры, мама ставіла мяне ў дзвярах – відаць, спадзеючыся, што яго гэта спыніць. Але, калі чалавек п’яны, у неадэкваце, яму наогул усё роўна, хто там стаіць: ён проста бярэ за шкірку і кідае праз увесь калідор. А калі ён сыходзіў у запой і не з’яўляўся дома, мама ніколі не хадзіла шукаць яго адна – толькі са мной. То бок я ўвесь час была трэцяй асобай у іх разборках. Ведала ўсе падрабязнасці іх скандалаў, разводу, дзяльбы маёмасці і іншага.
Калі мне было трынаццаць гадоў, бацьку ў чарговы раз звольнілі з працы за п’янку. А калі ў яго нешта не атрымлівалася, то кепска было і мне. Памятаю, я сядзела ў сваім пакоі і пісала дамашку – і бацька раптам вырашыў праверыць, як я рыхтую ўрокі (хаця ніколі гэтага не рабіў). Вядома ж, я рабіла памылкі. За гэта ён кожны раз даваў мне па карку. Ад крыўды і прыніжэння ў мяне цяклі слёзы і капалі на сшытак. А паколькі тады мы пісалі яшчэ чарнільнымі ручкамі, на старонках заставаліся разводы. І хоць памылак ужо не было, з-за гэтых кляксаў бацька зноў і зноў прымушаў мяне перапісваць.
У нейкі момант, ужо пасля разводу, тату ўзялі на працу ў прыватны бізнес. Ён ездзіў у Маскву і кожны раз вяртаўся з абноўкамі – якраз у той перыяд, калі мы з мамай дзялілі грошы па канвертах, а я хадзіла ў старым дзядуліным паліто. Бацька браў мяне да сябе на выхадныя і паказваў свае спартовыя гарнітуры і красоўкі на рознае надвор’е: вось гэта на выпадак дажджу, а вось гэта на сонца. Я сядзела і не разумела, як наогул так можа быць: вось сяджу я – не чужая дзяўчынка, а яго дачка – у рваным адзенні, а вось ён – выхваляецца сваімі абноўкамі. Гэта бацька наогул ці нейкі не зусім адэкватны сябрук?
У дзяцінстве я вельмі любіла сваіх бацькоў. Я была вельмі тактыльнай, мне ўвесь час хацелася абдымаць іх, цалаваць, казаць важныя словы. Але з цягам часу з-за іх паводзін я пачала закрывацца, аддаляцца ад іх. І ўся мая дзіцячая любоў у выніку трансфармавалася ў звычайнае разуменне, што гэта проста мае бацькі. А яшчэ ў пачуццё віны, што я дрэнная дачка, бо не прымаю іх. І калі сабе дараваць гэта пачуццё я магу, то ім агучваць не хацелася б – каб не параніць.
Калі бацькі маіх бацькоў памерлі (з розніцай у год), мама і тата раптам успомнілі, што ў іх жа ёсць яшчэ і я. І сталі літаральна патрабаваць ад мяне пяшчоты, клопату, увагі, часу і гэтак далей. Гэта выклікала ў мяне крайні супраціў.
Год таму я з’ехала з Беларусі і цяпер з бацькамі маю зносіны рэдка. Яны не атрымліваюць ад мяне той падтрымкі і цеплыні, у якіх, магчыма, маюць патрэбу ў сваім узросце. Але цяпер я дарослая і сама нясу за гэта адказнасць: я не магу – і не хачу – быць ім трэцім бацькам і даваць тое, чаго яны хочуць. У мяне няма для гэтага ні рэсурсу, ні жадання.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Unsplash.com.