Люди, истории Подкасты
CityDog.io

«Жыць у спальным раёне больш камфортна, чым каля мора». Беларуска расказвае, як жыве ў Іспаніі на беразе мора

«Жыць у спальным раёне больш камфортна, чым каля мора». Беларуска расказвае, як жыве ў Іспаніі на беразе...
Юлія – журналістка з Беларусі. Ужо два гады дзяўчына жыве ў Іспаніі – у горадзе Малага. Але пераезд туды яна не планавала, як і не планавала ў прынцыпе з’язджаць з Беларусі: проста аднойчы паехала ў камандзіроўку ў Варшаву – і дагэтуль не вярнулася ў Мінск.

Юлія – журналістка з Беларусі. Ужо два гады дзяўчына жыве ў Іспаніі – у горадзе Малага. Але пераезд туды яна не планавала, як і не планавала ў прынцыпе з’язджаць з Беларусі: проста аднойчы паехала ў камандзіроўку ў Варшаву – і дагэтуль не вярнулася ў Мінск.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

 

– Я не развітвалася з сябрамі, – кажа Юля, – не збірала вялікі чамадан і аплачвала здымную кватэру ў Мінску яшчэ два месяцы пасля ад’езду. На жаль, рэпрэсіі летам 2021 года сталі больш жорсткімі ў дачыненні да журналістаў, і вяртацца дадому было небяспечна. На той момант я яшчэ не сумавала з-за гэтага: усё ж такі спадзявалася, што «гэта ўсё ненадоўга».

Як камандзіроўка ў Варшаву аказалася эміграцыяй: «Я пачала задумвацца, што, магчыма, гэта надоўга»

Спачатку я пераехала са сваімі калегамі ў Варшаву і працавала ў офісе. Прыблізна праз месяц стала зразумела, што трэба нешта рабіць з дакументамі, бо тэрмін маёй шэнгенскай турыстычнай візы заканчваўся. Я пачала задумвацца, што, магчыма, гэта надоўга і трэба прадумваць сваю будучыню.

Я не была ўпэўнена, што хачу атрымліваць польскі ВНЖ і заставацца там: я не ведала польскую мову, мне не вельмі падабалася Варшава, і я не бачыла перспектыў для сябе. У нейкі момант я ўспомніла пра сваю ідэю павучыцца ў магістратуры ў Еўропе.

У Малазе Юля бывала раней, прычым не аднойчы: нават прыязджала туды на моўныя курсы на два месяцы. Кажа, што тады горад ёй спадабаўся кліматам, людзьмі і прыродай.

– Падчас апошняй паездкі ў 2019 годзе я зацікавілася магістратурай там і даведалася, што яна вельмі даступная: 800 еўра каштуе ўвесь год. У Мінску я падцягнула іспанскую мову да ўзроўню С1 і хацела паступаць ва ўніверсітэт Малагі ў 2020 годзе, але перадумала з-за сваёй вельмі актыўнай і цікавай працы падчас выбараў у Беларусі.

І вось, знаходзячыся ў Польшчы, я вярнулася да гэтай ідэі. Выбрала дзяржаўны ўніверсітэт Малагі (UMA) – магістратура па журналістыцы, аператыўна сабрала дакументы (беларускі дыплом, выпіску з ацэнкамі, перакладзеную на іспанскую і з апастылем, матывацыйны ліст і пацвярджэнне ведання іспанскай мінімум на ўзровень В2 (здавала моўны экзамен). Дакументы я паспела падаць на навучальны 2021-2022 год.

Мяне залічылі, і літаральна ў апошнія дні дзеяння маёй шэнгенскай візы (у мяне мінулі 90 дзён знаходжання ў ЕЗ) я паспела прыехаць у Іспанію. На студэнцкі ВНЖ тут можна падацца, нават маючы звычайны «шэнген». Я з’язджала разам са сваім хлопцам, які таксама журналіст, і ён падаў дакументы на студэнцкі ВНЖ, запісаўшыся на доўгатэрміновыя курсы іспанскай.

Першы год тут я вучылася ў магістратуры ў другой палове дня, а ў першай працягвала аддалена працаваць на беларускія медыя. Пасля вучобы атрымала дыплом і змагла падаць дакументы на від на жыхарства, які дазваляе шукаць працу. Цяпер я працую ў беларускай журналістыцы аддалена, перыядычна супрацоўнічаю з замежнымі медыя і таксама асвоіла новую для мяне сферу дзейнасці. Мяне заўсёды прыцягвала фатаграфія, я даўно вучылася гэтаму – і ў Малазе вырашыла займацца ёй прафесійна. Пакуль гэта не стала маёй асноўнай працай і заробкам, але кліенты ёсць рэгулярна.

Гісторыя пра тое, чаму пошук жылля расцягнуўся на 4 месяцы: «Уладальнікі нерухомасці імкнуцца максімальна засцерагчы сябе ад небяспекі»

– Усё было вельмі хутка, і цяпер я разумею, што мы прыехалі абсалютна непадрыхтаванымі. Спадзяваліся за два тыдні знайсці кватэру на доўгі тэрмін, таму першапачаткова засяліліся ў невялікі гатэль.

Палова аб’яў на сайтах аказваецца махлярскімі, у другой паловы ўжо стаіць чарга ахвотных – і мы відавочна не ў прыярытэце. Самая вялікая складанасць заключалася ў тым, што ў нас не было працоўнай дамовы непасрэдна ў Іспаніі. Гэта галоўнае патрабаванне 90% уладальнікаў.

Прычына ўсяму гэтаму – «окупас». Гэта шчыліна ў іспанскім заканадаўстве, якая дазваляе «захопліваць» кватэры і дамы: калі вы перастанеце плаціць за арэнду, вас проста не змогуць выселіць. Суды па гэтых справах цягнуцца вельмі доўга, таму ўладальнікі нерухомасці імкнуцца максімальна засцерагчы сябе ад небяспекі і просяць даказаць кантрактамі фінансавы дастатак.

На тое, каб знайсці кватэру, нам у выніку спатрэбілася каля 4 месяцаў. Увесь гэты час мы арандавалі пакой. Цяпер жывём у невялікай студыі каля мора, але шукаем новую кватэру – большую і не каля мора.

Як ні дзіўна, з часам на пляж пачынаеш хадзіць усё радзей і радзей, і, высвятляецца, што жыць у зручным спальным раёне нашмат больш камфортна, чым на ўзбярэжжы.

Але за апошнія два гады кватэры адназначна падаражэлі. Малага цяпер вельмі папулярны кірунак для дыджытал-намадаў, таму тут проста велізарны попыт на арэнднае жыллё. Калі ў 2021 годзе мы знялі кватэру-студыю каля мора за 600 еўра ў месяц, то цяпер ужо такіх коштаў няма і пры арэндзе аднапакаёўкі варта разлічваць на цану ад 800 еўра. Камуналка ў нашай студыі выходзіць ад 70 да 100 еўра за месяц, дамашні інтэрнэт – 20 еўра ў месяц, а мабільны – 6.

Кватэры абсалютна розныя, праглядаеш іх зусім не так, як у Беларусі: зважаеш на іншыя нюансы. Напрыклад, тут вельмі распаўсюджана праблема цвілі з-за высокай вільготнасці дома (у асноўным каля мора). Абавязкова павінен быць кандыцыянер, бо летам тэмпература можа падняцца да 40 градусаў. У гістарычным цэнтры жыць хоць і прыгожа, але заўжды вельмі шумна. Разуменне гэтых нюансаў прыходзіць, канешне, з досведам.

Кошты на прадукты, паслугі і транспарт: «На прадуктовы кошык на дваіх на тыдзень сыходзіць каля 60–70 еўра»

Кошты на прадукты харчавання таксама выраслі пасля пандэміі, кажа Юля. На прадуктовы кошык на дваіх на тыдзень сыходзіць каля 60–70 еўра (базавае: мяса, рыба, гародніна і іншае). Але трэба памятаць, што ўсё індывідуальна: ёсць супермаркеты больш танныя і дарагія.

– Пра рэстараны і кавярні сказаць складана, бо ёсць на любы бюджэт. Паабедаць тут можна як за 10 еўра, так і за 100 еўра. Цана кавы – каля 2-3 еўра.

Адзенне іспанскай кампаніі Inditex (гэта Zara, Bershka і г. д.) тут, вядома, істотна таннейшае, чым у Беларусі.

Прыватная медыцынская страхоўка – ад 50 еўра ў месяц. Транспарт увесь час становіцца таннейшым, каб іспанцы радзей карысталіся аўтамабілямі, – у іх зялёная палітыка. Міжгароднія цягнікі на кароткія адлегласці, напрыклад, зрабілі бясплатнымі для пасажыраў, якія часта ездзяць па гэтых маршрутах. На аўтобусе 10 паездак каштуюць 4,20 еўра, а зараз плануюць зрабіць праезд увогуле бясплатным для дзяцей, моладзі і беспрацоўных.

Наогул Іспанія пазіцыянуе сябе як сацыяльная дзяржава, таму тут ёсць бясплатная медыцына, бясплатная адукацыя ў школах (а ўніверсітэты недарагія); таксама выплачваюць дапамогу па беспрацоўі.

Да чаго складана прывыкнуць: «Іспанцы сапраўды шумныя»

– Да чаго складана прывыкнуць? Да раскладу працы мясцовых устаноў: напрыклад, банк тут адкрыты толькі з 08:30 да 14:00. Як туды трапляюць людзі, у якіх ёсць праца, мне дагэтуль незразумела. Тое ж самае тычыцца рандомных «сіест», калі кавярня, аптэка ці крама можа закрыцца з 13:00 да 17:00, напрыклад. А рэстараны і ўвогуле, бывае, пачынаюць працу толькі ў 20:00.

У жніўні тут шмат свят, і некаторыя ўстановы проста нечакана могуць узяць сабе адпачынак на месяц. Не люблю стэрэатыпы, быццам іспанцы дрэнна працуюць. Гэта не так. Але свой адпачынак яны таксама вельмі шануюць.

Яшчэ адна складанасць, да якой не адразу прывыкаеш, – адсутнасць ацяплення ў дамах. Зімой на вуліцы можа быць +20℃, а спаць дома даводзіцца ў цёплай піжаме і шкарпэтках. Выратоўваюць толькі абагравальнікі і кандыцыянеры. З часам прывыкаеш і разумееш, чаму іспанцы так любяць праводзіць час на вуліцы.

Ці ёсць нешта, што мяне тут раздражняе? Я б не сказала, што гэта раздражняе, але часам ад гэтага стамляешся: іспанцы сапраўды шумныя. Гэта вельмі адчуваецца на кантрасце пасля Беларусі. У мясцовых больш гучныя галасы самі па сабе, і яны вельмі эмацыянальна выказваюць эмоцыі, таму, калі іх збіраецца натоўп, гэта вельмі шумна. Бывала, што ва ўніверсітэце я нават не магла адказаць на пары, таму што дыскусіі паміж студэнтамі і выкладчыкам вяліся вельмі гучна, эмацыянальна, усе перабівалі адзін аднаго. Гэта не дрэнна, а проста нязвыкла.

Але ёсць і тое, ад чаго я кайфую і чаму хачу навучыцца: гэта пазітыўны настрой, добразычлівасць і ўменне якасна бавіць час з блізкімі. Не бывае краіны, дзе людзі былі б пагалоўна шчаслівымі. Але ў Іспаніі гэта адчуваецца нашмат часцей, чым было дома. Я не ведаю, у чым сакрэт: можа, сонца, расслаблены рытм жыцця ці сацыяльныя сувязі, моцныя адносіны з сям’ёй.

Проста кожны раз, калі я бачу сваіх суседзяў – звычайных людзей са звычайнай працай і невысокім заробкам, – яны заўсёды ўсміхаюцца. У цэлым іспанцы вельмі адкрытыя і прыязныя нават па стаўленні да замежнікаў. За два гады тут я ні разу не сутыкнулася з кепскімі адносінамі да мяне, але шмат разоў сутыкнулася з тым, што мне дапамагалі абсалютна незнаёмыя людзі.

Гісторыя пра тое, чаму да гэтага часу Юля не адчувае сябе ў Малазе як дома на 100%: «Гэта выклікае стрэс»

– Я дагэтуль сутыкаюся і спраўляюся са складанасцямі адаптацыі. Нават нягледзячы на тое, што я добра ведала мову, прыехала не адна і ў дастаткова знаёмы мне горад, я ўсё роўна не адчуваю сябе тут як дома на 100%.

Тут можна пералічыць вельмі шмат прычын: розны менталітэт, розны бэкграўнд з аднагодкамі, абсалютна іншая культура, законы, праблемы з пошукам жылля, ды і банальна іншыя гадзіны працы ўстаноў. Усё гэта выклікае стрэс і нават цяпер можа нечакана выбіць глебу з-пад ног.

Каб справіцца, імкнуся канцэнтравацца на плюсах, якіх, вядома ж, таксама шмат; заводжу новыя знаёмствы, часцей падарожнічаю. Вось гэта дапамагае. Але і па доме я сумую вельмі часта, як без гэтага. Магчыма, часам гэта адчуваецца мацней, таму што прыехаць дадому абсалютна недаступна: калі я ўжо была ў Іспаніі, зімой 2021-га, да мяне дадому прыйшлі з ператрусам, завялі крымінальную справу. Таму ні пра якія паездкі ў Беларусь няма і гаворкі.

Гісторыя пра сяброў: «Мы тады крыху не сышліся настроямі, думаю»

– Нягледзячы на тое, што я год вучылася ў магістратуры і была паглыблена ў іспанскае асяроддзе, я так і не завяла тут сяброў-іспанцаў. Мы нядрэнна камунікавалі, але моцнага сяброўства не здарылася.

Па-першае, калі я вучылася, усё яшчэ была пандэмія, і ва ўніверсітэце мы ўвесь час былі ў масках, што ўскладняла зносіны. Па-другое, у мяне быў асаблівы, трохі незразумелы іспанцам бэкграўнд з рэпрэсій і вымушанай эміграцыі. Мы тады крыху не сышліся настроямі, думаю: першы год я цяжка перажывала ад’езд, а пасля лютага 2022-га – пачатак вайны ва Украіне.

У мяне некалькі добрых сяброў і сябровак тут, але яны ўсе з постсавецкіх краін – з Беларусі, Расіі і Украіны. Акрамя таго, у нас вялікая і выдатная беларуская дыяспара ў Малазе (дзякуючы офісу EPAM): мы рэгулярна ладзім сустрэчы, святы, і ў нас ёсць нават клуб беларускай мовы.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архіў гераіні.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter