14 снежня 2012 года а 16 гадзіне ў вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) адбудзецца сустрэча з вядомым польскім фатографам, аўтарам выстаўкі фатаграфіі “Гарантуецца атмасфера дабразычлівасці. Падляшша” Томашам Тамашэўскім (Польшча).
Томаш Тамашэўскі – сябра Польскага саюза мастакоў-фатаграфікаў, агенства Visum Archivу Гамбургу, агенства Image Collection у Вашынгтоне, а таксама Амерыканскага таварыства фатографаў для часопісаў. Займаецца фатаграфіяй для прэсы, публікуе свае працы як у важнейшых польскіх часопісах, так і найбуйнейшых замежных, такіх як: Stern, Paris Match, GEO, New York Times, Time, Fortune, Vogue, Die Zeit, Elle.
Выдаў некалькі аўтарскіх кніг: “АПОШНІ – Сучасныя польскія габрэі” (тэкст Малгажаты Незабітоўскай), “У пошуках Амерыкі” (тэкст Малгажаты Незабітоўскай), “Цыганы Польшчы” (тэкст Ежы Фіцоўскага), “У цэнтры", "Незвычайная Іспанія”, а таксама ілюстраваў сваімі здымкамі больш за дзясятак альбомаў розных аўтараў.
Аўтар шматлікіх персанальных выставак у ЗША, Канадзе, Англіі, Ізраілі, Японіі, Галандыі, Італіі, Германіі, Польшчы і на Мадагаскары. Лаўрэат польскіх і міжнародных фатаграфічных узнагарод.
На працягу 25 гадоў супрацоўнічае з часопісам “National Geographic”, у якім апублікаваў 18 фатаграфічных эсэ, а з 1999 года з’яўляецца галоўным кансультантам яго польскага выдання. Выкладае фатаграфію ў Польшчы, ЗША, Германіі і Італіі.
Запрашаем да ўдзелу ўсіх жадаючых.