Мінулы год калектыў завершыў гучным аншлагавым канцэртам з мноствам запрошаных гасцей — адзначыў такім чынам 20-годдзе сумеснай працы музыкантаў, што ўваходзяць у цяперашні склад, — Івана Кірчука, Юрыя Дзмітрыева і Юрыя Паўлоўскага.
Свае наступныя 20 год “Троіца” пачынае з душэўнага і ўтульнага канцэрта, на які змогуць патрапіць толькі абраныя гледачы — зала зусім невялікая, усяго на 250 месцаў. І кожнаму ўдасцца ўслухацца ў неверагодны голас Івана Кірчука і магічнае гучанне народных інструментаў з усяго свету, адчуць, быццам “Троіца” іграе толькі для яго.
Дарэчы, колькасць незвычайных народных інструментаў у групы расце з кожным днём — новыя здабыткі, новыя вырабы беларускіх майстроў гледачы змогуць пабачыць і паслухаць на канцэрце. Гэтак жа як змогуць пачуць і новыя кампазіцыі — іх будзе нямала ў праграме.
Праца над песнямі ў “Троіцы” ніколі не спыняецца — апошні альбом “Цар-агонь” выходзіў два з паловай гады таму, і з таго часу група адшукала цэлы шэраг адметных твораў у фальклорнай скарбніцы Беларусі. Але ж большую частку праграмы складуць ужо знаёмыя кампазіцыі, што былі на розных альбомах — ад самага першага да самага новага.