Выставки

«Tex-Experience»: выставка экспериментального текстиля (0+)

8 декабря 2021 - 16 января 2022

Высокое место

Минск, ул. Герцена, 2а

СПРАВКИ: здесь

ВХОД: 4 руб. – взрослым; 3 руб. – студентам; 2,5 руб. – школьникам

 

«Tex-Experience»: выставка экспериментального текстиля (0+)

8 снежня а 18-й гадзіне ў Арт-гасцёўні “Высокае мѣста” адбудзецца адкрыццё выставы эксперыментальнага тэкстылю “Tex-Experience” у межах I трыенале канцэптуальнага мастацтва “КАНЦЭПТ 21”. Праект падрыхтаваны сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.

Выстава эксперыментальнага тэкстылю “Tex-Experience” – творчы праект, у якім прымаюць удзел больш за дваццаць аўтараў з Мінска, Віцебска, Полацка, Гродна і Жодзіна.

Сучасны беларускі тэкстыль можна аднесці да найноўшага феномена ў мастацтве, які мастацтвазнаўцы называюць “пластычным выбухам” у тэкстыльнай скульптуры, або проста Fiber Art. Гэта той самы тэкстыльны Art, які валодае велізарнай сімвалічнай сілай станковага або манументальнага твора і найперш зыходзіць з канцэптуальнага адрыву ад укаранёнай у гісторыі мастацтва асацыяцыі тэкстылю з утылітарнасцю і рамяством.

І справа тут не ў новых тэхналогіях, можна працаваць і з традыцыйным гладкім пляценнем, – а ў новым вобразным складніку, у маштабе зробленага аб’екта, яго асацыятыўнасці і актуальнасці. Тэкстыль згубіў дэкаратыўнасць, перастаў быць двухмерным, выйшаў у прастору.

З’яўленне трохмерных тэкстыльных арт-аб'ектаў дазволіла перавесці тэкстыль з катэгорыі “жывапіс” у катэгорыю “скульптура”. А лічбавыя тэхналогіі, святло, гук, новыя крэатыўныя матэрыялы далі мастаку незвычайна шырокае поле для творчага эксперыменту.

Выстава эксперыментальнага тэкстылю “Tex-Experience” – гэта спроба зазірнуць за гарызонт. Мэта праекта – стварэнне новых прадметна-прасторавых асяроддзяў пры дапамозе аб’ектаў сучаснага тэкстылю. Выстава паказвае гледачу эксперыменты з тканінай і прасторай.

У экспазіцыі прадстаўлены як плоскасныя, так і аб’ёмныя арт-аб'екты, тэкстыльныя інсталяцыі, выкананыя ў розных тэхніках: ручнога ткацтва, лямца, пляцення з ужываннем як традыцыйных тэкстыльных матэрыялаў (ільну, бавоўны, воўны, сінтэтычных нітак), так і металу, шкла, пластыка, паперы, святлоадбівальнай стужкі, мантажнай сеткі.

Адзін з залаў выставы прысвечаны ўзаемадзеянню тэкстыля і святла, выкарыстанню святлодыёднай стужкі як матэрыялу для працы, а таксама для стварэння светлавых эфектаў. Удзельнікі выставы – ужо вядомыя майстры і творчая моладзь.

Сярод іх: Алена Обадава, Марыя Барысенка, Вольга Рэднікіна, Таццяна Фаміна, Хрысціна Высоцкая, Мар’яна Карповіч-Сакалова, Ксенія Ціханава, Таццяна Гомза, Анастасія Арайс (Мінск), Таццяна Макляцова, Наталля Лісоўская, Наталля Канькова, Наталля Кімстач (Віцебск), Яўгенія Станіна (Гродна), Таццяна Козік (Полацк), Вераніка Рассыльная (Жодзіна) і іншыя. Куратары праекта Вольга Рэднікіна, Наталля Шаранговіч.