Здесь зовут поразмышлять о связи человека с природой (0+)
14 июля 2021 - 15 августа 2021
14 ліпеня а 18-й гадзіне ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва адбудзецца адкрыццё выставы мінскіх мастакоў Андрэя Рэвякова і Алены Кашаленка «Узаемадзеянне».
Агульная тэма сувязі чалавека з прыродай аб’яднала творчае ўзаемадзеянне сучасных беларускіх мастакоў Андрэя Рэвякова і Алены Кашаленка. У экспазіцыі выставы аўтары прапануюць больш за 40 твораў, зробленых ў розныя гады ў жанры анімалістыкі.
Гэта тэма блізкая абодвум мастакам і абумоўлена цікавасцю да жывой прыроды, а больш за ўсё да свету фауны. Творцы імкнуцца да эстэтычнага паказу выяў пры адлюстраванні ўзаемаадносін чалавека і жывёлы.
Ствараць выявы навакольнага свету людзі пачалі яшчэ з найстаражытных часоў: наскальныя малюнкі, мастацтва старажытнага Егіпта, Персіі, Індыі, Месапатаміі, Старажытнай Грэцыі, Рыма і скіфаў. Далей, у эпоху Адраджэння, шмат якія мастакі звярталіся да гэтай тэмы і малявалі партрэты людзей з жывёламі, жанравыя сцэны і саміх жывёл у якасці цэнтральных персанажаў. Узгадаем шэдэўры Леанарда да Вінчы, А. Дзюрэра, П. Брэйгеля, І. Шышкіна, К. Пятрова-Водкіна, а таксама работы іншых вялікіх майстроў, у тым ліку і нашых сучаснікаў, якія звярталіся да гэтай цікавай тэмы на працягу сваёй творчасці.
Для мастацтва Андрэя Рэвякова і Алены Кашаленка характэрны: эстэтычная складаючая, павага да плоскасці, двумернасці, фактуры, выразнасць выяў, высокае валоданне маляўнічымі і графічнымі тэхнікамі, рэалістычная манера выканання, каларыстычная і стылістычная гармонія.
Мастакі валодаюць выдатным пачуццём гумару і гратэску, якімі карыстаюцца пры стварэнні сваіх карцін. Аўтарскі свет мастакоў вельмі разнастайны і неадназначны, выразны і поўны парадоксаў.
- Андрэй Рэвякоў
Нарадзіўся ў 1967 годзе ў горадзе Магілёве. У 1993 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).
З 2013 года з’яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў (секцыя жывапісу).
У якасці аўтара Андрэй Рэвякоў удзельнічае ў розных калектыўных рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Працуе пераважна ў жанры станкавага жывапісу. Жыве і працуе ў Мінску.
Творы мастака знаходзяцца ў асабістых калекцыях у Расіі, Польшчы, Францыі, Канады, Германіі.
- Алена Кашаленка
Нарадзілася ў 1969 годзе ў горадзе Брэсце. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт. Вучылася ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (графіка).
Удзельніца рэспубліканскіх і міжнародных выстаў. Працуе ў жанрах жывапісу, графікі і аўтарскай цацкі. Жыве і працуе ў Мінску. Творы мастака знаходзяцца ў асабістых калекцыях у Расіі, Германіі, Эстоніі, ЗША, Бельгіі, Украіне.
Час працы: серада – нядзеля, 11:00 – 19:00