Дакументальныя фільмы пра цуд ісландскага футболу, імігрантаў на каньках і бокс як лекавы сродак пакажуць у кінатэатры “Мір” з 15 па 17 снежня 2016 ў межах пазафестывальнай праграмы фестывалю кіно Паўночнаеўрапейскіх краін “Паўночнае ззянне”.
Праграмай Sport Doc пачынаецца серыя пазафестывальных паказаў фільмаў, якія не паказваюцца пад час асноўнай праграмы фестывалю “Паўночнае ззянне” ў красавіку. У Sport Doc увайшлі тры яскравыя дакументальныя стужкі з Ісландыі, Фінляндыі і Швецыі.
15 снежня ў 19:00 праграма распачнецца паказам фільма “Тата любіць цябе” (рэж. Нінні Ракаса). Стужка прысвечаная фінскаму баксёру Юссі Койвула, які страціў бацькоў ва ўзросце 12 гадоў, а пазней брата і сястру. Толькі бокс дапамог яму вытрываць і зараз, праз 17 год кар’еры, траўма ставіць пад пытанне ўсе ягоныя дасягненні.
16 снежня ў 19:00 пачнецца паказ дакументальнага блакбастэру – фільма “Унутры вулкану – уздым ісландскага футболу” – пра каманду-сенсацыю Еўра-2016. Рэжысёр Саевар Гудмундсан пачаў здымкі, калі галоўнай мэтай ісландскай каманды было прайсці кваліфікацыю. Праз гэты фільм мы далучымся да каманды напачатку яе шляха і ўбачым нараджэнне легенды.
17 снежня ў 19:00 запрашаем вас не толькі натхніцца, але і добра пасмяяцца, бо ў гэты дзень завяршае праграму шведскі фільм “Мілыя людзі” (рэж. Карын аф Клiнтберг, Андэрс Хельгесан). У ім самалійскія бежанцы з легкай рукі журналіста Патрыка Андэрсана вучацца гуляць у хакей. Самалійцаў чакаюць 6 гарачых зімовых месяцаў падрыхтоўкі да чэмпіянату ў Сібыры, а нас – прыцягальнае відовішча цяжкай, камічнай і натхняльнай гісторыі пра чалавечнаць.
Усе паказы пройдуць на мове арыгіналу з беларускімі і/ці рускімі субтытрамі.
Уваход на паказы па бясплатным квітку, які можна ўзяць за гадзіну да паказу ў касе кінатэатра, або па папярэдняй рэгістрацыі на сайце. Колькасць месцаў абмежаваная.
Трэці фестываль “Паўночнае ззянне” пройдзе 20-23 красавіка 2017 года ў Мінску і Віцебску.