Да 500-годдзя кнігадрукавання праект «Беларускія ўікенды» сумесна з velcom і «Атлант Тэлекам» ладзяць унікальную кінападзею: упершыню на вялікія экраны ў беларускай агучцы выйдзе прэм’ерны фільм. Кінастужка будзе ісці ў кінатэатрах Мінска на працягу амаль двух тыдняў, а ў лістападзе будзе прэзентавана ў іншых гарадах Беларусі.
Для маштабнай прэм’еры быў абраны нідэрландскі фільм «Шторм: палаючы ліст». Стужка 2017 года распавядае гісторыю 500-гадовай даўніны. У атмасферы позняга сярэднявечча, на фоне кастроў інквізіцыі, разгортваецца гісторыя ўратавання рукапісу Марціна Лютэра, вядомага хрысціянскага багаслова і рэфарматара, галоўную ролю ў якой наканавана выканаць 12-гадоваму Шторму Вотану. Ці здолее ён выратаваць каштоўны ліст ад знішчэння, а свайго бацьку, кнігавыдаўца Клааса Вотана, — ад інквізіцыі? Даведацца аб гэтым будзе цікава як юным, так і дарослым гледачам.
Прэм’ера фільма «Шторм: палаючы ліст» адбудзецца 27 кастрычніка. Кожнага гледача
чакае не толькі цікавая гісторыя, але і прыемныя сюрпрызы, непасрэдным чынам звязаныя
з двума вялікімі юбілеямі гэтага года: 500-годдзем Рэфармацыі і 500-годдзем беларускага
кнігадрукавання.
Фільм «Шторм: палаючы ліст» будзе дэманстравацца з 27 кастрычніка па 8 лістапада 2017
года ў шасці кінатэатрах Мінска: velcom cinema, Silver Screen у ГЦ Galileo і Arena City, а
таксама «Аўрора», «Беларусь» і «Масква».
Фото: Cinenews.be