Выстава “Шляхі нямецкага мастацтва з 1949 года па сённяшні дзень” нарэшце будзе прадстаўлена і ў Мінску. Яна ахоплівае 60 гадоў развіцця сучаснага мастацтва Усходняй і Заходняй Германіі. Вы ўбачыце жывапіс, графіку, фатаграфію, відэа, скульптуры і інсталяцыі – усяго каля 400 прац і амаль 100 мастакоў, сярод якіх прызнаныя ва ўсім свеце імёны: Сібіла Бергеман (Foto), Ёзэф Бойс, Герхард Рыхтэр, Зігмар Польке, Анна і Бернгард Блумэ, Іза Генцкен, Нам Джун Пайк, Вольфганг Цільманс і іншыя.
Адкрыццё выставы адбудзецца 10 сакавіка а 19-й гадзіне ў Палац мастацтва.
“Шляхі нямецкага мастацтва” – гэта выстава штутгарцкага Інстытута сувязей з замежнымі краінамі (ifa). Інстытут быў заснаваны яшчэ ў 1917 годзе, з 1949 года займаўся прасоўваннем мастацтва ФРГ у свеце і сабраў велізарную калекцыю прац мастакоў з Заходняй Германіі.
Пасля падзення Берлінскага мура ў 1990 годзе фонды твораў цэнтра мастацкіх выстаў ГДР таксама перайшлі пад кіраванне ifa. Праз два дзесяцігоддзі нарадзілася ідэя з’яднаць абедзве ўнікальныя калекцыі ў адной экспазіцыі.
Зараз яна ўключае амаль усе тэматычныя і жанравыя накірункі нямецкай мастацкай сцэны: поп-арт, флюксус, відэаінсталяцыі, фатаграфію і жывапіс. Поўны спіс мастакоў, працы якіх можна будзе ўбачыць на выставе «Шляхі нямецкага мастацтва з 1949 года па сённяшні дзень», прыводзіцца на старонцы ifa.
Куратары выставы Маціяс Флюге і Маціяс Вінцэн змаглі зрабіць выдатны агляд сучаснай нямецкай мастацкай індустрыі. Значная частка выставы прысвечана дакументальнай фатаграфіі, якая ў 50-х гадах стала ідэальным сродкам фіксацыі палітычных і сацыяльных з’яў Усходняй і Заходняй Германіі.
Паводле задумы куратараў, праект дазволіць зазірнуць у інтэлектуальнае і мастацкае жыццё ФРГ і ГДР з 1949 года і да нашых часоў. Узяўшы за аснову ўражвальную калекцыю сучаснага мастацтва ifa, куратары выставы адабралі ключавыя моманты мастацкага жыцця пасляваеннай Германіі: удзел у еўрапейскім арт-руху 50-х - 60-х гадоў, Дзюсельдорфская школа фатаграфіі, рух «Новыя дзікія» канца 70-х гадоў, фігуратыўнае мастацтва 80-х, пратэставае мастацтва канца 90-х і пачатку 2000-х.
Выстава ад пачатку задумвалася як перасоўная. Пасля прэм’еры ў Карлсруэ (Германія) у 2013 годзе яе ўжо ўбачылі шмат у якіх гарадах і краінах. Мінск – доўгачаканы наступны прыпынак гэтага маршрута. Паралельна з выставай Гётэ-Інстытут падрыхтаваў у сваёй бібліятэцы адмысловы тэматычны пакой, прысвечаны мастацтву Германіі. Там можна знайсці каталогі разнастайных выстаў і публікацыі на тэму тэорыі мастацтва, эстэтыкі і культурнай палітыкі.
У межах выставы Гётэ-Інстытут правядзе разам з партнёрамі суправаджальную праграму з экскурсіямі, дакладамі і дыскусіямі. Расклад мерапрыемстваў вы знойдзеце тут.
Выстава працуе з аўторка па нядзелю з 11 да 20 гадзін.