Выставки

Праз прызму часу (6+)

19 февраля 2019 - 10 марта 2019

Музей-мастерская З. Азгура

Минск, ул. Азгура, 8

СПРАВКИ: здесь

ВХОД: бесплатный

 

Праз прызму часу (6+)

19 лютага 2019 года а 17 гадзіне ў Мемарыяльным музеі-майстэрні З. І. Азгура адбудзецца адкрыццё выставы «Мікалай Тарасікаў. Праз прызму часу» у межах праекта «Прыватны збор».

Дадзеная выстава – рэтраспекцыя твораў мастака, выкананых у розных жанрах і розных тэхніках: “Завод” (1936), “Кветкі” (1941), “Партрэт Янкі Купалы” (1942), “Партрэт Якуба Коласа” (1950), “Народны ўмелец” (1956), “Партрэт мастака Яўгена Красоўскага” (1958), “Заліўшчыкі” (1960) ды інш.

Мікалай Лукіч Тарасікаў (1908-1965) – адзін з тых мастакоў, творчасць якіх цесна звязана з развіццём паслярэвалюцыйнага беларускага выяўленчага мастацтва. Яго творы, нягледзячы на асаблівасці пабудовы прасторы кампазіцыі і стрыманы колер, захапляюць гледача вобразнасцю, высокай мастацкай культурай.

Мікалай Лукіч Тарасікаў нарадзіўся ў Краснаярску. Пазней у Омску, куды пераехалі бацькі Міколы, ён пазнаёміўся з мастаком Штэрнбергам. Менавіта ў Штэрнберга Тарасікаў атрымаў першыя веды па кампазіцыі, малюнку, каларыту. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Тарасікавы вяртаюцца ў Гомель. Мікалай вучыцца ў мастацкай студыі пад кіраўніцтвам мастакоў С.А. Каўроўскага, Г.Р. Ніскага, Л.С. Русецкага і А.А. Маневіча.

У студыі ён атрымлівае добрую падрыхтоўку, і з гэтым багажом ведаў пачынаючага мастака прымаюць адразу на трэці курс Віцебскага мастацкага тэхнікума, дзе ён займаецца ў В.Н. Руцая і Ф.Н. Фогта. Пасля заканчэння тэхнікума ў 1930 годзе Тарасікава накіроўваюць у Лепельскае педагагічнае вучылішча. Папрацаваўшы год у вучылішчы, малады мастак едзе ў Адэсу, дзе ў 1935 годзе заканчвае Адэскі мастацкі інстытут. Пасля вяртаецца ў Мінск і пачынае актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. Выступае як лектар і ўдзельнічае ва ўсіх мастацкіх выстаўках. У гады Вялікай Айчыннай вайны Тарасікаў быў мабілізаваны ў савецкую армію.

У гэты перыяд ім створана шмат эцюдаў і малюнкаў, частка якіх экспанавалася на мастацкай выстаўцы,прысвечанай 25-годдзю БССР ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. Пасля вайны ўжо сталым мастаком Мікалай Лукіч вяртаеццаў Мінск, дзе шмат працуе над новымі творамі, нямала часу прысвячае народнай творчасці. Тарасікаў абараняў сапраўднае мастацтва і быў праціўнікам усялякага натуралізму, неапраўданага мадэрнізму і павярхоўнага ўспрымання ўсяго створанага на Захадзе. Адстайваў неабходнасць пошукаў новай, выразнай формы, але не дзеля формы, а як неабходнасць творчага пераўтварэння і вобразнага мыслення. Калі разглядаць творчасць Мікалая Тарасікава праз прызму часу, то становіцца відавочным ягоны яскравы талент, які падараваў беларускаму выяўленчаму мастацтву шмат запамінальных твораў: “Партрэт акадэміка Н. М. Нікольскага” (1970), “Камсамолка” (1940), “Каля каўша” (1958), “Партрэт кампазітара М. Аладава” ( 1960), “Півоні, макі, рамонкі” (1965), “Партрэт Янкі Купалы” (1942), “Партрэт Якуба Коласа” (1950), “Кветкі” (1941), “Завод” (1936), “Партрэт мастака Я. Красоўскага” (1958), “Натуршчыца” (1964) ды інш. Але трэба зрабіць і неабходны каментар: не ва ўсе часы нашай пакручастай гісторыі адназначна ўспрымаліся талент Мікалая Тарасікава і ягонае бачанне творчасці калег-сучаснікаў. Выстаўка «Мікалай Тарасікаў. Праз прызму часу» – і даніна памяці мастаку, і вяртанне яго творчай спадчыны прыхільнікам беларускага выяўленчага мастацтва.

Куратар выставы Мікалай Паграноўскі
Выстава працуе да 10 сакавіка 2019 года.