Фесты

Мінскі міжнародны фестываль пост-скульптуры (12+)

7 ноября 2017

Музей-мастерская З. Азгура

Минск, ул. Азгура, 8

Справки: тут.

Вход: 5 руб.

Мінскі міжнародны фестываль пост-скульптуры (12+)

Музей-майстэрня Заіра Азгура – без сумневу, лепшае месца, дзе можна апынуцца ў дзень угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Тут гештальт падаецца ўжо завершаным. Прывіды больш не вярэдзяць свядомасць – яны ўвасобленыя ў крохкі гіпс, пранумараваныя і расстаўленыя па паліцах. А гіпсавыя прывіды не кусаюцца. 
Таму і нядзіва, што менавіта тут і менавіта ў гэты дзень пройдзе другі, цяпер ужо міжнародны, фестываль пост-скульптуры. 

Легендарны Ёзэф Бойс лічыў, што скульптурай з'яўляецца любое пазітыўнае сацыяльнае дзеянне – скажам, пасадка дрэў. Безумоўна, гэта дысануе з традыцыйным для нас разуменнем скульптуры -- як чагосьці бронзавага і абавязкова нерухомага, здатнага моўчкі глядзець на мітуслівы свет з вышыні свайго пастамента. Мы перакананыя, што магчымасці аднаго з самых старажытных відаў мастацтваў - куды больш маштабныя, чым мы прывызвычаіліся думаць.
Скульптура -- гэта нейкі аб'ём, трансфармаваны творчым высілкам. Але хто сказаў, што аб'ём абавязкова павінен быць абмежаваны толькі трыма вымярэннямі і выкананы ў нейкім цвёрдым матэрыяле? Можна ж сабе ўявіць, напрыклад, аб'ём гуку, або святла, або суперажывання, або… 

Фестываль пост-скульптуры – гэта даследаванне самых розных аб'ёмаў і глыбінь. Некаторыя з іх фармалізаваныя ў тых ці іншых творах, а некаторыя могуць быць адчутыя толькі інтуітыўна.
Скульптарамі ў гэты вечар стануць як прадстаўнікі розных відаў мастацтваў, так і гледачы. Бо сучаснае мастацтва -- не толькі (і нават не столькі) сукупнасць твораў, колькі розныя варыянты камунікацыі паміж аўтарам і рэцыпіентам.

Электраакустычную п’есу аднаго з флагманаў айчыннага акадэмічнага авангарду Валерыя ВОРАНАВА “Ленін у Кастрычніку” і відэа нямецкага візуальшчыка Гунара ЭМЭРЫХА можна назваць своеасаблівым маніфестам усёй імпрэзы. Наратывы прамінулай эпохі рассыпаюцца на атамы -- асобныя гукі і вобразы, і з гэтых кавалачкаў пазла складаецца новы твор, цікавы і актуальны для сённяшняга гледача. 

Ініцыяваны Андрэем Кудзіненкам праект ХРОНОТОПЬ ставіць перад сабой мэту змяніць каштоўнасныя арыентыры кінатворчасці, арыентуючыся не на ілюзорную вечнасць, а на “тут і цяпер”. Гэтым разам зроблены новы, беспрэцэдэнтны крок у плане працэсуалізацыі кінапрацэсу. У рамках фэсту рэжысёры будуць не паказваць свае фільмы, але іх здымаць – непасрэдна на публіцы!

Легенда тутэйшага андэрграўнду БЕЛОРУССКИЙ КЛИМАТ адкрые іншае вымярэнне кіно, якое не патрабуе ніякіх візуальных сродкаў. А вось вядомы перформер Канстанцін МУЖАЎ наадварот дэбютуе з фільмам, знятым на камеру. 

Чэскі мастак Хынэк ВАЦЭК пераўтварае ў скульптуру ўсё, што патрапіцца яму пад руку, нават уласны сняданак. Як гэта ўласціва яго старэйшаму таварышу Яну Шванкмаеру ды многім іншым суайчыннікам, канцэптуальнасць тут спалучаецца з іроніяй. У рамках фэсту адкрыецца выстава твораў гэтага аўтара, а таксама чакаецца яго перформанс. 

Міхаіл ГУЛІН пакуль не анансуе сваю дзею, але ведаючы гэтага мастака, можна быць пэўным, што сумнай яна не будзе. 

Мультымедыйная група ЭКЗАРЦЫСТЫЧНЫ GESAMTKUNSTWERK (Ілля Сін, Павел Вайніцкі і Яўген Рагозін) упершыню прадставіць перфарматыўную інталяцыю, амаль утоеную ад вачэй публікі. 

Адзін з самых вядомых паэтаў новай генерацыі Віталь РЫЖКОЎ прадэманструе сваё альтэр эга – рэпера AGNST. Небанальна лірычныя вершы будуць чаргавацца з куды больш ваяўнічай чыткай, супастаўляючы тыя два кшталты культуры, якія нядаўна здаваліся антаганістычнымі. 
Вечар завершыць яшчэ адзін унікальны праект – харэаграфічны хэпенінг. Асновай творчай дзейнасці групы STRUCTURERS пад кіраўніцтвам Сяргея Паяркова з’яўляецца структураванне калектыўных формаў рухальнай імправізацыі. Да танцораў гэтым разам далучацца музыканты з RADIOFILLZ і насельнікі мінскага псіханеўралагічнага інтэрната №3, аб’яднаныя ў ініцыятыўную групу АРТ "НУ-ВО!”. Далучыцца да гэтых імправізаваных танцаў зможа кожны ахвотны.

Белорусский климат 
Хынэк Вацэк (Чэхія)
Валерый Воранаў і Гунар Эмэрых (Нямеччына)
Міхаіл Гулін
Віталь Рыжкоў (AGNST)
Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk
Канстанцін Мужаў 
Арт-група “Хронотопь” (Андрэй Кудзіненка і Алена Ясінская)
Даша Заічанка & Astralapithecus
Structurers/ Radiofilz/ Арт «Ну-во!» 

Пры падтрымцы Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.