Палессе і Скірмунты

28 февраля 2014

Цэх

Минск, ул. Октябрьская, 16

Уваход: вольны.

Палессе і Скірмунты

28 лютага ў межах цыкла публічных лекцый“UrbietOrbi”, якія ладзяць Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”, вядомы гісторык Алесь Смалянчук прадставіць вынікі свайго шматгадовага даследавання роду Скірмунтаў. Лекцыя “Палессе і Скірмунты (па матэрыялах вуснай гісторыі)” адбудзецца ў крэатыўнай прасторы ЦЭХ (пр-т Незалежнасці, 58/6), пачатак а 18.30.

Доўгі час гэтай тэмай цікавіліся толькі нешматлікія адмыслоўцы і цікаўныя людзі, пры гэтым факталогія была небагатай. Для шырокага ж грамадства гісторыя Скірмунтаў была зусім не на слыху. У той жа час з гэтым родам на Палессі звязана нямала цікавых фактаў і падзей: гэта, бадай, самы паспяховы прыклад прадпрымальніцкай дзейнасці ў тагачаснай Беларусі– у 1836 годзе Скірмунты стварылі суконную фабрыку, куды ехалі працаваць майстры з Францыі і Нямеччыны; імя Скірмунтаў гучала і на палітычнай арэне - Раман Скірмунт у 1918 годзе на кароткі час узначаліў урад Беларускай народнай рэспублікі.

Даследаванне Алеся Смаленчука грунтуецца на сумяшчэнні розных падыходаў – як традыцыйнага (праца з гістарычнымі дакументамі), так і новага, які толькі нядаўна ўвайшоў у практыку некаторых беларускіх гісторыкаў – вуснай гісторыі. Менавіта выкарыстанне гэтага новага гістарычнага метаду і робіць працу асабліва цікавай і адметнай. Бо апытанне сведкаў не так даўно мінулай гісторыі дае нам не толькі новую факталогію датычна часу Рамана Скірмунта - часу зараджэння нацыянальнага руху. Тут, як кажа сам даследчык, падвоеная гісторыя: з аднаго боку, гэта запіс успамінаў, спроба стварыць пэўную нарацыю постаці Скірмунта, а з іншага боку – гэта даследаванне сённяшіх беларусаў, іх памяці, свядомасці, таго, як яна змянялася. Бо тое, што распавядаюць людзі, залежыць не толькі ад таго, што было 70-80 гадоў таму, але і ад таго, чым яны сёння жывуць, як успрымаюць жыццё.

Да якіх высноваў пра Беларусь пачатку ХХ стагоддзя, пра беларусаў пачатку XXI стагоддзя прыйшоў даследчык? Што з расповедаў пра пачаткі нацыянальнага руху на Беларусі праўда, а што міт? Нацыянальнае ці сацыяльнае – якімі прыярытэтамі жылі паспалітыя беларусы? Запрашаем да разважанняў пра гэта разам з доктарам шістарычных навук Алесем Смаленчуком.