Нальшанскія сустрэчы (0+)
28 февраля 2020 - 29 марта 2020
СПРАВКИ: здесь
ВХОД: 3 руб. – взрослые; 2,50 руб. – студенты; 1,50 руб. – школьники.
28 лютага а 17-й гадзіне ў «Музеі «Лошыцкая сядзіба» адбудзецца адкрыццё выставы «Нальшанскія сустрэчы» (па выніках мастацка-літаратурнага пленэра па жывапісных мясцінах ракі Віліі ў 2019 годзе).
Выстава «Нальшанскія сустрэчы» – расповяд мастакоў, удзельнікаў пленэра, якія летам 2019 года сабраліся ля старога млына на аграсядзібе «Вялес» на стромкіх берагах Віліі. Да мастакоў далучыліся беларускія паэты і барды.
Пленэр адбыўся пры падтрымцы дабрачыннага фонда «Спадчына М.К.Агінскага» і аматараў культуры Францішка Жылкі і Алега Мізулы. Сярод аўтараў «Нальшанскіх сустрэч» заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі Віктар Барабанцаў і Віктар Нямцоў, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Алесь Суша і вядомыя мастакі мінскага краю: Анатоль Бяляўскі, Віктар Мікіта, Галіна Беганская, Кастусь Качан, Таццяна Ласка і Эдуард Мацюшонак.
Нальшанскі край – гэта гістарычная вобласць, якая лакалізуецца ўздоўж ракі Віліі, аднаго з прытокаў Нёмана. Вілія займае важнае месца ў гісторыі і жыццядзейнасці Мінска, сталіцы Беларусі. Вілейскае вадасховішча забяспечвае горад вадой. З Вілейкі паходзяць прадстаўнікі роду Любанскіх, апошніх уладароў Лошыцкай сядзібы.
Выстава «Нальшанскія сустрэчы» ўяўляе сабой мастацкае падарожжа па Віліі, якая натхняе сваёй прыгажосцю і таямнічасцю, насычана гістарычнымі помнікамі. Перад вачыма паўстаюць жывапісныя краявіды і квітнеючыя сады, старажытныя млыны і бровары, капліца Святога Францішка і іншыя прыцягальныя мясціны.
Рэшткі мясцовай матэрыяльнай культуры прадстаўлены ў творчай працы Таццяны Ласкі. Мастак Віктар Мікіта прысвяціў шэраг аркушаў вяскоўцам, а Віктар Барабанцаў стварыў партрэт Вацлава Гражуля, цяпер адзінага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, жыхара Жодзішак.
14 і 28 сакавіка на «Нальшанскіх сустрэчах» у Лошыцкай сядзібе адбудуцца літаратурныя сустрэчы з паэткамі Алай Клемянок і Антанінай Хатэнка.
Куратары выставы: мастачка Галіна Беганская, паэткі Ала Клемянок і Таццяна Ласка. Выстава працуе па 29 сакавіка 2020 года.
Музей працуе: серада – нядзеля, 10:00 - 18:00.