На своей земле
18 апреля 2013 - 4 мая 2013
Справки: +375 17 327 26 12.
Вход: свободный.
Время работы: вт-сб: 11:00-19:00.
Выстава па выніках Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі дзяцей і моладзі “На сваёй зямлі”. Арганізатары выставы: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, грамадская арганізацыя “Беларускі зялёны крыж”.
Міжнародны конкурс жывапісу і графікі “На сваёй зямлі” праводзіцца ў Беларусі з 2006 года. У 2013 годзе ўдзел у конкусе ўзялі 15459 юных творцаў з 31 краіны.У экспазіцыю ўвайшлі 308 твораў з 18 краін. Аўтары –таленавітыя маленькія і маладыя мастакі ўзростам ад 4 да 21 года. Крытэрыі, якімі кіравалася журы, традыцыйныя: улічваліся вобразнасць вырашэння, арыгінальнасць, закладзены ў рабоце пазітыўны пачатак, імкненне да колеравай гармоніі, уменне граматна пабудаваць кампазіцыю і раскрыць ідэю, выкарыстоўваючы разнастайны арсенал мастацкіх сродкаў.
Багацце прыёмаў і тэхнік выканання, выразная мова жывапісных работ і графічных аркушаў, эксперыменты ў друкаванай графіцы дазволілі сабраць якасную і яскравую выставачную калекцыю. Фундамент выставы штогод складаюць работы навучэнцаў мастацкіх школ Беларусі, Расіі, Украіны і Казахстана. Але безумоўна, істотную навізну надае ўдзел у конкурсе іншых краін, як еўрапейскіх, так і ўсходніх. Юныя мастакі з Польшчы і Сербіі паказалі добрую друкаваную графіку, дэманструючы глыбокія веды выразных сродкаў графічнага мастацтва. Іранскія дзеці ўмела выкарыстоўваюць традыцыі персідскай мініяцюры, кітайскія – прыёмы традыцыйнага жывапісу.
Галоўная мэта конкурсу “На сваёй зямлі” не абмяжоўваецца адборам лепшых кампазіцый і ўзнагародай пераможцаў. За гады свайго існавання ён ператварыўся ў маштабны праект, які спрыяе творчаму, адукацыйнаму і прафесійнаму развіццю ўсіх яго ўдзельнікаў. У яго межах разгортваюцца іншыя праекты, такія як Міжнародная канферэнцыя мастакоў-педагогаў “Сучасная мастацкая адукацыя дзяцей і моладзі”, Міжнародны культурна-асветніцкі праект “Перазоў стагоддзяў”. З іх дапамогай арганізатары спрабуюць прааналізаваць той багаты матэрыял, што назбіраўся ў фондах конкурсу, а таксама аб’яднаць асобных педагогаў і цэлыя навучальныя ўстановы для супольнай дзейнасці і абмену досведам.