Выставки

Месцазнаходжанне

30 июля 2013 - 28 августа 2013

Галерея искусства «Гал-творчество»

Минск, пр-т Независимости, 47

Даведкi: тут.

Квiткi: 6 000 руб.

Месцазнаходжанне

30 ліпеня 2013 года а 17-ай гадзіне ў вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) у рамках праекта «Беларускі авангард 1980--1990-х гадоў» адбудзецца адкрыццё персанальнай выстаўкі Уладзіміра Акулава «Месцазнаходжанне».

«… глядзець на ўсё — прыемна, быць чым-небудзь — жудасна».
Артур Шапэнгауэр, «Афарызмы побытавай мудрасці» (каля 1850)

Беларускі авангард 1980–1990-х перастаў быць невядомай тэмай. Сёння пра гэты перыяд сучаснага мастацтва шмат згадваюць і пішуць, што не замінае заставацца яму такім жа міфам, якім ён быў дзесяць год таму. Яшчэ больш узмацняюць гэтае ўяўленне ўспаміны сведкаў і непасрэдных ўдзельнікаў падзей 25-30-гадовай даўніны. Не стане выключэннем і знаёмства гледачоў з выстаўкай «Месцазнаходжанне» Уладзіміра Акулава. Гэта знаёмства не толькі з творчасцю мастака, але і спроба зразумець і прыняць яго самога.

У межах персанальнай выстаўкі прадстаўлены творы графікі і жывапісу Уладзіміра Акулава апошніх гадоў з асабістай калекцыі аўтара, а таксама з прыватнага збору калецыянера і мастака Андрэя Плясанава.

«Драматызм пошуку ўласнага месца, прыстанку, суседнічае з абсалютным, дакладна схопленым паняційным грунтам, ідэалагічнай базай/падмуркам мастакоўскага самавызначэння. Акулаў ніколі не ставіў сябе па-за соцыумам, не замыкаўся ў сабе, сваіх перажываннях, але ніколі і не атаясамляў сябе з ім. Ён жыве і піша свае графічныя і жывапісныя творы зыходзячы з таго, што займацца іншым ён не можа. Атрыманыя ў Віцебскім педагагічным інстытуце на мастацка-графічным аддзяленні інструментарый, уменне і рамяство, з'явіліся праваднікамі яго пошуку ўласнага Я. А інтэрпрэтацыя вучэння нямецкага філосафа ХІХ стагоддзя (Артур Шапэнгауэр) акрэсліла для яго рамкі абазначэння мастака як чалавека, які ўвесь час незадаволены сабой і, чым больш ён працуе, тым мацней нарастае гэтае пачуццё незадаволенасці. Таму жывапіс для Акулава – гэта не асалода, а хутчэй праца, «ёсць праца – ёсць сэнс жыцця». Але менавіта такое пачуццё робіцца рухальнай сілай да творчага прадзвіжэння аўтара і, у нейкім сэнсе, з’яўляецца набліжэннем да адказу на адначасова важнае і цяжкае/жудаснае для яго пытанне – хто ёсць Я».

Вольга Рыбчынская,
загадчык аддзела выставак МСВМ,
куратар выстаўкі



Уладзімір Акулаў
Нарадзіўся ў горадзе Баранавічы Брэсцкай вобласці 23.04.1954 г.

Займаўся ў Слуцку ў студыі выяўленчага мастацтва Гарадскога дома піянераў і школьнікаў (выкладчык Садзін У.С).

У 1980 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Вучыўся ў А. Арлова.

Працаваў выкладчыкам выяўленчага мастацтва, дырэктарам Дома культуры на сяле, вулічным мастаком, мастаком-афарміцелем у розных арганізацыях: у Сібіры, г. Сургуце (Расія), у г. Слуцку і Слуцкім раёне, г. Мядзелі і інш.

З 1989 па 2011 гады Уладзімір Акулаў жыў і працаваў у г. Мінску.
З 1985 вядзе выставачную дзейнасць.
З 1988 года Уладзімір Акулаў прымаў удзел у рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выстаўках. Персанальныя выстаўкі прайшлі ў зале Мастацкага цэнтра ЖЫЛБЕЛ ў Мінску; групавыя выстаўкі сучаснага беларускага авангарднага мастацтва ў гарадах Беларусі, у Маскве, Санкт - Пецярбургу, Таліне, Берліне, Варшаве, Антвэрпэне. Работы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях Слуцка, Мінска, Расіі, Польшчы, Германіі, ЗША і інш.
Сёння мастак жыве і працуе ў г. Слуцку.