Приезжайте в Раубичи послушать «Купальскія казкі» (0+)
4 июля 2021
Гурт архаічных беларускіх спеваў ASTROŪNA запрашае на незвычайную сяброўскую імпрэзу «Купальскія казкі». 4 ліпеня сумесна з Музеем беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах мы рыхтуем для вас усялякія цікавосткі.
Што будзе адбывацца? У велічнай акустычнай прасторы былой Крыжагорскай бажніцы спяем нашыя любімыя старажытныя песні пра цуды, што звычайна адбываюцца на Купалле - як сонца грае, як адмыкаюць зямлю пятроўскімі ключамі, як дзевачкі варожаць на вянках, як Купалка з песнямі ходзіць па вуліцах… Прагучаць беларускія інструменты – гуслі і дудкі, ліра і дуда, цымбалы, варган, скрыпка.
Пад гукі гусляў і дудак Астроўна апавядзе чароўныя казкі пра купальскія зёлкі і кветкі. А слухаць казкі можна будзе на духмяных “сенніках” – ільняных матрасах ды падушках, набітых свежым сенам, на якіх можна сядзець, ляжаць, слухаць і проста адпачываць.
Клапатлівыя супрацоўнікі Музея назбіралі зёлак, каб заварыць сапраўдную купальскую гарбату. Можна ўзяць з сабой кубачкі, каб пачаставацца. Напрыкацы імпрэзы будзем звіваць вянкі і вадзіць карагоды на пляцоўцы перад Музеем, адкуль добра бачныя крыжагорскія краявіды. Запрашаем і вас разам з намі ў купальскую вандроўку па прасторы і часе.
Канцэрт адбудзецца 4 ліпеня ў Музеі беларускага народнага ў Раўбічах. Запрашаем сяброў з транспартам падвезці тых, хто жадае наведаць імпрэзу.