Фесты

Купальскае падарожжа

9 июля 2016

Вязынка

в. Вязынка,

Справки: тут.

Вход: 35 руб., скидка 5 руб. – пенсионерам, детям до 12 лет, постоянным клиентам Интеркомтур и участникам "Спеўнага сходу".

Купальскае падарожжа

9 ліпеня адбудзецца аўтарская вандроўка разам са “Спеўным сходам”. У першай палове дня мы даследуем былую “рыжскую” мяжу, якая ў 1921-1939 гг. падзяляла савецкую і польскую частку Беларусі. Разабрацца з гістарычнымі суплётамі нам дапаможа Ігар Мельнікаў, выбітны гісторык, кандыдат гістарычных навук, аўтар кніг «Заходнебеларуская Атлантыда» і «Мяжа каля Заслаўя». 

У другой палове дня патрапім на сапраўднае купальскае свята ў Вязынку. Для вас выступяць гурты Guda, Варган, Маркаўчанка, вы зможаце прыняць удзел у майстар-класах, гульнях, танцах. На свяце пройдзе «Кветкавы этна-фестываль» з элементамі абрада спускання вянка на ваду. Вянок будзе надзвычай вялікі – 4,5 метры ў дыяметры. 

Аматары спяваць атрымаюць двайны бонус. Мы будзем развучваць і спяваць купальскія песні і на “Спеўным полі”, і на “Спеўным сходзе”. Майстар-клас па спевах правядзе Вікторыя Міхно (гурт GUDA).

Цяпер коратка пра вандроўку першай паловы дня. Пачнем з Хмелеўкі – Ігар Мельнікаў сустрэне нас там. Затым паедзем у Заслаўе. У мястэчку мы ўбачым казармы і камендатуру 15-га памежнага атрада НКУС БССР, а таксама культавыя аб’екты: Марыінскі касцёл (XVII ст.) і былы Кальвінскі збор ( XVI ст.). Збор з XIX ст. канчаткова перайшоў да праваслаўных вернікаў, цяпер гэта – Спаса-Прэабражэнская царква. Сённяшняя царква з усіх бакоў акружана гарадскім валам 1000-гадовага ўзроста. На гэты аб’ект нашай слаўнай гісторыі можна не толькі паглядзець, але і дакрануцца да яго ў прамым сэнсе.

Далей праедзем праз адзін з ДАКаў Мінскага ўмацаванага раёна і накіруемся ў Новае Поле, дзе знаходзіцца палац князёў Друцкіх-Любецкіх. У свой час сядзіба выкарыстоўвалася і пад савецкую памежзаставу – падрабязнасці мы даведаемся ад экскурсавода. 

Пасля перасячэм даваенную дзяржаўную мяжу паміж БССР і Другой Рэччу Паспалітай і заедзем у Ракаў – знакамітае мястэчка кантрабандыстаў, якое апісаў у сваёй кнізе «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» Сяргей Пясецкі. Ураджэнцы Ракава – людзі з талентамі ў розных сферах. Тут нарадзілася і Іда Разенталь – амерыканская мадэльерка і вынаходніца станіка, і Марыян Здзяхоўскі, рэктар Віленскага ўніверсітэта. У Ракаве мы наведаем касцёл Маці Божай Ружанцовай, невялікую капліцу св. Ганны і Спаса-Праабражэнскую царкву. 

Пасля такой насычанай мілітарна-духоўнай экскурсіі мы адправімся ў Вязынку. На радзіме вялікага беларускага паэта Янкі Купалы прымем удзел у маштабным свяце, будзем развучваць і спяваць купальскія песні!