28–30 красавіка адбудуцца новыя паказы «Беларускіх уікэндаў». Гэтым разам на беларускай мове загавораць героі постапакаліптычнага баевіка «Кніга Ілая».
Сусвет, перажыўшы атамную вайну, выглядае як вялікая спаленая сонцам пустыня. Людзі да смерці б'юцца за рэчы, якія раней лічыліся смеццем. Вада – найвялікшая каштоўнасць. Большасць людзей не ўмее чытаць, цывілізацыя вярнулася да амаль прымітыўнага стану.
Галоўны герой – Ілай – памятае час да вайны, калі ўсё было інакш. Ён нясе кнігу, што мае сілу выправіць усё гэта. Але гэтую сілу прагнуць здабыць і іншыя, і яны не спыняцца ні перад чым, каб завалодаць ёю…
Галоўныя ролі ў фільме выканалі Дэнзэл Вашынгтон, Гары Олдмен і Міла Куніс.
Дзякуючы зорнаму акцёрскаму складу, вялікаму бюджэту ($80 млн) і ўнікальнай атмасферы, створанай у фільме, стужка справядліва лічыцца адным з найярчэйшых прадстаўнікоў жанру постапакаліпсіс у кінематаграфіі.
Праект «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» і velcom ладзіць паказы гэтага фільма ў беларускай агучцы. На беларускую мову фільм агучылі: Павал Харланчук, Святлана Цімохіна, Зміцер Саладуха, Ганна Хітрык, Алесь Малчанаў, Уладзімер Глотаў.
Паказы адбудуцца 28-30 красавіка ў кінатэатры «Масква» (пр. Пераможцаў, 13). Пачатак сеансаў – 19:00.
Фото: KudaGo.com