12 снежня ў клубе „Бругге” адны з самых яскравых прадстаўнікоў айчыннага арт- і фольк-року – „Kaciaryna Vadanosava & Fantasy Orchestra” – зладзяць канцэрт-прэзентацыю свайго новага альбома „Стрэчанне”.
Таксама, акрамя песень з новага альбома ды твораў з папярэдняй кружэлкі, можна будзе пачуць і творы-прэм’еры.
Стрэчанне (ці Грамніцы) – падзея, якая ў беларускай традыцыйнай культуры ўспрымаецца не толькі як рэлігійнае свята, але і як першая сустрэча зімы з вясной. Напрыклад, людзі вераць, што менавіта ў гэты час можна пачуць першы гром, які выступае прадвеснікам абуджэння зямлі.
Канцэпцыя альбома якраз і адлюстроўвае гэты пераход ад холаду да цяпла, ад язычніцкай жорсткасці да светлай узнёсласці, ад казак да рэальнасці, ад мінулага да сучаснасці.
Kaciaryna Vadanosava & Fantasy Orchestra – унікальны для Беларусі калектыў з адметным інструментальным складам, які ў сваёй творчасці абапіраецца як на „залаты век” рок-н-рола, арт- ды прагрэсіў-рок, так і на здабыткі народнай музычнай культуры ды еўрапейскай музыкі эпохі Сярэднявечча, Рэнесанса ды Барока. На гэтым субстраце вырастае музыка, якую некаторыя акрэсліваюць як "менестрэль-рок", альбо "фэнтэзі-рок".
“Стрэчанне” – гэта глыбокія якасныя тэксты, прыгожая музыка, прафесійныя аранжыроўкі. Гэта вынік карпатлівай двухгадовай працы. Гэта музыка, пад якую можна і танчыць, і думаць. Гэтая музыка кранае любога, хто чуе яе.