Выставки

Genius loci. Genius lost: новый проект белорусских фотографов (12+)

2 июля 2021 - 1 августа 2021

СПРАВКИ: здесь

ВХОД: полный – 6 руб., льготный – 3 руб.

 

Genius loci. Genius lost: новый проект белорусских фотографов (12+)

 

З 2 ліпеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь пачне работу мастацкі праект «Genius loci. Genius lost / Геній месца. Геній згубленасці».

Куратарка: Дзіна Даніловіч.

Удзельнікі: Яўген Атцецкі, Аксана Веніямінава, Жанна Гладко, Дзіна Даніловіч, Андрэй Дубінін, Вольга Кірылава, Сяргей Лескець, Сяржук Мядзведзеў, Ігар Саўчанка, Вольга Хахлова, Аляксей Яршэвіч.

Зыходнай кропкай гэтага праекту стаў плэнер у арт-вёсцы Каптаруны, натхняльным і містычным месцы на мяжы Беларусі і Літвы. Шукаючы ці выдумляючы свае «месцы сілы» ў «беларускай Шамбале», як яшчэ называюць той край, фатографы намагаліся згубіцца ў незнаёмым ландшафце, і адкрыць яго і сабе наноў.

Але «геній месца» аказаўся каварным. Ландшафт пачаў зацягваць, адкрывацца, і адштурхоўваць. Ён прымушаў ўзірацца ў далягляд і шукаць новыя кропкі ўваходу. Ён не адпускаў. Каптаруны як месца збянтэжанасці, згубленасці сябе і спасціжэння пачалі «разрастацца» і ўзнікаць у новых мясцінах, краявідах, гарадах - не толькі беларускіх. Каптаруны пераўтварыліся ў персанальны выклік, на які мусіш адказаць у пэўны момант часу. Адлюстраваць сябе на сятчатцы вока свету.

А ўсе пачыналася крыху інакш.

Кожнае новае месца дае нам магчымасць перастварыць сябе. Ці гэта новыя гарады, альбо прыродныя ландшафты, якіх мы раней не бачылі, але знаходжанне ў новым атачэнні дазваляе нам хоць на пэўны момант стаць ананімнымі. Забыць свае імя як адну са звыклых ідэнтычнасцяў, і зрабіць гэта з асалодай.

Мы «раствараемся» ў месцы, знікаем у ім, каб потым – наладжваючы з ім жа кантакт, шукаючы яго дух (genius loci), – даць сабе новае імя, якое, як ні дзіўна, можа мець тыя ж літары. Мы мусім згубіцца ў гэтым новым месцы, каб знайсці сябе ў новай якасці.

Ці прасцей гэта зрабіць фатографу чым, скажам, звычайнаму вандроўніку? І так, і не. Фатограф тут знаходзіцца паміж двума модусамі.

З аднаго боку, ён прагне новых светаў, каб схапіць іх у «сілкі свайго свавольнага зроку». Ды далей, патрабуючы больш ад свайго вока, яму часта складана канчаткова «адпусціць» сябе. З іншага, будучы і больш уразлівым да бачнага, фатограф парадаксальным чынам здольны выбудаваць «сюррэальную дыстанцыю» паміж сабой і светам, дазволіўшы апошняму набыць новыя абліччы. Іншымі словамі, месца таксама прагне быць убачаным, каб пацвердзіць свой геній. Яно мае патрэбу ў тым, каб яго знайшоў мастак.

Так чый жа позірк мацнейшы пры гэтай сустрэчы - фатографа ці месца? Яны залежаць адзін ад аднаго. Фатографу патрэбны момант згубленасці (назавем яго genius lost), каб выбудаваць наноў свае стасункі са светам. А свету (месцу) важна быць адкрытым, каб выявіць свой дух.

Genius lost. Genius loci. І наадварот.

У межах суправаджальнай праграмы праекта 21, 22, 28 і 29 ліпеня ў 18:30 адбудуцца экскурсіі з куратаркай і аўтарамі праекта, на якіх яны распавядуць пра ідэю стварэння праекта, працу над экспазіцыйным рашэннем выставы і сваімі творамі.