1 ліпеня 2017 года на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам адбудзецца дабрачынны праект «Этнапікнік з Беларусбанкам».
Арганізатары падрыхтавалі дынамічную праграму ў лепшых беларускіх традыцыях, якая пачне працаваць з 11:30. Хэдлайнерамі музычнай часткі мерапрыемства стануць віртуоз гульні на балалайцы Аляксандр Варанішча і неафольк-рок гурт «Rokash».
Аматараў актыўных забаў чакае катанне на конях і поні, народныя танцы і палёты на мотапараплане, верталёце, паветраным шары, з якіх можна будзе аглядзець маляўнічае навакольнае асяроддзе Беларускага скансэна з вышыні птушынага палёту.
Пазнаёміцца з міфалогіяй Беларусі можна, прыняўшы ўдзел у квэсце «Таямнічая гісторыя». Тых, хто жадае паспрабаваць сябе ў рамёствах, чакаюць майстар-класы па вырабе лялек-мотанак, а таксама стварэнні традыцыйнага беларускага строю ўласнымі рукамі.
Займальныя зборныя экскурсіі дапамогуць усім жадаючым хаця б на 30 хвілін адчуць сябе часткай старажытных традыцый, даведацца якія былі ў беларусаў грошы і куды яны іх хавалі.
Усіх юных прыхільнікаў беларускай культуры і відэамастацтва чакае мультыплікацыйная праграма «Беларускія казкі» ў школе пачатку XX ст. з в. Калодчына.
Фудкорт зону ў традыцыях беларускай кухні забяспечыць «Беларуская карчма», якая працуе на тэрыторыі музея.
Сюрпрызы і розыгрыш падарункаў ад ААТ «ААБ Беларусбанк», спецыяльная зона для пікніка стануць прыемнымі дапаўненнямі для ўсіх тых, хто прыйдзе на свята.
Акрамя таго, наведвальнікі фэста змогуць зрабіць дабрачынныя ахвяраванні, пералічыўшы з дапамогай сайта SMSbilet.by суму ад 1 бел. руб. у падтрымку ўнікальнага музейнага комплекса пад адкрытым небам у в. Азярцо.
Грошы, сабраныя падчас мерапрыемства, пойдуць адразу на рахунак музея, што дапаможа захоўваць унікальную калекцыю беларускай традыцыйнай драўлянай архітэктуры XVIII – XX стст.
«Этнапікнік 2017» пройдзе з 11:30 да 16:00.
Даехаць да пляцоўкі (п/а Азярцо, 3 км ад аўтарынка «Малінаўка») можна на асабістым аўтамабільным ці веласіпедным транспарце. А таксама на прыгарадным транспарце ад ст.метро «Пятроўшчына» і «Малінаўка».