Выставки

D.A.R

5 - 20 сентября 2013

Галерея «Ў»

Минск, ул. Октябрьская, 19

Даведкi: тут.

Уваход: вольны. 

D.A.R

Аляксей Хацкевіч (Хацон) прадстаўляе персанальны праект D.A.R. Менавіта так ён называе свой кірунак у жывапісе: дэкаратыўна-абстрактны рэалізм. Супрацьлеглыя адзін аднаму паняцці "абстракцыя" і "рэалізм" спалучаюцца разам? Абсурд... Але менавіта ў гэтай парадаксальнасці тэрміна хаваецца спосаб мыслення аўтара. Дэкаратыўнасць, абстрактнасць, рэалістычнасць — усяго толькі метад, фармальны прыём жывапісу. Умелае спалучэнне розных элементаў нараджае індывідуальны аўтарскі почырк Хацкевіча.

Аляксей Хацкевіч выдатна валодае майстэрствам жывапісца-рэаліста. Старанна прапрацоўвае дэталі і стварае аб'ём і перспектыву. Цяжка сказаць, чым больш адораны мастак: як каларыст, як кампазітар, як фармаліст, але абсалютна дакладна тое, што галоўным элементам творчасці Хацкевіча з'яўляецца іронія. Гульня з сэнсамі, усё не такое, якім здаецца на першы погляд. Гэтая "насмешка" з вобразу дапамагае мастаку ствараць дзіўныя сусветы, дзе спалучаецца неспалучальнае. Гламурныя або ідылічныя персанажы ў смешных трактоўках або камічных сітуацыях — любімыя прыёмы аўтара. Часам персанажы афармляюцца з дэкаратыўнай выразнасцю, арнаментальна ў народным стылі, што яскрава адлюстроўвае тэму радасці жыцця. Яго карціны не толькі пейзажы або нацюрморты ці партрэты, гэта заўсёды спалучэнне некалькіх сэнсаў у адным творы адначасова.

Найбольш цікавы прыклад арт-мікса — серыя работ Аляксея Хацкевіча, выкананая сумесна з дачкой, калі дзіцячы малюнак становіцца асновай жывапіснага пераўтварэння. У выніку непасрэдны і яркі вобраз нясе ў сабе магутны зарад жывапіснай светабудовы.

Універсальнасць Хацкевіча заключаецца не толькі ў спалучэнні розных прыёмаў у карціне, але і ў інтарэсах, рэалізацыях самой асобы мастака. Аляксей Хацкевіч многія гады прымаў удзел у праекце "Саша і Сірожа" сумесна з Сяргеем Міхалком, дзе выконваў ролю "Сашы", і як мастак з канца 1980- х гадоў ствараў аднайменны комікс пра легендарных персанажаў. У гэтым сэнсе праявілася здольнасць мастака і да славеснай імправізацыі, пераўвасаблення, бліскучы гумар, якія праявіліся не толькі ў з'яўленні тэлеперадачы "Калыханка ад Сашы і Сірожы", але і ў стварэнні некалькіх музычных альбомаў ад Сашы і Сірожы.

Эксперыменты Хацкевіча з вобразнасцю, характарам персанажаў, алегорыяй, шмат у чым нагадваюць сюррэалістычныя прыёмы, але відавочна, што гэта толькі пачатак бясконцых ідэй, шарад, якія мастак прапануе гледачу.

Аляксей Хацкевіч нарадзіўся ў 1972 г. у Мінску (Беларусь). У 1997 г. скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў, аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. 1997-1999 гг. — вучыўся ў школе мастацтваў Массана (Барселона, Іспанія). З 2008 г. сябра Беларускага cаюза мастакоў .

Адкрыццё выставы адбудзецца 5 верасня а 19-й