У студзені выйшаў у свет зборнік цытатаў беларускіх мысляроў “Цытуй сваё!”. Ён нарадзіўся дзякуючы высілкам вялікага кола неабыякавых людзей.
За месяц праз платформу Талакошт больш як 80 чалавек ахвяравалі свае грошы на выданне зборніка цытатаў беларускіх мысляроў. Грамадская ініцыятыва “Цытуй сваё!” удзячная ўсім, хто падтрымаў ідэю выдання. Асаблівую ўдзячнасць выказваем “Беларусскаму журналу”, які стаўся партнёрам выдання.
Цытатнік стаў вынікам грамадскай кампаніі “Цытуй сваё!”, якая стартавала ў траўні 2015 года. За гэты час мы сабралі больш за 250 цытат розных беларускіх мысляроў, літаратараў, навукоўцаў і гістарычных дзеячаў, якія дасылалі самыя розныя людзі. Разам з выбітнымі беларускімі мастакамі мы стварылі галерэю дызайнерскіх саколак з цытатамі. Макеты саколак ужо ёсць у свабодным доступе на спецыяльнай старонцы. Пампуйце макеты, замаўляйце ў цэнтрах друку саколкі прывабнай для вас мадэлі і насіце абраныя прынты сабе і ўсім на радасць!
Падчас прэзентацыі будуць прадстаўленыя цытатнік і саколкі, а таксама раскрыюцца таямніцы і падрабязнасці працэсу іх стварэння і далейшыя планы на Год беларускага мыслення. У праграме “падзякі і падарункі” для ўсіх, хто дапамагаў нам у зборы выбітных думак і выданні цытатніка, цікавыя госці і выступоўцы.
Запрашаем на прэзентацыю “Чытай! Насі! Цытуй! Год беларускага мыслення” 9 лютага ў новае памяшканне Studio67 (пр-т Машэрава 9, корпус 8, другі паверх, уваход праз прахадную завода “Гарызонт”). Пачатак у 18.00. Уваход вольны.
Кампанія “Цытуй сваё!” была распачатая ў траўні 2015 года шэрагам інстытуцый грамадзянскай супольнасці ды адукацыйных устаноў (Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі саюз дызайнераў, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!“, Беларускі калегіюм, курсы “Мова Нанова“).
Мэта кампаніі – актуалізацыя найлепшых узораў беларускай думкі, запрашэнне да ўважлівага чытання і асэнсавання прамоўленага і заспяванага ў нашай нацыянальнай культурнай прасторы.
Кампанія “Цытуй сваё!” пашыраецца, а значыць, беларуская мудрасць, гумар і дзёрзкасць будуць бліжэйшымі да свайго народа!