Чый горад?
15 декабря 2014
Справки: тут, +375 29 513 27 81 (Настасся).
Вход: бесплатный.
На вуліцы снежань, і глядзець кіно ў пераходах – халодная справа, таму мы вырашылі ў гэты час перабрацца ў цёпленькае месца і паразмаўляць пра вулічную энергію, творчую актыўнасць і пашукаць адказ на пытанне “Чый горад?”
Кіно ў пераходзе прапануе вам наведаць публічныя лекцыі, якія адбудуцца ў атмасфэрным месцы “Чайная комната” па адрасе пр-т Незалежнасці 44 (уваход з двара):
15 снежня публічная лекцыя “Вулічныя арт-інтэрвенцыі: маем права?”
Памятаеце выпадак, калі вулічных мастакоў аштрафавалі за малюнак В. Быкава ў Менску? На лекцыі мы паразмаўляем аб тым ці мелі права камунальшчыкі замалёўваць партрэт, суд выносіць такое рашэнне, і, адпаведна, мастакі апаганьваць сцены.
Ролю спікера будзе выконваць SIGNAL – гэта некамерцыйны праект, які быў створаны ў 2011 годзе з мэтай прамоцыі стрыт-арта і паблік-арта як сродкаў вольнага самавыражэння і ўдзелу грамадзян у жыцці горада. Вы маеце магчымасць пачуць меркаванне і паспрачацца з чалавекам, які сам бярэ ў рукі балончык і размалёўвае горад. Пачатак а 18:00.
17 снежня публічая лекцыя “StreetArt: пратэст ці грошы?”
Ці вы згодны называць StreetArt’ам тое, што малюецца за грошы? Якім чынам маляванне за грошы суадносіцца з маляваннем пад пагрозай штрафаў і арыштаў? Што сталася з пратэстным характарам вулічнага мастацтва? Адказы на гэтыя пытанні мы будзем шукаць разам унутры і па-за межамі Беларусі.
Пра камерцыйны стрыт-арт, афіцыяльнае стаўленне да яго, успрыняццё грамадствам – можна пачуць на нашым мерапрыемстве. Пачатак а 18:00.
18 снежня публічная лекцыя "Вулічны тэатр: назад у будучыню"
Тэатр пачынаўся з вулічнай пляцоўкі, пасля яго заштурхалі ў памяшканне, пабудавалі сцэну і паставілі крэслы для глядачоў. Але творчая энергія не можа мець такіх межаў, і тэатр, як і любое мастацтва, вяртаецца да сваіх крыніц, пераасэнсоўваючы іх ды напаўняючы новым досведам.
Творчая суполка “Тэатр 42” распавядзе пра вулічны тэатр у кантэксце пазітыўнай творчай актыўнасці, адсутнасці рамачных межаў, свабоды.
Таму прапануем вам разам паглыбіцца ў “першабытную” форму тэатра, якая неверагодна актуальна сёння. Пачатак а 18:30.
Фота: www.tedxvienna.at