Временная экспозиция про белорусскую сатиру (0+)
5 марта 2021 - 3 мая 2021
5 сакавіка а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна- дакументальнай экспазіцыі “Беларуская сатыра”, прымеркаванай да 125-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы і 80-годдзя часопіса “Вожык”.
Сярод шматлікіх відаў мастацтва сатырычная літаратура займае асобае месца. Дасціпны жарт, меткі верш, выкрывальны фельетон, востры подпіс пад малюнкам заўсёды выклікаюць у чытача вялікую цікавасць, да іх ён ніколі не застаецца абыякавым. Сатырычнае слова, прызначанае выкрываць і біць, заўсёды дасягае сваёй мэты.
Творчасць Кандрата Крапівы, з імем якога звязана фарміраванне сатырычнай плыні ў нацыянальнай літаратуры, непасрэдна і непарыўна звязана з часопісам “Вожык”. Ад пачатку існавання, з ліпеня 1941 г., ён – галоўны рэдактар агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, а са снежня 1945 года – часопіса сатыры і гумару “Вожык”.
Сёння сатырычны часопіс “Вожык” уваходзіць у склад Выдавецкага дома “Звязда”, штомесячна выдаецца ў Мінску і сёлета святкуе сваё 80-годдзе. Ён застаецца старэйшым і адзіным у краіне дзяржаўным выданнем у галіне сатыры і гумару. Усё лепшае, што створана беларускімі пісьменнікамі і мастакамі- карыкатурыстамі ў сатыры і гумары, прайшло праз «Вожык».
У часопісе друкаваліся, без перабольшання, усе беларускія класікі. Экспазіцыя прадставіць партрэты, фатаграфіі і асабістыя рэчы Кандрата Крапівы, эпісталярыі, кнігі з аўтографамі, рукапісы і інш. А таксама розныя нумары часопіса сатыры і гумару “Вожык”. Дзякуючы вожыкаўскім карыкатурам можна знайсці адказы на многія пытанні, а таксама атрымаць вясёлы настрой і пазітыўны зарад.
У адкрыцці экспазіцыі прымуць удзел сваякі Кандрата Крапівы і супрацоўнікі рэдакцыі часопіса “Вожык” на чале з галоўным рэдактарам Юліяй Зарэцкай, а таксама вядомыя мастакі і беларускія пісьменнікі. Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Беларуская сатыра” прапануецца шырокай аўдыторыі наведвальнікаў. Выстава будзе дзейнічаць да 3 мая 2021 года.