Ужо ў другі раз Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашаюць адзначыць традыцыйнае свята Багач, якое сёлета адбудзецца ў Вязынцы 20 верасня. Пачатак – а 12 гадзіне.
У народным календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджая (“к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата”) і першаму запальванню хатняга агменю – васковай свечкі ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года, што прыносіць у дом багацце і шчасце. Абрад скіраваны на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы, сямейнага ладу.
Асноўнай дзеяй свята з'яўляецца ссыпанне агульнага Багача. Таму гэтым годам мы зноў просім усіх гасцей захапіць з сабой па жменьцы зерня.
На свяце можна будзе пачуць дажынкавыя песні ад гуртоў "Паўночная Сухадроўка", "Рутвіца", "Мярэжа", "Горынь", "Варган" і "Guda", пагуляць разам з дзецьмі на дзіцячай пляцоўцы, набыць на кірмашы што-небудзь цікавае/смачнае/прыгожае, паслухаць інструментальную музыку (запрошаныя музыкі – Яўген Барышнікаў, Дар'я Зуева, Вінцэнт Янчы, Віктар Шыпкоў, Вераніка Анцілеўская) і патанцаваць разам з танцавальным клубам "Сіта", а таксама пакаштаваць стравы народнай кухні. Акрамя гэтага, плануем арганізаваць да свята шэраг іншых цікавостак.
Як даехаць: электрычка з Менску едзе ў 10.46, прыбывае ў Вязынку ў 11:37. Назад з Вязынкі можна ехаць у 16:40, 17:54.
Удзел у свяце вольны, але для ўваходу на тэрыторыю музея трэба будзе набыць квіток. Кошт квітка: для дарослых 10 000 руб., для студэнтаў 7 000, для школьнікаў 5 000.
Сачыце за навінамі!
Фота: wikimedia.org