Авангард, мадэрнісцкая неакласіка, уяўленне
7 - 28 октября 2014
Справки: тут.
Вход: бесплатный.
Пачатак ХХ стагоддзя – найцікавейшы перыяд для даследчыкаў пераломных эпох. Змены ў сацыяльным жыцці, супярэчнасці ў палітычнай, эканамічнай, культурнай сферах сталі падставай для перагляду каштоўнасных арыенціраў у еўрапейскім грамадстве. Дынамічнасць новага часу задала і новы пульс культурнага жыцця, пра што сведчыць развіццё філасофіі, мастацтва, навукі, рэлігіі. Кожная з гэтых сфер можа стаць прызмай для аналізу тых трансфармацый, якія адбываліся ў грамадстве ў гэты час.
Прыклад мастацтва авангарду дазваляе нам убачыць культурна-цывілізацыйныя працэсы ў іх найбольш вострым, глыбокім адлюстраванні. У сваіх памкненнях знайсці стыль новага часу мастакі зыходзілі з пераканання, што зменлівы сусвет не можа быць увасоблены ў статычнай прасторы. Прадметам мастацкага аналізу становяцца дасягненні тэхнікі, фізічныя і касмічныя феномены, пераўтварэнні ў грамадстве.
Цэнтр Сучасных Мастацтваў і Лятучы ўніверсітэт запрашаюць у кастрычніку на пяць лекцый з цыкла “Авангард, мадэрнісцкая неакласіка, уяўленне”:
Лекцыя Ігара Духана “Генезіс авангарду і апакаліптыка мяжы ХХ і XXI стагоддзяў”, 7 кастрычніка, 19.00.
Лекцыя прысвечана ўздзеянню ідэй авангарднай апакаліптыкі
(К. Малевіч і інш.) на тэорыю і мастацтва авангарду. Лекцыя таксама больш падрабязна прадставіць слухачам Крысціну Лоддер як спецыяліста па авангарду – тым самым падрыхтуе да больш ўдумлівага
і асэнсаванага ўспрымання яе лекцыі.
Лекцыя Крысціны Лоддэр (Велікабрытанія) “Казімір Малевіч і архітэктура Супрэматызму”, 10 кастрычніка, 19.00.
Лекцыя прысвечана руху Малевіча ад жывапісу да архітэктуры з дэталёвым абмеркаваннем асобных фактараў, якія абумовілі намер Малевіча развіваць Супрэматычную архітэктуру, а менавіта – новая роля авіяцыі, ўтапічныя імпульсы Рэвалюцыі, філасофія Мікалая Фёдарава, узаемадзеянне касмічных падарожжаў і сацыялізму
ў навуковай фантастыцы Аляксандра Багданава, ідэі Канстанціна Цыялкоўскага і інш.
Лекцыя Ігара Духана “Эль Лісіцкі – “канцэптуальны персанаж” авангарду”, 17 кастрычніка, 19.00.
Лекцыя будуецца на суаднясенні тэарэтычных маніфестаў Эль Лісіцкага («Проун», «Мастацтва і пангеаметрыя») з яго творчай практыкай 1920-х і 1930-х гадоў. Абмяркоўваюцца ПРОУНы, графіка, экспадызайн.
Лекцыя Ігара Духана “Неакласіцызм ХХ стагоддзя – праграмаванне стылю”, 24 кастрычніка, 19.00.
Разглядаюцца ідэі неакласіцызму ў архітэктурна-мастацкай практыцы (І. Жаўтоўскі, Р.Бафіл, М. Філіпаў і інш.) як адлюстраванне стратэгій новага мадэрнізму.
Лекцыя Ігара Духана “Gesamtkunstwerk Сталін. Сталінскі неакласіцызм і оптыка Барыса Гройса”, 28 кастрычніка, 19.00
Дыскусія аб суадносінах авангарду і неакласікі. На прыкладзе твораў Барыса Гройса (“Gesamtkunstwerk Сталін” і інш.) прасочваецца станаўленне новага бачання сталінскага ампіру як адлюстравання авангарду.
Усе лекцыі будуць адбывацца па адрасе: Цэнтр Сучасных Мастацтваў, г.Мінск, вул. Някрасава, 3. Тэл. 293-92-36.
Уваход вольны!
Актуальную інфармацыю шукайце на сайце: http://fly-uni.org/
Лектары:
1) Крысціна Лоддэр: брытанскі мастацтвазнаўца, гісторык мастацтва, даследчыца рускага авангарду і канструктывізму. Віцэ-прэзідэнт Таварыства Малевіча. Ганаровы прафесар Эдынбургскага ўніверсітэта
і Дзяржаўнага ўніверсітэта Кента. Аўтар шматлікіх артыкулаў па тэматыцы рускага авангарду і канструктывізму ў Расіі і Заходняй Еўропе.
2) Ігар Духан: кандыдат архітэктуры, доктар філасофскіх навук, загадчык кафедры мастацтваў Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, член Еўрапейскага таварыства культуры, Міжнароднага і Беларускага саюзаў дызайнераў. У якасці запрошанага прафесара чытаў лекцыі ў Баўхаўзе, Брытанскай бібліятэцы, Каралеўскім універсітэце Белфаста, універсітэтах Паўночнай Караліны, Палерма і інш.
Фота: wikiart.org